Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі палітвязьняў — за пашырэньне сьпісу неўязных


Сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу пашыраецца яшчэ на 21 асобу за кошт чыноўнікаў і прадстаўнікоў сілавога блёку, якія маюць дачыненьне да рэпрэсіяў. Як да гэтага паставіліся сваякі палітвязьняў?

Павал Севярынец адбывае 3 гады «хіміі» за ўдзел у падзеях 19 сьнежня.
Павал Севярынец адбывае 3 гады «хіміі» за ўдзел у падзеях 19 сьнежня.
Палітвязень Павал Севярынец гэтак пракамэнтаваў зьвесткі пра тое, што Эўразьвяз усё ж такі пашырыць сьпіс неўязных у краіны аб’яднанай Эўропы яшчэ на 21 прадстаўніка ўлады і праваахоўнага блёку Беларусі.

«Пазыцыя Эўропы — гэта пазыцыя староньняга назіральніка. Калі б яны ўвялі санкцыі супроць 135 чалавек, гэта б азначала, што яны цалкам разьвіталіся з магчымасьцю неяк на сытуацыю паўплываць. Тое, што ўведзеныя санкцыі супроць 20 чалавек, азначае, што, магчыма, нейкія спадзяваньні на размову з Лукашэнкам захоўваюцца. Усё як на торжышчы: там лёсы палітвязьняў, тут лёсы тых, каго не пускаюць у Эўразьвяз. На жаль, сыстэма ўлады Лукашэнкі прывяла да таго, што людзьмі фактычна гандлююць».

Паводле Паўла Севярынца, найперш ад гэтага рашэньня выйграе Расея. Палітвязень нагадаў, што днямі прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў падтрымаў Аляксандра Лукашэнку ў ягоных спрэчках з Эўразьвязам, паабяцаўшы пэўную дапамогу, між тым як у палітычных кулюарах ішлі размовы пра перамовы беларускага рэжыму з Захадам:

«Заўсёды, як толькі зьявіцца хоць нейкая пэрспэктыва на дыялёг Беларусі з Эўропай, адразу ўзьнікае Расея са сваёй падтрымкай рэжыму, і ніякага збліжэньня не адбываецца».

Паводле агенцтва «Франс прэс», хто дакладна трапіў у сьпіс 21-го, стане вядома заўтра, 28 лютага. Назіральнікі мяркуюць, што ў сьпісе мусяць апынуцца чыноўнікі, датычныя да перасьледу кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, якога суд асудзіў на 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўтойваньні вялікіх прыбыткаў. Жонка Бяляцкага Натальля Пінчук папрасіла час на тое, каб азнаёміцца са сьпісам:

«Усё ж такі я хачу азнаёміцца з гэтым сьпісам, усё прачытаць, асэнсаваць, а ўжо потым выказаць сваё меркаваньне».

Марына Адамовіч
Марына Адамовіч
Марына Адамовіч, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, кажа, што нічога іншага, як пашырэньня сьпісу неўязных, не чакала:

«Мяркую, Эўропа мусіць, сказаўшы „а“, настойваць на сваёй пазыцыі. Бо тое, што адбываецца ў нашай краіне, ня толькі супярэчыць дэмакратычным і гуманітарным каштоўнасьцям, але становіцца з кожным днём усё больш цынічным, непрымальным. Гэтыя меры, канешне, мінімальныя з таго, што можа зрабіць Эўропа. Але і гэта ўсё ж дэманструе нязгоду зь дзеяньнямі, якія парушаюць нормы маралі і закону».

Што дае забарона на ўезд у краіны Эўропы людзям, якія працягваюць працу на дзяржаўнай службе? Марына Адамовіч мяркуе, што забарона мае вялікі маральны эфэкт на ўсё грамадзтва:

«Мяркуючы па камэнтарах спадарыні Ярмошынай адносна гэтых санкцыяў, нават на такіх прынцыповых апалягетаў рэжыму, якія называюць сябе людзьмі прэзыдэнта, гэта ўсё ж такі ўплывае».

Алена Каваленка
Алена Каваленка
Жонка жыхара Віцебску Сяргея Каваленкі Алена вітае санкцыі, але не хавае і расчараваньня тым, што рашэньне міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу тычылася ўсяго 21 чыноўніка:

«Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі толькі пагаршаецца, і санкцыі трэба пашыраць. У новы сьпіс трапіў толькі 21 чалавек, гэтага мала. Трэба пашыраць сьпіс ня толькі за кошт выканаўцаў, а найперш за кошт тых, хто ёсьць мазгавым цэнтрам подласьцяў і пакасьцяў, якія чыняцца адносна змагароў за Беларусь».

Тры дні таму суд пакараў Сяргея Каваленку 2 гадамі і месяцам калёніі за парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG