Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы мэнэджэр ЮКАСу: Пасьля арышту жыцьцё ператварылася ў кашмар


Уладзімер Пераверзін
Уладзімер Пераверзін

Уладзімер Пераверзін, былы топ-мэнэджэр нафтавай кампаніі ЮКАС, даў Financial Times першае інтэрвію пасьля свайго вызваленьня 15 лютага 2012 году.

У гутарцы з карэспандэнтам Financial Times былы намесьнік дырэктара дырэкцыі зьнешняга доўгу кампаніі ЮКАС сказаў, што пасьля арышту ў сьнежні 2004 году «яго жыцьцё ператварылася ў кашмар».

«Калі пракурор папрасіў прызначыць мне пакараньне ў выглядзе 11 гадоў пазбаўленьня волі, я ня мог у гэта паверыць. Я думаў, што гэта памылка. Яны зламалі маё жыцьцё», — сказаў былы бізнэсовец.

«Як толькі за вамі зачыняецца брама калёніі, вы апынаецеся ў 30-х гадах, — кажа Пераверзін, — у Расеі пануе прававое бязьмежжа. Як краіна можа лічыцца сучаснай і цывілізаванай, калі ўсяго толькі за 100 кілямэтраў ад Масквы адбываюцца такія рэчы?»

Паводле Пераверзіна, турэмныя баракі былі перапоўненыя, у прыбіральню было «проста немагчыма ўвайсьці», а «абед складаўся з кашы, якую было немагчыма есьці». Былы топ-мэнэджэр ЮКАСу працаваў на швейнай вытворчасьці, дзе «паветра быў настолькі насычанае хімічнымі рэчывамі, што ён як астматык пачынаў задыхацца».

Пасьля трох гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму ў Меліхаве Пераверзіна перавялі ва Ўладзімірскую турму, дзе ён страціў усякую надзею на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, паколькі яго абвінавацілі ў спробе распачаць бойку зь іншымі вязьнямі. «Пасьля таго, як ён падаў пазоў супраць турэмнага начальства, яго сталі ўсяляк правакаваць сукамэрнікі», паведамляе выданьне.

«Я зразумеў, што ў мяне было толькі два выбары: альбо адклікаць пазоў, або забіць кагосьці, або быць забітым самому», — прызнаўся Пераверзін.

Таксама Пераверзін распавёў, што плянаваў нанесьці шкоду здароўю, каб патрапіць у шпіталь.

«Я плянаваў разрэзаць жывот так, каб былі бачныя вантробы. Яны павінны былі перавесьці мяне ў шпіталь», — паведаміў ён.

Уладзімір Пераверзін быў арыштаваны ў сьнежні 2004 году. У 2007 годзе Басманны суд Масквы абвінаваціў яго па артыкулах «Прысваеньне даручанай маёмасьці арганізаванай групай у асабліва буйным памеры» і «Легалізацыя (адмываньне) грашовых сродкаў або іншай маёмасьці групай асоб па папярэдняй змове» і асудзіў яго да 11 гадоў пазбаўленьня волі. 13 студзеня 2012 году Петушынскі раённы суд зьнізіў тэрмін зьняволеньня на адзін год і два месяцы. 15 лютага 2012 году ён выйшаў на волю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG