Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Каваленкі: Сяргей кажа, што будзе галадаць да канца

абноўлена

Алена і Сяргей Каваленкі, архіўнае фота
Алена і Сяргей Каваленкі, архіўнае фота

28 лютага ў Віцебскім сьледчым ізалятары зь вязьнем Сяргеем Каваленкам сустрэлася ягоная жонка Алена.

Алена Каваленка: «Стан у яго жахлівы, скажу шчыра, але ён не намераны спыняць галадоўку. Сказаў, што тое, што ён раней пад пагрозамі і ўгаворамі пачынаў есьці раз на дзень, ён лічыць ганьбай для сябе і перад тымі людзьмі, якія яму паверылі, таму зараз ён не саступіць са свайго шляху і пойдзе да канца.

Тут я паспрабавала яго адгаварыць, але Сяргей папрасіў мяне не рабіць гэтага.

Ён схуднеў амаль на 30 кіляграмаў. Косткі, абцягнутыя скурай. Нават сядзець цяжка, бо зусім няма тлушчавай праслойкі пад скурай. Кажа, што галава кружыцца і сэрца пачынае балець, гэтак сама і ўнутраныя органы.

Пра ўмовы апавёў, што адразу трымаюць у ізаляцыі, аднаго. Нават на калідоры акружаюць міліцыянты і не даюць ні з кім размаўляць. Камэра малая, толькі ляжаць ды сядзець магчыма, нават не паходзіш па ёй. Сказаў, што камэра меншая, чым карцэр. Праўда, на шпацыры раз на дзень выводзяць на адну гадзіну. Мэдыкі яго не аглядаюць, ён ад іх аглядаў адмовіўся, бо не давярае.

Заклікаў усіх рабіць акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Да Дня Волі і ўвогуле, у тым ліку і ў ягоную падтрымку. Сказаў, што Беларусі патрэбная не рэвалюцыя, бо гэта клясавае паняцьце, а нас ня трэба дзяліць паводле клясаў, а нацыянальнае адраджэньне. Бо дабрабыту ня можа быць без культуры, а падмуркам культуры зьяўляецца родная мова, таму трэба шанаваць нацыянальныя каштоўнасьці, сваю гісторыю і мову.

Казаў пра Зянона Пазьняка. Маўляў, тое, што яго называюць палітэмігрантам, гэта памылка. Назваў яго выгнанцам з роднай зямлі. І яшчэ сказаў, што нашу краіну найперш уратуе толькі само грамадзтва. Павінны самі ратаваць сваю краіну, і толькі тады можам спадзявацца на падтрымку іншых краінаў. Ён, у прыватнасьці, найбольш спадзяецца на беларускі народ, кажа, што толькі народ можа дапамагчы яму выйсьці з гэтага цяжкага стану.

Запытаў, чаму Аляксандар Лукашэнка можа быць на волі і выхоўваць свайго сына, а ён, які нічога дрэннага не рабіў, а толькі ўшаноўваў нацыянальную ідэю, ня можа быць зь сям’ёй і выхоўваць свайго сына? Прасіў перадаць сыну, што бацька яго вельмі любіць, а галоўнае, што бацька ўсё рабіў правільна».

Паводле Алены Каваленкі, 29 лютага мусіць адбыцца спатканьне Сяргея Каваленкі з сваім бацькам Аляксандрам і сынам Валянцінам.

24 лютага сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленку асудзілі на 2 гады 1 месяц калёні. Калі адняць тое, што ён адседзеў да суду, застаецца 1 год 11 месяцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG