Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Паўднёвай Афрыкі я разумею, што адчуваюць сучасныя немцы, наведваючы канцлягер Аўшвіц або музэй Галякосту. Пачуцьцё віны. І хоць я сам ніколі ня ўдзельнічаў у апартгэйдзе (наадварот — сам цярпеў ад міліцэйскіх дручкоў, трапляў на суткі), але я белы.

Мяне нібы гвалтоўна прымушалі адчуць сябе вінаватым.

І я адчуў.

На другі дзень канфэрэнцыі нас пасадзілі ў вялікі белы аўтобус і павезьлі праз увесь Яганэсбург у Музэй апартгэйду. Гэта, так бы мовіць, рытуал для кожнай прыежджай дэлегацыі. Па дарозе мы бачылі шкляныя хмарачосы і драўляныя аднапавярховыя халупы, бліскучыя кабрыялеты і сьмецьцевыя звалкі, на якіх таксама жывуць людзі. Побач з музэем месьціцца вялікі забаўляльны парк Gold Reef City, пабудаваны на закінутым радовішчы золата. У парку можна пакатацца на амэрыканскіх горках, залезьці на іржавы кран, пры дапамозе якога падымалі залатую руду, ну альбо проста прасадзіць грошы ў казіно. Забаўляльны парк разам з Музэем апартгэйду утвараюць вялікі турыстычны комплекс.

Музэй апартгэйду і парк забаваў утвараюць вялікі турыстычны комплекс

Музэй апартгэйду і парк забаваў утвараюць вялікі турыстычны комплекс


Уваход у музэй каштуе 8$. На квітку — пяць рознакаляровых партрэтаў Нэльсана Мандэлы.

Уздоўж бэтоннай сьцяны — невялікая сажалка (больш падобная на вялікую калюжыну). На сьцяне — залатымі літарамі выбіты надпіс: «Быць свабодным значыць ня проста скінуць зь сябе кайданы, але жыць, паважаючы і памнажаючы свабоду іншых. Нэльсан Мандэла, чэрвень 1999». Шэрагам выстаўленыя лавачкі з зацёртымі ад часу надпісамі: «Europeans only» альбо «Non-whites only». Побач — фатограф, прапануе зрабіць здымак на памяць.
Уваход у транспарт ці дзяржустановы асобны — для белых і для нябелых. Расавая сэгрэгацыя закранула ўсе сфэры жыцьця

Уваход у транспарт ці дзяржустановы асобны — для белых і для нябелых. Расавая сэгрэгацыя закранула ўсе сфэры жыцьця


Уваход у музэй таксама разьдзельны: для белых і для нябелых. Асабіста мне было складана прыняць рашэньне, якой дарогай пайсьці, каб не памыліцца і каб нікога не пакрыўдзіць. Сумленна пайшоў у турнікет «для белых». Як высьветлілася, экспазыцыя і там і там ідэнтычная. Збольшага гэта фотаздымкі тых самых лавачак, прапускоў, узоры пашпартоў, дзе пазначаная раса чалавека: чорны, белы, індыец і каляровы.
Прыбіральні таксама асобныя — для белых і нябелых

Прыбіральні таксама асобныя — для белых і нябелых


У наступных экспазыцыях музэю да дэталяў разжоўваюць, што ж такое апартгэйд, як ён паўстаў і як зь ім змагаліся. Гэта палітыка Нацыянальнай партыі Паўднёвай Афрыкі ў 1948-1994 гадах, заснаваная на расавай сэгрэгацыі. Эўрапейцам была неабходная танная працоўная сіла. Чарнаскурыя прымусова сьсяляліся ў своеасаблівыя рэзэрвацыі, працавалі ў шахтах ці ў сфэры абслугоўваньня.

Аўтобусны прыпынак — толькі для белых. Пляж — толькі для белых. Столік у кавярні — толькі для белых. У любую грамадзкую ўстанову існавала два ўваходы — для белых і нябелых. Нябелыя былі пазбаўленыя доступу да адукацыі, інфармацыі, культуры, выціснутыя на маргіналіі белаю меншынёю. Меншыня фармавала парлямэнт, выдавала законы, валодала фабрыкамі й грашыма.

Пасярод музэйнае залі — вялікі жоўты грузавік з кратамі на вокнах, па форме нешта сярэдняе паміж БТР і аўтазакам. Унівэрсальная машына для разгону дэманстрантаў. Спачатку ў ёй падвозяць паліцыю, а вывозяць — арыштаваных.
Паўднёваафрыканскі аўтазак

Паўднёваафрыканскі аўтазак


На сьцяне побач паказваюць фільм і хрыплы голас дыктара камэнтуе дакумэнтальную кроніку часоў апартгэйду. У фільме чорны гісторык, удзельнік супраціву параўноўвае апартгэйд зь нямецкім фашызмам. Мне здаецца, не зусім карэктна. Усё-ткі, апартгэйд не прадугледжваў генацыду і сусьветнай экспансіі.
Некаторыя здымкі нагадваюць Аўшвіц

Некаторыя здымкі нагадваюць Аўшвіц


Сьцены разьвешаныя разнамаснымі плякатамі і налепкамі, як прыхільнікаў белага ураду, так і руху супраціву. Калі іх перакласьці на беларускую мову, замяніць слова «апартгэйд» на «камунізм», «Мандэла» на «Пазьняк», можна падумаць, што плякаты зробленыя БНФ на стыку 80-90-х гадоў XX ст.
Нэльсан Мандэла — лідэр, камрад, перамоўнік, вязень, дзяржаўны дзяяч

Нэльсан Мандэла — лідэр, камрад, перамоўнік, вязень, дзяржаўны дзяяч


Па выхадзе з музэю наведнікам прапануюць паўдзельнічаць у нескладанай гульні. На дошцы — цытаты Нэльсана Мандэлы, прысьвечаныя розным тэмам: «Чалавечнасьць», «Лідэрства», «Шчодрасьць», «Узьяднаньне», «Гендэрная роўнасьць», «Свабода» і г. д.. Кожная з фразаў напісаная іншым колерам. Побач — кошык з чырвоным, зялёным, жоўтым, сінім і белым кіямі. Прапанавалася выбраць думкі Мандэлы, якія ты падзяляеш, узяць кій адпаведнага колеру і паставіць у клюмбу насупраць. Як сьвечкі ў царкве. Я паставіў свой кій за Свабоду, дзяўчаты — за гендэрную роўнасьць, — кожны знайшоў нешта для сябе.

Па заканчэньні экспазыцыі нам прапанавалі набыць сувэніры: бранзалет зь бісэру са словам «Праўда» (10$), кубак з партрэтам Мандэлы (15$), дыскі з афрыканскай музыкай (20$), майкі (25$). Цэны неадэкватна завышаныя, разьлічаныя, пэўна, на брытанскіх турыстаў.
Па дарозе да Soweto — стадыён, дзе адбываўся фінал Чэмпіянату сьвету па футболе 2010 году

Па дарозе да Soweto — стадыён, дзе адбываўся фінал Чэмпіянату сьвету па футболе 2010 году


Асаблівае ўражаньне на мяне пакінуў Soweto — прадмесьце, цяпер раён Яганэсбургу, дзе прымусова сялілі чарнаскурых. Нумараваныя вуліцы правільнага расплянаваньня, аднолькавыя аднапавярховыя шэрыя дамы, вузкія прастакутнікі гародаў. Усё гэта нагадвае гіганцкае гета. Вядома, падчас апартгэйду тут не стаяла аўтаматчыкаў на вежах. Проста каб зьезьдзіць у цэнтар гораду, чорны меў аддаць амаль палову жабрацкага заробку. Таму яны тут жылі і паміралі. Арганізоўвалі хатнія школкі, дзіцячыя садкі, стваралі суполкі самапомачы.
Дзеці любяць пазаваць перад фотакамэрамі турыстаў

Дзеці любяць пазаваць перад фотакамэрамі турыстаў


Мэмарыяльная кампазыцыя ў гонар моладзі, якая загінула за свабоду і дэмакратыю

Мэмарыяльная кампазыцыя ў гонар моладзі, якая загінула за свабоду і дэмакратыю



Амаль 20 гадоў, як апартгэйду ня стала, а людзі так і засталіся ў тых самых дамах, бальшыня — беспрацоўныя. На вуліцы, дзе жылі адразу два нобэлеўскія ляўрэаты Нэльсан Мандэла і Дэзманд Туту, гуляюць дзеці — з плястыкавымі бутэлькамі з прыклеенымі колкамі. Ну амаль як машынкі! Дзеці хоць і худыя, але вясёлыя. З задавальненьнем пазавалі перад фотакамэрай. Праз дарогу, хаваючыся пад кустом ад пякучага сонца, сядзеў бомж. Ён быў нечым заклапочаны, нават не павярнуў галавы.
Бамжы — такія ж, як і ў нас, толькі чорныя. Хаваюцца ад пякучага сонца.

Бамжы — такія ж, як і ў нас, толькі чорныя. Хаваюцца ад пякучага сонца.


Літаральна за некалькі кварталаў — вялікая экспазыцыя прысьвечаная жахам, якія адбываліся ў Soweto 30-40 гадоў таму. Музэй носіць яму Гектара Пэтэрсана. На стэндзе перад уваходам здымак: студэнт нясе акрываўленага хлопчыка, за ім бяжыць яго сястра. 12-гадовы Гектар Пэтэрсан загінуў ад паліцэйскай кулі. Школьнікі, узброеныя кіямі і камянямі, рушылі на ланцуг паліцыі. Тая спанікавала, пачала страляць. Пасярод дарогі — роўнай лініяй высаджаная трава. Гэта траекторыя, якой ляцела злашчасная куля. На помніку побач — прысьвячэньне: «У гонар моладзі, якая аддала свае жыцьці ў змаганьні за Свабоду і Дэмакратыю»
Лінія травы — траекторыя кулі, якая забіла Гектара Пэтэрсана — 12-гадовага ўдзельніка антыўрадавых пратэстаў

Лінія травы — траекторыя кулі, якая забіла Гектара Пэтэрсана — 12-гадовага ўдзельніка антыўрадавых пратэстаў


Экскурсію нам праводзіў дырэктар музэю. Часу было мала, таму мы прабегліся па ўсёй экспазыцыі за 20 хвілінаў. У прынцыпе, гэта музэй гісторыі Soweto: як раён выглядаў, як жылі і змагаліся. У нутраным дворыку на зямлі ляжаць цаглінкі з выбітымі імёнамі школьнікаў і датамі сьмерці. Бальшыня загінула ў 1976. У гэты год у Soweto адбыліся найбольш масавыя антыўладныя моладзевыя дэманстрацыі. На выхадзе з музэю можна набыць паштоўкі з крывавымі фотаздымкамі часоў супраціву.
У нутраным дворыку ляжаць цаглянкі. На кожнай — імя і дата сьмерці. Гэта моладзь, якая загінула падчас студэнцкага паўстаньня ў Soweto

У нутраным дворыку ляжаць цаглянкі. На кожнай — імя і дата сьмерці. Гэта моладзь, якая загінула падчас студэнцкага паўстаньня ў Soweto


Пра супраціў і міжнародны рух супраць апартгэйду чытайце ў наступных допісах майго блогу.

Чытайце таксама:
I. Наш чалавек у Паўднёвай Афрыцы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG