Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС затрымлівае крэдыт Беларусі?


Чарговы транш крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС ня будзе выдзелены Беларусі ў папярэдне агавораны тэрмін — да 28 лютага. Чаму фонд незадаволены аб’ёмам фінансаваньня дзяржпраграмаў? Якім будзе падвышэньне заробкаў? Чаму расьце курс беларускага рубля?

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Удзельнікі: эканамісты Барыс Жаліба і Леанід Злотнікаў.

Фінансаваньне дзяржпраграмаў


Валер Карбалевіч: «Чарговы транш, які павінен быў прыйсьці ў Беларусь да 28 лютага, складае $ 440 млн. Беларускі бок не выконвае ўмоваў, якія абавязаўся выконваць дзеля атрыманьня крэдытаў. Экспэртаў фонду найбольш непакоіць фінансаваньне дзяржпраграмаў, якое перавышае абумоўлены памер.

Акрамя таго, Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС непакоіць, што Беларускі банк разьвіцьця робіцца новым каналам уліваньня грошай у эканоміку. Плянуецца, што Банк разьвіцьця будзе выпускаць аблігацыі і пад іх прыцягваць фінансаваньне для рэалізацыі дзяржпраграмаў. Якія пагрозы ў такой палітыцы бачыць Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС?»

Барыс Жаліба: «Думаю, што прэтэнзіі фонду слушныя. Адна справа, калі б аблігацыі Банку разьвіцьця купілі камэрцыйныя банкі альбо суб’екты гаспадараньня. І іншая справа, калі гэтыя аблігацыі купляе Нацбанк, які можа друкаваць грошы. І таму ён можа купляць гэтыя аблігацыі за кошт эмісіі. Хоць Нацбанк мае посьпехі ў барацьбе з інфляцыяй. У сьнежні яна была 2%, у студзені — 1,9%».

Леанід Злотнікаў: «Дарэчы, Беларусь не выконвае яшчэ адзін пункт праграмы супрацоўніцтва з Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС. Паводле яе стаўка рэфінансаваньня павінна быць станоўчая, то бок вышэйшая за інфляцыю. А ў нас яна была адмоўная ўвесь мінулы год, адмоўная і цяпер».

Карбалевіч: «Чаму адмоўная цяпер? Інфляцыя цяпер 2%, а стаўка рэфінансаваньня — 43%».

Жаліба: «Стаўка вызначаецца ў пераліку на год. Мінулым годам інфляцыя была 109%».

Карбалевіч: «Дык мы ж уступілі ў новы год. Інфляцыя ў студзені была 2%. У пераліку на год атрымліваецца 24%».

Злотнікаў: «Невядома, ці ўтрымаем мы ўвесь год такі ўзровень інфляцыі. Намесьнік міністра эканомікі Ярашэнка нядаўна сказаў, што намінальныя заробкі насельніцтва павысяцца на 70%, а рэальныя — на 5%. Гэта значыць, ён чакае інфляцыю ў памеры ня менш як 60%».

Карбалевіч: «А віцэ-прэм’ер Румас учора заявіў, што інфляцыя складзе за год 15–16%».

Злотнікаў: «Вось бачыце, якія розныя ацэнкі афіцыйных асобаў. Расея — галоўны спонсар Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС — ведае, што Беларусь усяляк ухіляецца ад выкананьня ўзятых на сябе абавязаньняў. Цяпер расейскія афіцыйныя асобы заяўляюць у мэдыях, што будуць жорстка настойваць на выкананьні ўсіх пунктаў гэтай праграмы. Інакш крэдыту ня будзе».

Якім будзе падвышэньне заробкаў?


Карбалевіч: «Другі пункт, які выклікае насьцярогу экспэртаў фонду, — намеры кіраўніцтва Беларусі вярнуць заробкі на дакрызісны ўзровень. Такія заявы з вуснаў афіцыйных асобаў Беларусі, у прыватнасьці, прэзыдэнта гучаць усё часьцей. Да гэтага падштурхоўваюць і парлямэнцкія выбары, і працоўная міграцыя зь Беларусі, і канфлікты ў працоўных калектывах. У чым тут кіраўніцтва фонду бачыць праблему?»
Інфляцыйны патэнцыял ужо створаны. Праз 3–4 месяцы ён выльецца ў рост цэнаў.

Жаліба: «Думаю, заявы афіцыйных асобаў Беларусі пра павышэньне заробкаў паўплывалі на пазыцыю прадстаўнікоў фонду. Інфляцыйны патэнцыял ужо створаны. Павышаныя мінімальныя заробкі. З 1 студзеня павышаная стаўка першага разраду. Гэта значыць, што бюджэтнікам падвышаныя заробкі ў сярэднім на 20%. А бюджэтнікі ў нас — гэта траціна занятых у эканоміцы.

Зьвярніце ўвагу, Пуцін перад выбарамі павысіў заробкі вайскоўцам утрая. І цяпер іх аклады перавышаюць аклады іхніх беларускіх калегаў у сем разоў. Каб не разьбеглася нашае войска, трэба і яму павышаць аклады. Праз 3–4 месяцы інфляцыйны патэнцыял выльецца ў рост цэнаў».

Злотнікаў: «Пагадненьне з фондам ужо парушана. Бо яно прадугледжвае, што заробкі і пэнсіі ня будуць павышацца. Думаю, 3–4 месяцы яшчэ сытуацыя (і інфляцыя, і курс даляра) пратрымаецца, пакуль ёсьць золатавалютныя рэзэрвы. Але потым інфляцыя пачне хутка раскручвацца і дасягне 70–100%».

Чаму расьце курс беларускага рубля?


Карбалевіч: «Экспэрты фонду папракаюць беларускія ўлады ў спробах адступленьня ад абяцанай жорсткай фінансава-крэдытнай палітыкі. Аднак насуперак такім перасьцярогам абменны курс беларускага рубля расьце. Чаму так?»

Жаліба: «Нацбанк дасягнуў пэўных посьпехаў у справе стабілізацыі абменнага курсу рубля. Гэта адбылося дзякуючы прэфэрэнцыям з боку Расеі па нафце і па газе, росту сусьветных цэнаў на нафту і калій. Экспарт дасягае найбольш высокіх паказчыкаў з 2008 году. На біржы попыт на валюту саступае прапанове. Але ў хуткай пэрспэктыве, лічу, рубель будзе слабець. Ня трэба друкаваць незабясьпечаныя рублі. Ня трэба паўтараць шлях 2011 году».

Злотнікаў: «У параўнаньні зь мінулым годам паступленьне валюты значна павялічылася. У асноўным за кошт экспарту нафтапрадуктаў. Скараціўся попыт на валюту, зьменшыўся розьнічны гандаль.

Цяжка чакаць, што курс беларускага рубля будзе ўстойлівы. Бо сальда замежнага гандлю застаецца адмоўным, хоць трохі і палепшылася. Дарэчы, у статыстыцы ня ўлічваецца тое, што мы зь бюджэту пералічваем грошы Расеі за мыта на нафтапрадукты. І таму статыстыка штучна паляпшае сальда замежнагандлёвага балянсу».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG