Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва прызнаюць, што ў 2011 годзе, з-за крызісу ў эканоміцы, Беларусь сутыкнулася з працоўнай міграцыяй.

«Міграцыйныя працэсы сталі для нас аб’ектыўнай рэальнасьцю. Але мы павінны імкнуцца максымальна скараціць аб’ёмы выезду за кошт паляпшэньня ўмоваў працы ўнутры рэспублікі і выраўноўваньня іх у рамках Адзінай эканамічнай прасторы», — адзначылі ў міністэрстве ў інтэрвію Інтэрфаксу.

Па дадзеных спэцыялістаў міністэрства ў 2011 годзе ў рамках аптымізацыі кадравай колькасьці былі ліквідаваныя аб’яднаньне «Белбыт», канцэрн «Белбіяфарм», прайшлі скарачэньні работнікаў шэрагу валаўтваральных прадпрыемстваў. Цяпер вядзецца ліквідацыя Магілёўскага заводу штучнага валакна. Да 1 красавіка 2012 году на гэтым прадпрыемстве плянуецца скараціць 835 чалавек з больш чым 1,4 тыс. работнікаў прадпрыемства.

У Мінпрацы таксама паведамілі, што ў 2012 годзе зь бюджэту на фінансаваньне дзяржаўнай праграмы занятасьці будзе выдзелена 225, 9 млрд. беларускіх рублёў.

Між тым, у міністэрстве эканомікі Беларусі канстатавалі, што «сытуацыя на рынку працы рэспублікі застаецца кіруемай». Па дадзеных на 1 лютага сёлета ўзровень беспрацоўя ў рэспубліцы склаў 0,7% эканамічна актыўнага насельніцтва.

Тым часам у Мінэканомікі прызналі, што па выніках 2011 году ў эканоміцы было занята 4 мільёны 630 тысяч чалавек, што прыкладна на 40 тыс. чалавек менш, чым прагназавалася. «Зьніжэньне гэтага паказьніка абумоўлена дэмаграфічным фактарам і правядзеньнем у 2011 годзе аптымізацыі кадравай палітыкі на цэлым шэрагу прадпрыемстваў», — адзначылі ў міністэрстве.

Па зьвестках Мінэканомікі ў 2011 годзе колькасьць працоўных, якія працавалі ў рэжыме няпоўнай занятасьці, скарацілася прыкладна на траціну, што зьяўляецца самым высокім вынікам за апошнія 5 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG