Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных ня стаў «удавацца ў дэталі» адносна фільму «Вялікі брат», паказанага на тэлеканале «Беларусь-1» 19 лютага.

У ім амбасада ЗША ў Беларусі абвінавачвалася ў тым, што нібыта «ў парушэньне беларускіх законаў і Вэнскай канвэнцыі» стварыла мабільную групу офісу бясьпекі амбасады. Гэтая група займалася аховай амбасады.

«У цяперашні момант гэтая праблема ўрэгуляваная. У нейкія дэталі працэсу, які быў мы ўжо ўдавацца ня будзем», — заявіў карэспандэнту Свабоды Андрэй Савіных.

Андрэй Савіных

Андрэй Савіных

Ён адзначыў, што нічога ня можа сказаць адносна фільму, бо яго не бачыў і быў у адпачынку.

«А на пытаньні журналістаў я адказваю незалежна ад таго, да якіх СМІ яны адносяцца. Журналісты беларускага тэлеканала задалі пытаньне, я ім паведаміў афіцыйную пазыцыю. Зьвярнуліся вы, я паведаміў афіцыйную пазыцыю МЗС», — сказаў Савіных.

Прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч на просьбу патлумачыць, чым скончылася гісторыя, сказаў:

«Я вас накіроўваю ў МЗС, няхай яны даюць камэнтары. Я, наогул, даваў у фільме камэнтары, што такія дзеяньні з прававога гледзішча прадугледжваюць адказнасьць. Там не было размовы, што яны прыцягнутыя да адказнасьці. Таму мне і камэнтаваць няма чаго».

Аднак ён адзначыў, што падставы для адказнасьці былі.

«Але камэнтары з улікам таго, што тут і міжнародныя стасункі замешаныя ў першую чаргу, я вас перанакіроўваю ў МЗС. Няхай яны даюць камэнтары. Тут не пра грамадзянаў ідзе гаворка, тут ідзе гаворка пра міжнародныя стасункі. Усё, што трэба было мы сказалі і іншых камэнтароў ня будзе».

Андрэй Савіных і Канстанцін Шалькевіч былі ўдзельнікамі фільма «Вялікі брат».

Канстанцін Шалькевіч заявіў у тэлефільме, што дзеяньні мабільнага патруля могуць быць кваліфікаваныя па адміністрацыйным артыкуле — "парушэньне ўмоваў і парадку ажыцьцяўленьня ахоўнай дзейнасьці ў РБ.
XS
SM
MD
LG