Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мельянцоў: «Паказьнікам быў прысуд Каваленку»


Рашэньне Рады Эўразьвязу аб пашырэньне сьпісу неўездных у ЭЗ беларускіх дзяржаўных службоўцаў камэнтуе экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў. Раней ён неаднойчы выказваў меркаваньне наконт шкоднасьці палітыкі санкцый.

Дракахруст: Апошнім часам адбылося некалькі візытаў эўрапейскіх дыпляматаў у Беларусь, Аляксандар Лукашэнка тыдзень таму паабяцаў, што калі Эўропа ў палітыцы санкцый пяройдзе «чырвоную рысу», то Менск жорстка адкажа. На ваш погляд, чаму ўсё ж візавыя санкцыі былі пашыраныя?

Мельянцоў: Я мяркую, што сапраўды адбыўся абмен пасланьнямі падчас нефармальных візытаў эўрапейскіх дыпляматаў. Там было дамоўлена, што бакі будуць рухацца насустрач адзін аднаму маленькімі крокамі. Вельмі важным паказьнікам, наколькі афіцыйны Менск быў гатовы рухацца ў бок ЭЗ, быў, на маю думку, суд над Сяргеем Каваленкам. Па яго выніках эўрапейскія палітыкі вырашалі ступень добрай волі, якая ёсьць у Менску. Калі б прысуд быў мягчэйшы, то я думаю, што пытаньне санкцый менавіта на гэтым пасяджэньні Рады ЭЗ не разглядалася б.

Усе заўважылі, што было шмат супярэчлівай інфармацыі — ці то ёсьць беларускае пытаньне ў парадку дня, ці яго няма. Рашэньне было хутка перайгранае. Афіцыйны Менск прадэманстраваў, што на дадзеным этапе ён не гатовы вельмі хутка ісьці на збліжэньне з ЭЗ. Адпаведна ЭЗ вырашыў, што ён таксама не гатовы замарожваць сьпіс.

Але важна, што ЭЗ вырашыў раздрабніць сьпіс. Паводле ранейшай інфармацыі, пашырэньне павінна было закрануць 135 асобаў, але прынятае рашэньне пра невялікую колькасьць зь іх.
ЭЗ такім чынам пасылае сыгнал, што кожны наступны адмоўны крок з боку афіцыйнага Менску будзе пакараны далейшым пашырэньнем гэтага сьпісу.

Я ня думаю, што адказ афіцыйнага Менску будзе большым, чым рытарычны. Ня думаю, што беларускія ўлады зараз гатовыя накручваць сытуацыю.

У гэтай гульні зацікаўленая перад выбарамі Расея. І беларускае кіраўніцтва ў гэтым падыгрывае расейскаму кіраўніцтву ў жаданьні крыху абвастраць міжнародную сытуацыю напярэдадні выбараў. Я мяркую, што такая сытуацыя захаваецца да пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG