Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вільня: «Цацкі пратэстуюць»


Сёньня ў цэнтры Вільні цацкі распачалі пратэст супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

Віленскія актывісты дапамаглі літоўскім цацкам зладзіць акцыю салідарнасьці з арыштаванымі беларускімі цацкамі, якія пацярпелі ад міліцыі ў часе падобнай акцыі ў Менску, а таксама на прыкладзе сваёй літоўскай «несанкцыянаванай» акцыі прадэманстраваць беларусам, што ўлады дэмакратычных краін не змагаюцца з цацкамі. Цацкі заклікалі праз плякаты, якія яны трымалі, спыніць парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, вызваліць затрыманых па палітычных матываў актывістаў.

На плякатах, якія трымаюць цацкі — заклікі і тлумачэньні мэтаў акцыі: «Мітынг цацак», «Цацкі супраць гвалту ў Беларусі», «Трымайцеся, беларускія сябры, Літва з вамі!», «Свабоду палітвязьням!», «Свабоду Арцыбашаву і Вінаградаву!», «Лукашэнка арыштоўвае цацкі», «Дыктатар баіцца цацак», «Не — дыктатарскай сыстэме», «Салідарныя зь беларускімі цацкамі!».

«Цацкі абвясьцілі, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства, каб паказаць беларусам, што ў нармальных краінах цацкі не арыштоўваюць», — тлумачыць адзін з арганізатараў акцыі Алег Мяцеліца.

Алег Мяцеліца, а таксама Віктар Гарбачоў і Ігар Каваленка — каардынатары Дому аб’яднанай Беларусі ў Літве (http://belarusianoffice. org), якія дапамагалі цацкам зладзіць акцыю на праспэкце Гедыміна ў Вільні, непадалёк ад будынку ўраду Літвы. Дазволу для гэтай акцыі ў гарадзкіх уладаў ня бралі.

«Гэтая акцыя несанкцыянаваная. Колькасьць удзельнікаў — цацак — перавышае дазволеную колькасьць удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі, так зрабілі адмыслова, каб паказаць, як у дэмакратычных нармальных краінах ставяцца да такіх рэчаў. Як бачыце, мы тут зь вялікай колькасьцю журналістаў ужо досыць даўно, і ніякай паліцыі няма.

Пасьля цацкі застануцца тут з плякатамі, а мы сыдзем, і з намі ў офіс вернецца толькі адна цацка, асаблівая. Бачыце, у яе адарваны нос? Гэта цацка зь Беларусі, яна была на акцыі пратэсту там і ў часе арышту міліцыянты адарвалі ёй нос. Цяпер гэтая цацка мае тут у Літве прытулак у нашым офісе. А ў Беларусі арыштавалі ўсе цацкі, а пасьля арыштавалі і моладзь, якой належалі цацкі — актывістаў з моладзевага крыла кампаніі „Гавары праўду!“, яны і цяпер за кратамі. Таму тут і праводзіцца гэтая акцыя, каб паказаць усё вычварэнства дыктатарскага рэжыму ў Беларусі, які ўжо з цацкамі пачаў змагацца, які нават цацак баіцца».

Бальшыня ўдзельнікаў акцыі былі цацкі, а тыя літоўскія і беларускія актывісты, што далучыліся да акцыі, адзначылі незвычайную ўвагу СМІ да гэтай акцыі. Хведар Нюнька, старшыня Таварыства Беларускай культуры ў Літве кажа:

«Гэта вельмі арыгінальна зрабілі, і бачыце, якая увага СМІ, усе самыя салідныя, найбуйнейшыя літоўскія СМІ зацікавіліся, вельмі вялікая цікавасьць».

«Гумар асабліва добра дзейнічае на тых, хто занадта добра пра сябе думае, займаючы высокія пасады, — кажа Стасіс Каўшыніс зь літоўскага Фонду абароны правоў грамадзянаў. — Гумар варта выкарыстоўваць як найбольш, бо дыктатары найчасьцей баяцца менавіта быць выстаўленымі ў сьмешным сьвятле».





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG