Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Каваленка — жонка віцебскага актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленкі, асуджанага да калёніі агульнага рэжыму за парушэньне ўмоваў так званай «хатняй хіміі» — сустрэлася ў Віцебскім сьледчым ізалятары з мужам.

Як доўга ўжо працягваецца галадоўка Сяргея? Я пытаюся таму, што на гэты конт існуюць розныя меркаваньні. Спачатку ў сьнежні ён, нібыта, еў раз на тыдзень. Пасьля зусім перастаў, а пасьля нейкі час адмаўляўся і ваду піць. Як гэта выглядае?

Насамрэч Сяргей як абвясьціў галадоўку 19 сьнежня, ён яе практычна і не прыпыняў. Месяц ён піў толькі ваду, не прымаў ніякай ежы, а з 17 студзеня — пад пагрозамі і зьдзекамі мэдыкаў і супрацоўнікаў СІЗА — ён пачаў есьці раз на суткі і еў цягам 20 дзён. Гэта вельмі папсавала яму здароўе. Потым, з 8 лютага ён зноў адмовіўся ад гэтага аднаразовага прыняцьця ежы, працягнуў поўную галадоўку, і перадачы для яго не прымалі. А напярэдадні суду, за тры дні ён абвясьціў сухую галадоўку і трымаў яе пяць дзён.

Зараз галадоўка працягваецца, Сяргей упэўнены ў сабе, ён сказаў, што адчувае, што гэта адзіны шлях, ён упэўнены, што мае рацыю, не пагаджаецца з прысудам і з судом, які ён назваў судзілішчам, і таму будзе да канца адстойваць сваю пазыцыю, пакуль ня выпусьцяць яго з-пад варты. Шпіталізацыю ён прызнае толькі ў гарадзкім шпіталі, бо ў яго няма даверу да дактароў СІЗА, бо яны пагражалі яму выбіць зубі і адправіць у вар’ятню, калі ён не пачне есьці, таму ён ім не давярае. І выходзіць з галадоўкі будзе толькі ва ўмовах гарадзкога стацыянару.

У вас двое дзяцей — сямігадовы сын і сямімесячная дачка. Ці гаварылі вы сёньня пра дзяцей?

Вядома, гаварылі.

Ці спрабавалі вы пераканаць Сяргея спыніць галадоўку, хаця б у імя дзяцей не калечыць сябе?

Я паспрабавала гэта зрабіць, але ён сказаў, што патрэбен дзецям зараз. Патрэбен сыну, якому 7 год, павінен яго выхоўваць, а гэтую магчымасьць улада ў яго адняла. Ён кажа: чаму Лукашэнка можа выхоўваць свайго сына, займацца ім, бавіць зь ім час, а ў яго такое права аднялі, хаця ён нічога супрацьпраўнага не рабіў? Ён сказаў, што ня можа пагадзіцца з такой несправядлівасьцю, і таму сродкам ягонай барацьбы на сёньня зьяўляецца галадоўка.

Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра сёньняшняе спатканьне. Сяргей сказаў, што пойдзе да канца, значыць, вы лічыце, што ён гатовы памерці?

Так, гатовы. Сёньня я гэта канчаткова зразумела. Калі ў мяне яшчэ былі нейкія надзеі, то цяпер Сяргей сказаў, што яшчэ ніколі не адчуваў у сабе такой моцы духу, што будзе ў сваім намеры ісьці да канца.

Ён сказаў, што тое, што ён прыпыніў пад пагрозамі галадоўку, гэта было ганьбай для яго, што ён за гэта просіць прабачэньня ў тых людзей, якія ў яго верылі, і зараз ужо не саступіць са свайго шляху.

Слухаць гутарку цалкам:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG