Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра наступствы і эфэктыўнасьць пашырэньня санкцыяў ЭЗ разважае кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.

Як вы ставіцеся да рашэньня Рады міністраў Эўразьвязу дадаць у сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў дваццаць адну асобу?

Мая пазыцыя нязьменная шмат гадоў: я лічу, што маральныя санкцыі патрэбныя, бо зло павінна быць пакарана. Але я б не лічыў, што варта рабіць міталягізацыю візаў і лічыць, што візы могуць усё вырашыць: што прыйдзе дэмакратычны дзядзька з захаду, возьме дубіну і зробіць тут дэмакратыю. Таму я супраць шырокіх эканамічных санкцыяў. Яны дзейнічаюць адмоўна і супраць простых людзей, і памяншаюць праэўрапейскія настроі, рэйтынг апазыцыі. Асноўнае пытаньне: дзеля чаго гэта ўсё робіцца? Пакуль мы не адказалі на яго, мы ня маем права нават гаварыць, як мы ацэньваем санкцыі.

Эўразьвяз кажа: для вызваленьня палітвязьняў. Вы лічыце эфэктыўнымі такія санкцыі?

Эўразьвяз робіць гэта не з надзеяй вызваліць палітвязьняў — гэта хутчэй дэманстрацыя катэгарычна адмоўнага стаўленьня да палітыкі беларускіх уладаў. Усё ж палітвязьняў, калі сыходзіць з нашай практыкі, вызваляе шанец на дыялёг, а ня санкцыі. Узгадайма, як прыехаў Саляна і дамовіўся: калі вызваляюцца палітвязьні, то пачынаецца дыялёг. Другі раз вызвалілі больш за 30 палітвязьняў — у мінулым годзе, калі прыяжджаў баўгарскі міністар Младзенаў і таксама дамовіўся аб пачатку дыялёгу, умовай якога было вызваленьне. Я лічу, што шанец на дыялёг больш эфэктыўны, чым санкцыі. Хаця візавыя санкцыі і важныя.

Дык ваш адказ на пытаньне «для чаго санкцыі» — для пачатку дыялёгу?

Не, яны павінны прадэманстраваць беларускай уладзе, што мадэрнізацыя, якая залежыць ад супрацоўніцтва з ЭЗ, палітычнае супрацоўніцтва, розныя праграмы могуць быць толькі тады, калі ня будзе палітвязьняў.

Як вы лічыце: каб у сьпіс неўязных трапіў блізкі да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсмэн Юры Чыж, якога ўратавала Славенія, сёньняшняе рашэньне было б больш эфэктыўным?

Я не лічу, што канкрэтная асоба вырашае эфэктыўнасьць санкцыяў. Мяне засмучае, што ЭЗ зноў не гаворыць адной мовай: гэтая некансалідаваная пазыцыя вельмі шкодзіць эфэктыўнасьці ягоных дзеяньняў. Гэтае лабіраваньне шкодзіць іміджу Эўразьвязу.

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што сёньняшні дзень — сумны для Эўропы. Аказалася, сказаў міністар, што эканамічныя інтарэсы адной краіны аказаліся важнейшымі, чым патрэба паўплываць на прэзыдэнта Лукашэнку дзеля вызваленьня палітвязьняў? Вы згодныя зь Сікорскім?

У гэтым сэнсе так, і раней былі падобныя факты — калі адны краіны стаялі на пазыцыях маральных, а іншыя — на пазыцыях «рэал палітык». Мы памятаем візыты Бэрлюсконі, і як некаторыя краіны казалі, што ня трэба ніякіх санкцый — маўляў, робім бізнэс, бо калі зьявіцца сярэдняя кляса, на Беларусі будзе больш дэмакратыі. ЭЗ гэта не адна краіна, тым больш аўтарытарная, дзе ўсе робяць так, як сказаў адзін. ЭЗ — гэта саюз 27 краінаў, і яны маюць розныя пазыцыі. Шкада, што адносна дэмакратыі на Беларусі ці палітвязьняў у іх розныя пазыцыі. Гэта, безумоўна, засмучае.

У мінулым месяцы шмат водгукаў выклікала прапановы кіраўніцы брусэльскага офісу «За дэмакратычную Беларусь» Вольгі Стужынскай скараціць сьпіс чыноўнікам, якім уезд у Эўразьвяз забаронены, паколькі сьпіс састарэў, і самі абмежаваньні не прыносяць жаданага выніку. Ці падзяляеце вы пазыцыю Вольгі Стужынскай?

Адказ на гэтае ды іншыя пытаньні Радыё Свабода — слухайце тут:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG