Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як аблягчыць боль у сьпіне, плячы, калене, клубе.

Хранічны боль мае розныя формы, боль у суставах не выключэньне. Калі вы пакутуеце ад нягнуткіх слабых суставаў, вы не самотныя. Сотні мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце хварэюць на астэаартрыт – самую распаўсюджаную прычыну болю ў суставах.

Ёсьць і іншыя прычыны: пашкоджаньне зьвязак і сухажыльляў, разрыў цягліцаў, празьмерная вага, скрыўленьне хрыбта, узрост, маларухомы лад жыцьця. Якой бы ні была прычына, ёсьць некалькі спосабаў аблягчэньня болю ў клубах, каленях, плячах і сьпіне. Вось яны:

1. Ежа аблягчае боль. Вядома, ежа ня можа абараніць або вылечыць ад болю ў суставах, але пэўныя мікраэлемэнты павялічваюць тонус цягліцаў і моц костак, засьцерагаюць ад нападу болю. Дадайце ў свой рацыён прадукты, багатыя на амэга-3 тлушчавыя кіслоты, поліфэнол, а таксама на вітаміны С, К, D.

2. Рух палягчае боль. Змагайцеся з жаданьнем прылегчы на канапу, рухайцеся праз боль. Навошта? Фізычныя нагрузкі прыводзяць да выпрацоўкі вадкасьці, якая служыць для змазкі суставаў, палягчае боль, аднаўляе ўсе функцыі арганізму. Гэта таксама спрыяе росту храстка ў калене. Пракансультуйцеся ў доктара наконт практыкаваньняў, якія будуць карысныя вашаму арганізму.

3. Сачыце за сваёй вагой. Калі вы пакутуеце на празьмерную вагу, распрацуйце з доктарам бясьпечную дыету. Кожны лішні кіляграм стварае ціск 4 кіляграмы на вашы калені, а таксама зьяўляецца прычынай болю ў сьпіне і клубах.

4. Кантактуйце са сваім доктарам. Падзяліцеся сваімі скаргамі з тэрапэўтам, запытайцеся, які спэцыяліст вам можа дапамагчы адолець боль у суставах. Парады і прызначэньні артапэда і/або фізіятэрапэўта могуць быць больш эфэктыўнымі ў змаганьні з болем.

5. Прыслухоўвайцеся да свайго цела. Паменшыце нагрузкі і пазьбягайце дзейнасьці, якая выклікае боль у суставах: ня бегайце на доўгія дыстанцыі, не падымайце цяжкіх прадметаў, ня стойце на каленях падчас праполкі градак. Вядзіце дзёньнік свайго болю і занатоўвайце тыя віды дзейнасьці, якія палягчаюць ці пагаршаюць ваш боль.
XS
SM
MD
LG