Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Значная частка пратэстнай расейскай супольнасьці абмяркоўвала апошнія дні загадкавыя падзеі. Фізычна моцныя маладыя людзі акупавалі кафэ і рэстараны на Нікіцкім бульвары ў Маскве. Ды не абы якія кафэ, а менавіта тыя, дзе звычайна бавяць час апазыцыйныя актывісты ды палова журналісцкай Масквы, ці, скажам так, дэмакратычнай яе часткі.

Маладыя людзі прыходзяць, сядаюць за столікі, ставяць на яго шыльдачку «Столік за Пуціна» і доўга-доўга вячэраюць, але нічога ня п’юць. Дарэмна, канешне, бо ў самым вядомым з гэтых месцаў — францускай рэстарацыі «Жан-Жак» — вельмі добрая і разам з тым дэмакратычная па сваіх коштах вінная карта. Лібэральная супольнасьць вылучае вэрсіі, самая распаўсюджаная зь якіх — гэта акцыя пракрамлёўскай моладзі з руху «Нашы». Праўда, навошта яны гэта робяць, думак значна больш. На бойку нарываюцца? Па дробязі паскудзяць? Спрабуюць дэмаралізаваць ідэалягічных праціўнікаў, пазбавіўшы звычайных месцаў для вячэры? І на якія грошы, дарэчы, гуляюць? Бо сярэдні рахунак у такім месцы, нават без алькаголю — даляраў 100-150.

Ня сьмешна гэта ўсё, зразумела. «Пакуль вы змагаецеся за рэстараны, Пуцін стане прэзыдэнтам», — напісаў адзін камэнтатар гэтай дыскусіі. Мне ж падаецца, што такія сюжэты зьяўляюцца менавіта таму, што вынікі выбараў амаль прадвызначаныя. Калі б праўладныя актывісты непакоіліся за вынікі выбараў, ня тым бы яны займаліся, а пахалі б на павялічэньне рэйтынгу Пуціна. Але, відаць, іх ня просяць.

Візуальна інтрыга яшчэ, канешне, застаецца. Так учора, у нядзелю, адбылася
Адна справа — стаяць у вялікім натоўпе, другая — у тонкім ланцужку.

чарговая акцыя апазыцыі «Белае кола». Яна, безумоўна, была ўнушальнай і эфэктнай. Трыццаць тысячаў чалавек паўсталі ў адзін шэраг уздоўж Садовага кола. Так бы мовіць, узялі Крэмль у аблогу. У псыхалягічным пляне сабраць гэтыя 30 тысячаў, магчыма, нават цяжэй, чым 100 тысячаў на Балотнай плошчы. Бо адна справа — стаяць у вялікім натоўпе, другая — у тонкім ланцужку.

Так званая новая расейская апазыцыя засьведчыла, што энэргіі і крэатыву ў яе яшчэ хапае. Але калі на ўсе гэтыя падзеі глядзець крыху збоку, то робіцца зразумела, што патэнцыялу для пашырэньня пратэсту няма. Усталяваўся нейкі status quo ў грамадзтве, калі варагуючыя бакі выклалі свае козыры, акрэсьлілі траншэямі пазыцыі. Гэткая акопная вайна. І калі посьпехі ў гэтым супрацьстаяньні і магчымыя, то толькі лякальныя. Плюс працэнт туды, плюс тры сюды...

Ясна, што на кожныя 100 тысяч апазыцыі Пуцін можа адказаць 130 тысячамі ў Лужніках. Ясна, што на лёзунгі «Хопіць карміць Каўказ», пэўная частка грамадзтва можа адказаць «Хопіць карміць Маскву». Фактычна адбылося пазыцыянаваньне «свой-чужы», і выбар тых, хто ня вызначыўся, ужо ні на што не ўплывае. Прынамсі, на гэтых выбарах.

Для апазыцыі пачынаецца новы пэрыяд, дзе галоўнымі будуць ужо ня вулічныя акцыі пратэсту, а штодзённая праца па пабудове новага палітычнага руху.
Для апазыцыі пачынаецца новы пэрыяд, дзе галоўнымі будуць ужо ня вулічныя акцыі пратэсту.

Справяцца ці ня справяцца — вось што цяпер галоўнае, а ня тое, пераможа Пуцін у першым туры ці ў другім. А дзейнічаць жа давядзецца не ў самых спрыяльных умовах. Па-першае, ня выключана, што адразу пасьля выбараў мы пабачым у тым ці іншым выглядзе пуцінскую рэакцыю. Па другое, натуральным шляхам спадзе энтузіязм тых, хто выходзіў і выходзіць на плошчу. І пытаньне, што стане з гэтымі людзьмі — яны перажывуць расчараваньне ў палітыцы, ці зразумеюць, што «ўсё толькі пачынаецца», як сказаў Рыгор Яўлінскі, для якога, прынамсі гэтым разам, усё ўжо скончылася

Як утрымаць як мага больш гэтых людзей у палітыцы і якую асобу прапанаваць у якасьці рэальнай альтэрнатывы Пуціну — вось пра што трэба думаць цяпер апазыцыйным партыям а не перажываць аб тым, што «нашысты» сваім зьяўленьнем апаганілі неперадавальную атмасфэру «Жан-Жаку».

Бо, як гаварыў ідэоляг Вялікай францускай рэвалюцыі Жан Жак Русо, «свабода не палягае ні ў якай форме кіраваньня, яна ў сэрцы кожнага свабоднага чалавека». А ня ў модным шынку ягонага імя ў расейскай сталіцы.
XS
SM
MD
LG