Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскім праваабаронцам забаранілі пікеты 8 сакавіка


Раман Юргель

Раман Юргель

У міжнародны жаночы дзень гарадзенскія праваабаронцы хацелі прыцягнуць увагу гараджан да праблемаў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама данесьці інфармацыю пра наяўнасьць палітычных вязьняў і ўмовы іх утрыманьня ў беларускіх турмах.

У адмове, якую 27 лютага атрымаў праваабаронца Раман Юргель з гарвыканкаму, гаворыцца, што заяўнікамі не прынята належных мераў па арганізацыі бясьпечных умоў правядзеньня заяўленага мерапрыемства.

Чыноўнікі нагадалі праваабаронцам, што забесьпячэньне грамадзкага парадку і бясьпекі, мэдыцынскага абслугоўваньня і прыбіраньне тэрыторыі ажыцьцяўляюцца спэцыялізаванымі арганізацыямі.

Праваабаронца Віктар Сазонаў патлумачыў «Свабодзе», што дату для правядзеньня пікетаў абралі невыпадкова. Месцы для правядзеньня пікетаў у Горадні вызначаныя ў бязьлюдных парках — Румлёўскім і Калоскім, а ў сьвяточныя дні, кажа Сазонаў, там гуляе шмат людзей.

Сёньня ж да Юргеля на кватэру завітаў супрацоўнік міліцыі, які прапанаваў яму падпісаць паперу, што ён папярэджаны аб адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкулу 23.34 КаАП РБ за правядзеньне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Юргель папрасіў ксэракопію, міліцыянт патэлефанаваў у РАУС начальству, але там не далі на гэта згоды. Юргель, у сваю чаргу, адмовіўся падпісваць паперу.

Праваабаронцы зазначаюць, што гарадзенскія ўлады ўжо амаль 10 гадоў не даюць актывістам апазыцыі і праваабаронцам ніводнага дазволу на правядзеньне пікетаў альбо масавых мерапрыемстваў.
XS
SM
MD
LG