Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эмбарга ЭЗ паставіць крыж на беларускім біятлёне»


Пра гэта напярэдадні чэмпіянату сьвету ў нямецкім Рупольдынгу заявіў трэнэр беларускай жаночай зборнай Кляўс Зыбэрт.

Раней ЭЗ наклаў эмбарга на гандаль зброяй з рэжымам Лукашэнкі, бо той брутальна абыходзіцца з апазыцыяй. Нядаўна нямецкае фэдэральнае ведамства эканомікі і экспартнага кантролю пацьвердзіла забарону на ўвоз у Беларусь 300 тысяч патронаў ад вытворцаў з саксонскага Шонэбэргу. Больш за тое, пры ўезьдзе беларускай біятлённай каманды ў Нямеччыну баварскія мытнікі вельмі пільна шукалі недазволеную зброю.

Як лічыць трэнэр, гэты выпадак не павінен адбіцца на цяперашнім выступе беларускіх спартоўцаў, бо пакуль што каманда цалкам забясьпечаная стрэламі. Невядома, аднак, ці будзе вытворца далей пастаўляць біятляністам боепрыпасы.

Рэч у тым, што патроны замаўляюцца канкрэтнай фірме для кожнага канкрэтнага ствала. Бо кожны ствол мае свае асаблівасьці, і калі патроны не «прыстраляныя», то спартовец пацэліць зь меншай дакладнасьцю.

«Мой кантракт канчаецца ў 2014-м, але гэта ў тым выпадку, калі пастаўкі адновяцца, — кажа 56-гадовы Кляўс Зыбэрт, які хоча зьвярнуцца са скаргай у Міжнародную фэдэрацыю біятлёну. — Калі мы не атрымаем патронаў, то на біятлёне ў Беларусі можна паставіць крыж», — паведамляе Deutsche Presse-Agentur.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG