Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У славенцаў свой погляд на санкцыі супраць Чыжа


Камэнтуючы ўчорашняе галасаваньне па беларускім пытаньні ў Брусэлі і выступ міністра Карла Эр’яўца, славенскія журналісты падаюць меркаваньне былога палітвязьня, актывіста Аляксандра Атрошчанкава. Менскі грамадзкі актывіст і журналіст перакананы: блякуючы санкцыі ЭЗ у дачыненьні да прадстаўнікоў беларускага рэжыму, Любляна аддае прыярытэт эканамічным інтарэсам, а лёс палітвязьняў хвалюе яе нашмат меней. Але такія падыходы, як сьведчыць гісторыя, вядуць да сумных наступстваў і могуць каштаваць жыцьця і здароўя беларускім палітвязьням.

Аднак ці можна лічыць Славенію сябрам рэжыму Лукашэнкі на падставе агучанай у Брусэлі пазыцыі Любляны што да санкцыяў супраць афіцыйнага Менску?

Як адзначаюць аглядальнікі, размова ішла пра тое, што чорны сьпіс ЭЗ у дачыненьні да хаўрусьнікаў Лукашэнкі сярод бізнэсоўцаў ня можа абмяжоўвацца адным прадпрымальнікам Юрыем Чыжом.

«Калі мы настойваем на эканамічных санкцыях, мы мусім унесьці ў „чорны сьпіс“ усіх, хто падтрымлівае рэжым», сказаў Карл Эр’явец.

Паводле газэты Dnevnik, «сёлета ў студзені Рада міністраў ЭЗ зацьвердзіла пашыраныя крытэрыі санкцыяў у дачыненьні да прадстаўнікоў афіцыйнага Менску. (На тым галасаваньні Славенія была прадстаўленая папярэднім урадам.)

На аснове гэтых крытэрыяў быў складзены дадатковы сьпіс асобаў, якія маюць падпасьці пад санкцыі ЭЗ. Асноўную вагу пры складаньні ліста мела думка краін, якія маюць у Беларусі пасольствы і, адпаведна, больш інфармацыі зь месца. Славенія пасольства ў Менску ня мае, за Беларусь адказвае яе пасольства ў Маскве. Імёны маглі прапаноўваць і іншыя дзяржавы, але канчатковы сьпіс павінен прымацца аднагалосна.

Згодна са славенскай крыніцай, Чыж апынуўся ў сьпісе пасьля таго, як ягоная кампанія падпісала пагадненьне з Rico. Мяркуюць, што славенцам складала канкурэнцыю пэўная француская кампанія. У сьпісе могуць апынуцца і іншыя кампаніі і бізнэсмэны, якія ўзбагачаюцца дзякуючы сувязям з Лукашэнкам. Іх, паводле ацэнкі аднаго дыплямата ў Брусэлі, «купа». У апошнім сьпісе Чыж быў такі адзін.

У сваю чаргу, — піша, спасылаючыся на ўласныя крыніцы ў дыпляматычных колах у Брусэлі, славенскае выданьне «Ljubljanske Novice», — пазыцыяй «пашырэньня сьпісу» былі незадаволеныя Польшча ды Швэцыя, якія найвастрэй крытыкавалі ўчора пазыцыю Любляны.

Што да брытанскага міністра Ўільяма Хэга, то на пытаньне журналістаў, ці занепакоены ён тым, што адзін з чальцоў Зьвязу заблякаваў пэўнае імя ў чорным «сьпісе» — мелася на ўвазе пазыцыя Славеніі адносна кандыдатуры Юрыя Чыжа, — ён адказаў: «Важна, каб ціск павялічваўся і санкцыі прымаліся».

Сярод тых, хто быў на баку Славеніі, называюць Латвію. Міністар Эр’явец сказаў, што некаторыя іншыя краіны таксама падтрымалі пазыцыю Любляны — не абмяжоўвацца санкцыямі ў дачыненьні толькі да аднаго алігарха, хай сабе і сябра Лукашэнкі.

Пашыраны «чорны сьпіс», куды разам з прадстаўнікамі судоў ці міліцыі могуць трапіць і бізнэсоўцы, будзе разгледжаны на чарговай Радзе міністраў ЭЗ у сакавіку.

На пытаньне, ці падтрымае Любляна сьпіс, у які, акрамя Чыжа, будуць унесеныя іншыя беларускія прадпрымальнікі — прэтэндэнты на замарожваньне актываў у ЭЗ і забарону паездак у эўрапейскія краіны, славенскі міністар адказаў сьцьвярджальна:

«Так, калі будзе захоўвацца комплексны падыход да ажыцьцяўленьня эканамічных санкцый. Мы разумеем неабходнасьць працягу ціску на беларускі рэжым, а эканамічныя санкцыі — безумоўна, адзін са спосабаў такога ціску».

Як падсумоўвае выданьне «Zurnal 24», ЭЗ ставіцца да Беларусі дваіста. З аднаго боку, ён кажа пра парушэньне правоў чалавека і санкцыі супраць рэжыму, зь іншага — дзяржавы, якія складаюць яго, зацікаўленыя ў эканамічных выгадах, а таму палітычная пазыцыя ў дачыненьні да Менску прыстасоўваецца да гэтых патрэбаў.
XS
SM
MD
LG