Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах прафіляктычную гутарку з актывістамі незалежнага прафсаюзу правёў пракурор.

Некаторых з незадаволеных рабочых выклікалі ў ваенкамат, дзе паведамілі, што забіраюць на вайсковыя зборы. Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу Алег Стахаевіч мяркуе, што ціск адміністрацыі прадпрыемства набывае новыя прыхаваныя формы.

28 лютага некалькі актывістаў незалежнага прафсаюзу «Граніту» наведалі Лунінецкі ваенкамат, дзе прайшлі мэдычны агляд. Людзям паведамілі, што іх забіраюць на вайсковыя зборы, якія будуць цягнуцца каля месяца. Адзін з рабочых кажа: у яго склалася ўражаньне, што на зборы найперш паедуць актывісты незалежнага прафсаюзу:

«Прыдатны. Ня трэба ім нічога, хоць у мяне аналізы з таго году... Учора я быў удзень на працы, і мне далі позву. Адпаведна, я аналізаў ніякіх не здаваў, нічога не праходзіў як трэба. Флюараграфіі ніякай не рабіў. Але іх гэта мала цікавіць. 16 сакавіка будзе сход, і з 30 сакавіка, я так зразумеў, будуць забіраць напэўна. Хто самы большы актывіст, то вось і забіраюць...»

Такой жа думкі прытрымліваецца і кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу Алег Стахаевіч:

Алег Стахаевіч

Алег Стахаевіч

«Абвалілася на гэтых рабочых ужо ня толькі адміністрацыя „Граніту“, але і дзяржаўная машына. Паводле размоваў, якія ходзяць на „Граніце“, у КДБ быў выкліканы ваенкам і яму было дадзенае ўказаньне наконт пяцёх чалавек найбольш актыўных. Праўдамі і няпраўдамі іх на гэтыя зборы прыцягнуць».

Актывіст незалежнага прафсаюзу на «Граніце» распавёў, што заявай аб магчымым страйку на прадпрыемстве зацікавілася пракуратура. З падпісантамі заявы праводзіў прафіляктычныя гутаркі пракурор Лунінецкага раёну Віктар Савіч:

«Вось другі пункт яго найбольш цікавіў. Наконт страйку. Я яму адказаў, што ніхто ня кажа, што заўтра будзе страйк. Мы цудоўна ведаем нормы, закон, як гэта ўсё адбываецца, што прадстаўляецца, якія трэба дакумэнты... Калі на тое пойдзе, мы зьбяром якія трэба паперы, і ён будзе... Калі мы пагаварылі, я спытаўся ў пракурора, што мне рабіць далей. Мне пракурор адказаў, што, маўляў, нічога табе не рабіць, працуй, як і працаваў. Ніхто цябе, маўляў, ня звольніць. Я кажу — а дзе гарантыі? Ён кажа, што, маўляў, я табе сказаў, ніхто цябе ня звольніць. Вось гэта яго словы».

Аднак рабочы кажа, што, тым ня меней, 6 чалавек з прычыны ціску адміністрацыі адклікалі свае подпісы пад заявай аб магчымым страйку.

Нагадаем, што 20 лютага 28 рабочых накіравалі адміністрацыі «Граніту» заяву, у якой пагражалі страйкам «з поўным спыненьнем вытворчасьці» ў выпадку, калі ня спыніцца ціск на незалежны прафсаюз.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG