Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прозьвішчы новых неўязных Брусэль апублікуе 29 лютага


Дадатковы сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім Рада міністраў замежных справаў Эўразьвязу 27 лютага вырашыла забараніць уезд у Эўразьвяз, будзе фармальна зацьверджаны сёньня і афіцыйна апублікаваны заўтра — 29 лютага.

«Учора была дыскусія, і краіны-сябры пагадзіліся працягнуць складаньне няпоўнага сьпісу прадпрыемстваў і бізнэсоўцаў, якія будуць дададзеныя ў сьпіс на наступным паседжаньні. І мы чакаем, што будзе нейкая рэдакцыя гэтай фармулёўкі пазьней сёньня. Такім чынам, трэба сачыць за пасяджэньнем Рады па агульных пытаньнях», — паведаміла Мая Качыянчыч, прэсавы сакратар Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў справах зьнешняй палітыкі Кэтрын Эштан.

Як толькі рашэньне будзе ўхваленае, яго апублікуе афіцыйнае выданьне Эўразьвязу «Official Journal of the European Union». Звычайна гэта робіцца на наступны дзень пасьля прыняцьця пастановы.

Па выніках учарашняга разгляду пытаньня аб пашырэньні санкцыяў у адносінах да беларускага кіраўніцтва прэсавая служба Рады Эўрапейскага зьвязу апублікавала два сказы:

«Беларусь. Рада пагадзілася зь неабходнасьцю ўзмацненьня абмежавальных захадаў адносна беларускага рэжыму, скіраваных на асобаў, якія нясуць адказнасьць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі. Далейшая праца над абмежавальнымі захадамі ў дачыненьні да тых, хто здабывае выгаду ад рэжыму альбо яго падтрымлівае, будзе весьціся з разьлікам на паседжаньне Рады па замежных справах, якое адбудзецца ў сакавіку».

Учора Рада міністраў замежных справаў Эўразьвязу вырашала накласьці візавую забарону на 21 асобу зь Беларусі — 19 чыноўнікаў з судовай сыстэмы і 2 міліцэйскіх чыноўнікаў.

Апошнім часам Эўразьвяз, апрача беларускіх чыноўнікаў, судзьдзяў і пракурораў, вінаватых у рэпрэсіях і парушэньнях правоў чалавека, пачаў караць кампаніі і бізнэсоўцаў, на якіх абапіраецца беларускі рэжым. Але тут каса найшла на камень. Пра гэта сьведчыць пазыцыя Славеніі, якая ўчора блякавала ўнясеньне ў чорны сьпіс уладальніка «Трайпла» Юрыя Чыжа, мяркуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Ёсьць калізія паміж бізнэс-інтарэсамі і тымі прынцыпамі, якія дэкляруе аб’яднаная Эўропа. Зараз, калі дайшло да канкрэтыкі, да пэрсаналій, выявілася, што бізнэс пэўных краін Эўразьвязу завязаны на праекты і гешэфты ў Беларусі. Тут стала зразумела, што ўсё ж і Брусэль у беларускім пытаньні не пазьбягае падвойных стандартаў. На гэтым і буксуе беларуская стратэгія Эўразьвязу».

Аляксандар Класкоўскі, як і некаторыя эўрапейскія палітыкі, ставіць пад сумнеў і эфэктыўнасьць саміх эканамічных санкцыяў. На ягоную думку, застаецца пад пытаньнем, ці могуць яны паспрыяць зьмене беларускага рэжыму — альбо загоняць Беларусь далей у інтэграцыю з Расеяй.

Менскі эканаміст Сяргей Чалы называе спробы эканамічнага ціску на Беларусь з боку Эўразьвязу пакуль што сымбалічнымі. На беларускую эканоміку, кажа ён, санкцыі супраць кампаній Пефціева і Чыжа асабліва не ўплываюць:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Гэта такая як бы гульня, і гульня з абодвух бакоў, у такую жорсткую палітыку. Беларусь робіць выгляд, што страшна крыўдзіцца на такія сымбалічныя крокі, а Эўразьвяз кажа, што моцна занепакоены і робіць выгляд, што прадпрымае сур’ёзныя захады».

Больш адчувальнымі былі б эўрапейскія санкцыі супраць такіх дзяржаўных манапалістаў, як «Белнафтахім», мяркуе спадар Чалы. З другога боку, беларускія бізнэсоўцы, якія трапляюць у сьпісы неўязных, пачынаюць падаваць на самы верх сыгналы незадаволенасьці, пра што сьведчыць увага да тэмы санкцыяў з боку Аляксандра Лукашэнкі, мяркуе Сяргей Чалы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG