Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: чыноўнікі сходаў не праводзілі, а толькі сустрэчы з насельніцтвам


Магілёўскі аблвыканкам ня выявіў парушэньняў закону «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» з боку Магілёўскага гарвыканкаму.

Пра гэта гаворыцца ў адказе на калектыўную скаргу групы жыхароў абласнога цэнтру, якія вінавацілі чыноўнікаў гарвыканкаму ў парушэньні парадку скліканьня й правядзеньня мясцовых сходаў, а таксама ўтойваньні дакумэнтаў па іх арганізацыі.

У лісьце з аблвыканкаму за подпісам яго намесьніка Валерыя Малашкі гаворыцца, што гарвыканкам мясцовых сходаў не склікаў, таму закону не парушаў.

Адзін з падпісантаў скаргі, старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў, настойвае на тым, што ў дасланым раней адказе з гарвыканкаму сьцьвярджалася, што гарадзкая ўлада праводзіла ў кастрычніку-лістападзе 2011 году менавіта сходы з жыхарамі абласнога цэнтру. Паводле апазыцыянэра, пра гэта гаварылася ў лісьце, які падпісаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Ігар Шардыка.

Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў
«Калі мы праводзілі «Народны сход» летась у кастрычніку, то яго падрыхтоўку мы праводзілі адкрыта. Чыноўнікаў запрашалі й пісьмова, і вусна. Мы казалі, што патрэбны дыялёг, бо краіна ў цяжкім становішчы. А як жа яны сябе паводзяць? У лісьце з гарвыканкаму не было пазначана, што гэта былі за сходы, а з аблвыканкаму кажуць, што гэта былі сустрэчы з бацькамі школьнікаў. Няясна, паводле якіх законаў усё гэта праводзілася. Яны ператварылі школы ў месцы для «пудраньня» мазгоў людзям. Адна справа, калі абвяшчаецца сход з тэмай, парадкам дня, а другая справа, калі прыходзяць у школы і ставяць бацькоў перад фактам, што перад імі выступае вялікі начальнік. Ніхто ж ня рыпнецца. Адказ з аблвыканкаму варта разумець так: «У нашай краіне ўсе роўныя, але ёсьць раўнейшыя», — заяўляе Уладзімер Шанцаў.

У аблвыканкам група грамадзян зьвярнулася пасьля таго, як не атрымала, паводле іхніх словаў, адказаў на пытаньні пра цяжкасьці ў сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Магілёва. Гэтае патрабаваньне, заяўляюць яны, было пазначана ў рэзалюцыі «Народнага сходу», які адбыўся ў Магілёве летась 8 кастрычніка.

У допісе з аблвыканкаму гаворыцца, што на сустрэчах у школах насельніцтва было паінфармавана пра сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё гораду. Для правядзеньня такіх сустрэч былі сфармаваныя інфармацыйныя групы з бацькоў, прадстаўнікоў адміністрацыяў раёнаў, міліцыі, камунальных службаў і дэпутатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG