Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўразьвяз пацьвердзіў, што мараль і годнасьць для яго нечага вартыя»


27 лютага на паседжаньні Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі было прынятае рашэньне пашырыць санкцыі супраць беларускіх афіцыйных асобаў. Ці прыносіць плён палітыка візавых санкцыяў? Ці спадзяюцца ў Брусэлі такім чынам зьмяніць сытуацыю ў Беларусі? Ці можна лічыць новыя санкцыі адказам Эўразьвязу на апошнія пагрозьлівыя выказваньні Лукашэнкі? Наколькі радуюцца ў Маскве таму факту, што афіцыйны Менск зноў сварыцца з Брусэлем?

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
На гэтыя пытаньні адказваюць: зь Менску — палітоляг Алесь Лагвінец, з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.


«Эўразьвяз зноў пацьвердзіў, што мараль і годнасьць для яго нечага вартыя»


Цыганкоў: Сваімі новымі візавымі санкцыямі Эўразьвяз адрэагаваў як на тую дыскусію, што разгарнулася на гэтую тэму ў беларускім грамадзтве, так і на апошнія пагрозьлівыя заявы Аляксандра Лукашэнкі. Як можна ацаніць пасьлядоўнасьць палітыкі Брусэлю?

Лагвінец: Эўразьвяз працягвае палітыку маральнага асуджэньня беларускага аўтарытарнага рэжыму. Ён зноў акрэсьліў сваю пазыцыю і паказаў сваю пагарду да пагрозаў з боку Лукашэнкі. Натуральна, што гэтыя пагрозы скіраваныя пераважна на беларускую аўдыторыю, бо часам Лукашэнка выказвае пагрозы, а потым робіць адваротныя рэчы.

Цыганкоў: Кірыл, памятаю, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі вы гаварылі, што эўрапейскія палітыкі бачаць задачу барацьбы з Лукашэнкам вельмі важнай для сябе, пэўнай місіяй. Ці не зьмянілі вы свайго меркаваньня на гэты конт?

Коктыш: Не, не зьмяніў. Сёньняшнім рашэньнем Эўразьвяз зноў пацьвердзіў, што мараль і годнасьць для яго нечага вартыя, і што эўрапейскія палітыкі так ці інакш, але ня маюць магчымасьці патлумачыць сваім выбарцам прычыны зьмяненьня сваёй палітыкі, калі б такое зьмяненьне было. Гэта азначае, што яны вымушаныя праводзіць маральную палітыку, прынамсі, у пытаньні Беларусі. І гэта ўсяляе пэўную надзею, бо маральная палітыка — гэта тое, чаго не існавала даволі доўгі час.

Цыганкоў: Як бы вы тады з Масквы ацанілі з маральнага пункту гледжаньня апошні крок прэзыдэнта Расеі Мядзьведзева, які падтрымаў Лукашэнку ў пытаньні эўрапейскіх санкцыяў?

Коктыш: Расейская ўнутраная палітыка зараз апынулася скамечанай, пасьля таго як Мядзьведзеў адмовіўся балятавацца на наступны тэрмін. Сёньня Мядзьведзеў як палітык, які чагосьці варты, фактычна перастаў існаваць. Цяпер ён мае нейкі сымбалічны ўзровень даверу на ўзроўні 3-5 працэнтаў.

Так што я б успрымаў гэта як заяву асабіста Мядзьведзева, а не прэзыдэнта Расеі. Страціўшы твар, страціўшы брэнд, можна казаць што заўгодна. Можна агучваць непапулярныя рэчы, якія ня будуць мець падтрымкі нават у расейскім грамадзтве.


«На гэтым канкрэтным этапе Эўразьвяз не чакае значных крокаў насустрач з боку Менску»


Цыганкоў: Алесь, вы казалі, пра рашэньне Эўразьвязу як пра рашэньне, выкліканае маральным выбарам. Ці азначае гэта, што ў Эўропе ўжо няма асаблівага спадзяваньня на зьмену пазыцыі афіцыйнага Менску?

Лагвінец: Я думаю, што спадзеў ёсьць заўсёды, і ў беларускіх уладаў ёсьць магчымасьць выправіць сытуацыю. Але я думаю, на гэтым канкрэтным этапе Эўразьвяз не чакае значных крокаў насустрач з боку Менску, прынамсі, пакуль беларускія ўлады дэманструюць такую вялізарную сардэчную дружбу з расейскімі.

І тут я хачу запярэчыць спадару Коктышу. Прэзыдэнт Мядзьведзеў якраз агучыў агульную пазыцыю расейскага кіраўніцтва. Мы ведаем, што пазыцыі Пуціна і Мядзьведзева ня моцна адрозьніваліся за апошнія 4 гады. І зараз мы бачым, што Расея хоча скарыстацца з сытуацыі самаізаляцыі Беларусі і яшчэ больш кантраляваць Беларусь. І гэта, відавочна, агульная пазыцыя расейскай палітычнай клясы. Я ня думаю, што сярод расейскага кіраўніцтва ёсьць «лібэралы» па беларускім пытаньні, якія спрыялі б дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, штосьці казалі б пра вызваленьне палітвязьняў.

Цыганкоў: Алесь, але вы міжволі пацьвярджаеце тэзіс прыхільнікаў адмены санкцыяў, якія якраз і кажуць, што санкцыі штурхаюць Менск у абдымкі Масквы…

Лагвінец: Ёсьць асабістыя санкцыі, якія мусяць прымяняцца да тых людзей, што заслужылі гэта, бо рэгулярна парушаюць правы чалавека. Але ёсьць Беларусь як краіна, якая мусіць захаваць эўрапейскую пэрспэктыву, і ёсьць беларускае грамадзтва. Тыя прадстаўнікі чынавенства, якія не бралі ўдзелу ў палітычных рэпрэсіях, мусяць уцягвацца ў большыя кантакты з Эўразьвязам, каб краіна магла збалянсаваць велізарны і небясьпечны расейскі ўплыў, які ўжо сёньня ёсьць тут. І гэта пытаньне выжываньня беларускай нацыі і дзяржавы.


«Эўразьвяз не зьбіраецца плаціць за „беларускую мадэль“, таму даводзіцца задавальняцца маральным асуджэньнем».


Цыганкоў: Ці не паціраюць у Маскве задаволена рукі, назіраючы, як Менск зноў сварыцца з Эўропай?

Коктыш: Куды ўжо больш кантраляваць Беларусь, калі само беларускае кіраўніцтва ўздымае пытаньне, каб Расея аплачвала выдаткі на беларускае войска? Гэты ўплыў і так бясспрэчны, гэта ўплыў той краіны, якая плаціць за беларускую эканамічную мадэль. Паколькі Эўразьвяз не зьбіраецца за яе плаціць, то яму даводзіцца задавальняцца маральным асуджэньнем.

Але гэта ня робіць беларускую мадэль самастойнай і беларускую палітыку сувэрэннай. Сувэрэннай палітыка стане тады, калі эканоміка пачне працаваць і Беларусь пачне карміць сама сябе — без таго, каб атрымліваць грошы звонку. Пакуль гэтага няма.

Што да нарастаньня расейскага ўплыву, я б сказаў, што Беларусь знаходзіцца глыбока на пэрыфэрыі расейскай палітыкі. Я пагаджуся са спадаром Лагвінцом у той частцы, што агульнадэмакратычныя каштоўнасьці ўспрымаюцца ў Расеі як нейкая пагроза, як аранжавая пагроза. Вядома, Расея не спэцыялізуецца на экспарце дэмакратыі, і яна ня будзе спрыяць як дэмакратычным, гэтак і любым іншым пераменам. Расейская стратэгія апошнія гады палягае ў тым, каб уплываць на эканоміку, а палітыка застаецца на выбар беларускага грамадзтва.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG