Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто трапіць у сьпіс-21?


29 лютага ў Брусэлі абвесьцяць дадатковы сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім Рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу вырашыла забараніць уезд у Эўразьвяз. Ужо вядома, што новыя санкцыі ахопяць 21 асобу зь Беларусі — 19 чыноўнікаў з судовай сыстэмы і 2 міліцэйскіх чыноўнікаў. Карэспандэнт «Свабоды» Ўладзімер Глод зьвярнуўся да беларускіх палітолягаў, праваабаронцаў і палітыкаў з просьбаю спрагназаваць, чые канкрэтна прозьвішчы зьявяцца ў новым сьпісе.

Намесьнік кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч сам нядаўна праходзіў па судовай справе — пра нібыта нясплачаныя падаткі.

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Аднак я ня думаю, што ў сьпіс трапяць тыя, хто разглядаў маю грамадзянскую справу. Зрэшты, мяне ж ніхто нікуды не пасадзіў. Я думаю, што ў сьпісе будуць тыя, хто вёў усё ж больш сур’ёзныя справы, зьвязаныя з пазбаўленьнем волі людзей з палітычных матываў. Я магу спрагназаваць, што гэта можа быць па справе Каваленкі судзьдзя — Алена Жук.

Мне падаецца, што ў новы сьпіс трапяць не абавязкова тыя судовыя чыноўнікі, якія „адзначыліся“ за пэрыяд, што прайшоў ад часу прыняцьця папярэдняга сьпісу. І таму туды могуць трапіць тыя ж судзьдзі, якія маюць дачыненьне да ранейшых палітычных спраў».

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Палітоляг Алесь Лагвінец кажа, што беспамылкова можна прагназаваць — у сьпісе будуць чыноўнікі, якія асудзілі людзей несправядліва і незаслужана:

«Самая вядомая з гэтых спраў — справа Каваленкі».

Журналіст: «А ці пасьпеюць так хутка зрабіць гэта эўрапейскія чыноўнікі?»

«Думаю, што ў прынцыпе маглі б. Калі там літаральна ў апошні момант вырашалася пытаньне — дадаваць у сьпіс альбо не Чыжа, то гэтаксама маглі дадаць альбо не і іншых».

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што яму цяжка вось так адразу назваць канкрэтныя прозьвішчы:

«Але ў пытаньні супрацоўнікаў судовай сыстэмы сытуацыя досыць відавочная. Я думаю, што ў новым сьпісе, найхутчэй, знаходзяцца людзі, якія бралі ўдзел у судах апошніх некалькіх месяцаў. І чыіх прозьвішчаў яшчэ няма ў ранейшых такіх сьпісах.

Што тычыцца двух міліцэйскіх чыноў, пра якіх кажуць, то тут для мяне пакуль таямніца. Вельмі складана вызначыць толькі двух, якія найбольш сябе «выявілі».

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

У новым сьпісе жаночых прозьвішчаў будзе значна болей за мужчынскія — прагназуе лідэр АГП Анатоль Лябедзька. У палітычных справах чамусьці звычайна падстаўляюць судзьдзяў-жанчын:

«Але калі казаць шчыра, мне ўсё роўна, якія ў новым сьпісе будуць прозьвішчы. Важна іншае — пералічаны кантынгент падкрэсьлівае, дзе ў Беларусі ёсьць праблемы. А праблема ў тым, што адсутнічае незалежная судовая сыстэма, што там людзі працуюць паводле „тэлефоннага права“. Пакуль у сьпісе — 19 чалавек. Потым можа быць 119, пасьля — 219. Але пакуль будзе такая сыстэма, то і людзі для новых сьпісаў там заўжды будуць зьяўляцца».
XS
SM
MD
LG