Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія чакалі зьяўленьня ў сьпісе неўязных у Эўрапейскі Зьвяз імя беларускага бізнэсоўца Юрыя Чыжа. У апошнія гады пры ягоным прозьвішчы нярэдка ўжываюць слова «імпэрыя».

У сфэру інтарэсаў Юрыя Чыжа ўваходзяць паліўна-энэргетычны комплекс, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў, транспартныя і мытныя паслугі, фармацэўтыка, рэстараны, адпачынак, спорт. І гэта — ня поўны сьпіс. Менавіта гэтым і тлумачыцца спалучэньне ягонага прозьвішча са словамі «бізнэс-імпэрыя».

У штогадовым рэйтынгу 200 самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі за 2011 год, які днямі падрыхтаваў інтэрнэт-партал «Ежедневник», Юры Чыж займае другое месца. Ён саступае толькі Ўладзімеру Пефціеву.

Складальнік гэтага рэйтынгу Вадзім Сяховіч сказаў «Свабодзе», што Юры Чыж пачаў свой шлях у бізнэс са спорту:

«У нас вельмі шмат бізнэсоўцаў-спартоўцаў. І калі пачаўся развал Савецкага Саюзу, багата спартоўцаў пайшлі альбо ў бізнэс, альбо пачалі „крышаваць“ бізнэс. Чыжа часам называюць „нязьдзейсьненым рэкецірам“, бо ён быў вядомы барэц, майстар спорту.

Памятаю, што свой бізнэс ён чамусьці пачынаў з дываноў. Прывозіў і прадаваў тут дываны з Бэльгіі. Тады гэта быў вялікі бізнэс і шмат хто ім займаўся».

Але гэта быў толькі подступ да сапраўднага бізнэсу — працягвае Вадзім Сяховіч:

«І такі першы праект, калі зьявілася кампанія „Трайпл“, быў зьвязаны з будаўнічымі матэрыяламі. Ён пачаў вельмі шпарка рабіць вокны ПВХ. І вельмі, як кажуць, да месца стаў праект „Аква-трайпл“, які ўзьнік крыху пазьней».

Бізнэс Чыжа пачаў імкліва пашырацца. І найперш празь ягоныя сувязі з уладнымі структурамі — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Гэта так званы намэнклятурны бізнэс. Ён лёгка расшыфроўваецца. Там бізнэсу, па вялікім рахунку, ужо няма. Гэта проста робяць грошы пры дапамозе прадстаўнікоў улады».

Аднак у кар’еры Чыжа быў і няўдалы бізнэс, — згадвае Вадзім Сяховіч:

«Ён у свой час быў суакцыянэрам Беларускага біржавога банку, які пасьля з трэскам лопнуў. І вось што цікава — дагэтуль у імпэрыі Чыжа няма банкаўскіх актываў. Мабыць, дае пра сябе знаць той няўдалы фінансавы досьвед. Праўда, сёлета хадзілі чуткі, што ён выкупіць банк „Менск-Масква“. Але, мабыць, грошай у яго не хапае».
Юрый Чыж адкрыў у Менску сетку гіпэрмаркетаў.

Юрый Чыж адкрыў у Менску сетку гіпэрмаркетаў.


Час ад часу ў інтэрнэце зьяўляюцца сьпісы самых багатых людзей Беларусі. Юры Чыж там у першай дзясятцы. Але давяраць гэтым лічбам нельга — кажа Леанід Заіка:

«Гэты сьпіс не валідны. Бо каб ацаніць сапраўдны фінансавы стан, найперш трэба выйсьці зь ценю. Трэба будзе задэкляраваць свае прыбыткі. І паказаць, адкуль узятыя грошы. Напрыклад, адкуль ты мільярд зарабіў? Гандляваў зброяй. Хіба ж гэта бізнэс? Так, намэнклятурныя гульні».
Мне цяжка сказаць, спрыяе кіраўнік дзяржавы яму альбо не. Але тое, што яны разам косяць траву і робяць гэта прылюдна, сьведчыць пра тое, што дачыненьні ў іх добрыя.

Юрыя Чыжа час ад часу можна бачыць побач з Аляксандрам Лукашэнкам.

Вадзім Сяховіч: «Мне цяжка сказаць, спрыяе кіраўнік дзяржавы яму альбо не. Але тое, што яны разам косяць траву і робяць гэта прылюдна, сьведчыць пра тое, што дачыненьні ў іх добрыя. Чыж разам з тым жа Пефціевым і яшчэ некалькімі бізнэсоўцамі — спонсар прэзыдэнцкага спартовага клюбу. І гэта таксама сьведчыць пра тое, што ў яго добрыя сувязі».

Леанід Заіка лічыць, што ў беларускай структуры бізнэсу за Юрыем Чыжом незалежна ад рашэньня Эўразьвязу захаваецца цёплае месца. Чаму?

«Ён ніколі не заяўляў, што хоча быць прэзыдэнтам. У адрозьненьне ад таго ж Хадаркоўскага».

Прадпрымальнік Павал Жук некалі меў друкарню на чыжоўскіх плошчах. Ён лічыць, што шпаркае разьвіцьцё бізнэсу Юрыя Чыжа, якога называюць сябрам Лукашэнкі, тлумачыцца проста:

«Чалавек так падстроіўся пад уладу. Проста так гэта не бывае. Проста ўвайшоў у давер, нейкую частку аддае куды трэба. А яму даюць магчымасьць. Ён у свой час узяў падрад на перабудову ўсіх вайсковых гарадкоў. Потым надышоў крызіс, усё там завалілася, ён страціў нейкія грошы. Таксама некалькі дамоў узяў у цэнтральных месцах. Адзін вельмі шпарка будуецца, а ўсе астатнія закінутыя. Бо грошай няма, яму гэта даруецца. З „Ітэрай“ скасавалі кантракт, а яму можна рабіць усё што заўгодна. Бо ўвайшоў у давер. Ня ведаю, якія працэнты ён там аддае, што ён там робіць. Але гэта прыватная дамоўленасьць з самымі высокімі асобамі ў дзяржаве».
Слодычы ў «Салодкім фальварку» — таксама «ад Чыжа»

Слодычы ў «Салодкім фальварку» — таксама «ад Чыжа»



Чыж і ягоны бізнэс


Славенская будаўнічая фірма Riko Group будзе браць удзел у прэстыжным будаўнічым праекце ў гістарычным цэнтры Менску. Ён тычыцца гатэля «Кемпінскі», дзе інвэстарам выступае «Эліт Эстэйт».

Як паведаміла прадстаўніца «Трайпла» Аксана Хрусталёва, «Эліт Эстэйт» мае дачыненьне да кампаніі «Трайпл». Аднак яна адмовілася даваць камэнтары і нейкія іншыя падрабязнасьці. Аглядальнікі не выключаюць, што менавіта ўдзел Славеніі ў гэтым праекце мог паўплываць на яе стаўленьне да эўрапейскіх санкцыяў адносна Беларусі. Для Юрыя Чыжа гэта ня першы праект. У чэрвені гэтага году чакаецца здача жылога комплексу прэміюм-клясу «Ля Траецкага», які таксама ўзводзіцца ў гістарычным цэнтры Менску.
Будаўніцтва жылога комплексу прэміюм-клясу «Ля Траецкага».

Будаўніцтва жылога комплексу прэміюм-клясу «Ля Траецкага».


Спэцыяліст па продажах Павал Пратасоўскі: «Комплекс уяўляе сабою шматкватэрны жылы дом на 235 кватэр. І яшчэ ўбудаваны трохузроўневы падземны паркінг і нежылыя памяшканьні — офісы і крамы. Ён знаходзіцца ў найлепшым месцы сталіцы. Значная частка кватэраў прададзена. На сёньняшні дзень кошт квадратнага мэтра — 3 тысячы даляраў ЗША. На сёньня ў рамках будаўніцтва — гэта асноўны праект, які знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі».

Юрыю Чыжу тналежыць група кампаніяў «Трайпл», дзе працуе каля 5 тысяч чалавек.

Яго інтарэсы палягаюць у розных сфэрах — ад аптовага гандлю нафтапрадуктамі і будаўніцтва да вытворчасьці безалькагольных напояў, гатэльнага бізнэсу, імпарту алькагольных напояў і нават гадоўлі сярэднеазіяцкіх аўчарак.

Сярод аб’ектаў, якія належаць Чыжу, — рэстаран-піваварня «Ракаўскі бровар» і сельскагаспадарчы комплекс «Трайпл-агра» на тэрыторыі Астрашыцкага сельсавету, паблізу прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі.
Рэстаран-піваварня «Ракаўскі бровар»

Рэстаран-піваварня «Ракаўскі бровар»


Юрый Чыж — старшыня назіральнай рады футбольнага клюбу «Дынама» і старшыня Беларускай фэдэрацыі барацьбы. Выканаўчы дырэктар фэдэрацыі Мікалай Палазьнік кажа, што Чыж для фэдэрацыі — гэта найлепшы варыянт. Пра магчымасьць уключэньня Чыжа ў сьпіс неўязных ён кажа:

«Я думаю, гэта глупства. Гэта ўсё ўчорашні дзень. Цяпер трэба знаходзіць агульную мову і зь ім, і з усімі іншымі кіраўнікамі ў краіне».
XS
SM
MD
LG