Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рубель працягвае ўмацоўвацца і па выніках біржавых таргоў сёньня зафіксаваўся на адзнацы 8070 за даляр. Як напісалі дзяржаўныя СМІ, рубель упэўнена рухаецца да псыхалягічнай мяжы ў 8000 і ў бліжэйшыя дні гатовы яе скарыць. У параўнаньні з учорашнім днём рубель сапраўды дадаў сабе ў актыў адносна даляра 40 пунктаў, а адносна эўра — адразу 60. Што спрыяе ўмацаваньню нацыянальнай валюты?

Адмыслоўцы кажуць, што гэткаму ўмацаваньню спрыяе комплекс фактараў. Найперш, пры наяўнасьці значных золатавалютных тылоў Нацыянальны банк можа нейкі час утрымліваць рубель у патрэбных рамках. Па-другое, і юрыдычныя, і фізычныя асобы вымушаныя апаражняць свае скарбонкі, прадаючы валюту ці разьмяшчаючы яе на дэпазытах. Як удакладняе эканамічны аглядальнік Аляксандар Заяц, менавіта наяўныя рэзэрвы пакуль што дазваляюць Нацбанку ажыцьцяўляць ручны курс «кіраванага плаваньня» рубля:

Аляксандар Заяц

Аляксандар Заяц

​«Паколькі заснавана нармальная аснова для золатавалютных рэзэрваў, падставы да ўмацаваньня рубля ёсьць. Калі цяпер у нас рэзэрвы складаюць 7 мільярдаў 900 мільёнаў даляраў, то праграмай асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі яны могуць быць зьніжаныя да 6 мільярдаў 100 мільёнаў даляраў. То бок, дзякуючы цяперашнім рэзэрвам, улады пакуль што цалкам могуць сабе дазволіць рубель умацоўваць. Што яны і робяць: Нацбанк ажыцьцяўляе інтэрвэнцыі, і тым самым падтрымліваецца курс кіраванага плаваньня. У прынцыпе, Нацбанк зноў можа вярнуцца да сваёй старой практыкі і дазволіць рублю быць „моцным“. Адпаведную тэндэнцыю мы ўжо назіраем: стаўка рэфінансаваньня ад 1 сакавіка зьніжаецца адразу на 5%».

У працэсе ўмацаваньня рубля экспэрты адзначаюць сэзонны фактар. Найперш, ёсьць меркаваньне, што нізкі курс штучна ўтрымлівацца напярэдадні пасяўной, каб гаспадаркі маглі набыць па прымальных коштах паліва, насеньне ды абсталяваньне для рамонту тэхнікі. Пасьля гэтага палітыку «ручнога кіраваньня» могуць перагледзець. Па-другое, пры такім раскладзе прасьцей дасягнуць прэзыдэнцкай задачы па выхадзе на 500 даляраў сярэдняга заробку па краіне. Нарэшце, як кажа фінансавы аналітык Аляксандар Муха, адчуўшы пэўную курсавую стабільнасьць, на пачатку году насельніцтва само панесла валюту ў банкі ды абменьнікі:

Аляксандар Муха

Аляксандар Муха

«Вядома, важны фактар стабілізацыі сытуацыі на валютным рынку — стабільны прыток валюты ў банкаўскую сыстэму: як па рахунках юрыдычных асобаў, так і па рахунках фізычных асобаў. Прычым, паводле апошніх дадзеных, па юрыдычных асобах абноўлены гістарычны рэкорд. На тле працэнтных ставак у студзені 2012 году ён таксама зафіксаваны па ўсіх валютных укладах насельніцтва ў банкаўскай сыстэме. Дэпазыты фізычных асобаў у замежнай валюце ў студзені ўзрасьлі на 259 мільёнаў даляраў — на 6,2%, да 4,7 мільярда даляраў на 1 лютага. Гэта максымальны паказьнік ад 1 красавіка 2011-га. Апроч таго, у студзені фізычныя асобы з улікам безнаяўных апэрацый прадалі на 203,5 мільёна даляраў больш, чым купілі, а прадпрыемствы — больш на 187,5 мільёна даляраў. І ў суме, калі скласьці два гэтыя паказьнікі, таксама атрымліваецца нядрэнная лічба».

Шмат хто зьнешнюю стабільнасьць на фінансавым рынку лічыць падманлівай. Пляны істотнага росту заробкаў і пэнсіяў будуць вымагаць дадатковай эмісіі, што пагражае новым вітком інфляцыі. Не адмаўляюцца ўлады і ад намеру працягваць ільготнае крэдытаваньне дзяржпраграмаў, што ўжо затрымала паступленьне чарговага траншу крэдыту ЭўрАзЭС.

Шмат пэсымізму ў прадпрымальніцкім асяродку. Імпартныя пастаўкі прадукцыі вымагаюць вялікай колькасьці валюты, аднак новы парадак продажу даляраў ці эўра па пашпарце стрымлівае актыўнасьць, бо ў такім разе рэзка актывізуюцца і шматлікія кантрольныя органы. Як кажа менскі прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка, за мінулы год улады такога нарабілі, што цяпер да іх даверу няма ніякага:

Алесь Таўстыка

Алесь Таўстыка

«Ды які давер, якая стабілізацыя курсу? Ніхто ніякім заявам, прынамсі ў нашым асяродку, не давярае. Усе будуць прыхоўваць свае прыбыткі і працаваць у самых мінімальных межах. Так, будзе прыход прабівацца па касах, будуць паказвацца падаткі, але ўсе на сёньняшні момант працуюць ва ўмовах мінімальнай празрыстасьці. І гэта пытаньне прынцыповае. Каб быў бізнэс, каб былі ў людзей грошы і, адпаведна, былі нармальныя продажы, то, як кажуць, самі зарабляем і не шкада падзяліцца зь бюджэтам. Але сёньня вам гарантавана кажу: я не панясу лішнюю капейку ў дзяржаўны бюджэт, пакуль не пераканаюся, што мае дзеці апранутыя і смачна накормленыя — хай сабе не такой катлетай, як Коліна катлета, але хоць бы такой, як кормяць у звычайных школах Кацярын, Антосяў, Алесікаў. Хоць бы звычайнай ежай».

З вуснаў незалежных экспэртаў гучала шмат прагнозаў што да магчымага курсу на пачатку 2012 года, але ніводзін ня тое што не апускаўся ніжэй за 8000 рублёў за даляр, але ня быў ніжэйшы нават за 9000.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG