Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму і як кампанія RICO ратавала Юрыя Чыжа?


Праект гатэлю, які кампанія RIKO зьбіраецца будаваць у Менску
Праект гатэлю, які кампанія RIKO зьбіраецца будаваць у Менску

Дзякуючы пазыцыі Славеніі імя Чыжа не было ўключанае ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У інтэрвію Свабодзе кампанія RIKO патлумачыла сваю пазыцыю.

Славенская кампанія RIKO мае вялікі бізнэс у Беларусі з бізнэсоўцам Юр'ем Чыжом, набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі. Паводле зьвестак з дыпляматычных крыніц, менавіта дзякуючы жорсткай пазыцыі Славеніі імя Чыжа не было ўключанае ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ і чые фінансавыя актывы ў гэтых краінах павінны быць замарожаныя. У інтэрвію Свабодзе кампанія RIKO патлумачыла сваю пазыцыю.

Славенія заблякавала рашэньне аб санкцыях у дачыненьні да Беларусі. Ці было гэта зроблена на патрабаваньне кампаніі RIKO?

Славенія была супраць толькі санцыяў у дачыненьні да суб’ектаў гаспадараньня, гэта значыць, супраць сп. Юрыя Чыжа.

Не, гэта не было зроблена на патрабаваньне RIKO. Мы зьвярнуліся ў славенскае Міністэрства замежных спраў з нагоды чутак аб намерах ЭЗ, патлумачылі, што з прычыны такога рашэньня славенскія кампаніі ня змогуць весьці бізнэс на рынку Беларусі, дзе яны прысутнічаюць на працягу дзесяцігоддзяў і канкуруюць са шматлікімі кампаніямі зь іншых краін сьвету. Мы папрасілі паведаміць нам, што нам рабіць. Наш урад, як і ўрады іншых краін, абавязаны абараняць славенскія правы і інтарэсы на зьнешніх рынках. Мы ня ўмешваемся ў прафэсійную працу органаў дзяржаўнай улады, але мы верым, што яны ведаюць, што рабіць, каб эфэктыўна абараняць інтарэсы ўсіх славенскіх кампаній.

Як вы ацэньваеце рашэньне ЭЗ, прынятае 27 лютага?

Эўразьвяз не прыняў рашэньня аб эканамічных санкцыях, абмеркаваньне і рашэньне па гэтым пытаньні было адкладзенае да наступнай сустрэчы ў сакавіку.

Як вы ведаеце, ваш беларускі партнэр шчыльна зьвязаны з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Ці занепакоены Вы тым, што гэта можа паўплываць на ваш імідж?

Мы заўсёды супернічаем з канкурэнтамі з краін ЭЗ і з-за межаў ЭЗ, робячы бізнэс у Беларусі. І калі інвэстыцыі цікавыя для нашых канкурэнтаў, чаму яны павінны быць нецікавыя для нас? Калі намер інвэстара зьяўляецца сумнеўным, гэта нас не цікавіць.

***

Учора кампанія RIKO даслала Радыё Свабода заяву, у якой гаворыцца: «Як мы ўжо паведамлялі, Славенія прыняла рашэньне, што яна ня будзе перашкаджаць або аслабляць двухбаковыя эканамічныя адносіны з партнэрамі зь Беларусі. Гэтай пазыцыі прытрымліваецца ня толькі Славенія: некаторыя іншыя краіны-сябры Эўрапейскага Зьвязу, у якіх эканамічныя адносіны зь Беларусьсю разьвітыя ў большай ступені, чым у Славеніі, таксама схільныя да двухбаковых эканамічных адносінаў зь Беларусьсю.

Мы ў RIKO лічым, што эканамічныя санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні да беларускіх кампаніяў прывядуць да яшчэ большага ссоўваньня эканамічнага патоку гэтых кампаніяў ад эўрапейскіх партнэраў у бок эканамічных партнэраў з Расеі, Кітаю, Турцыі, Казахстану, Украіны і г.д. А гэта не ў інтарэсах Эўразьвязу.»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG