Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргею Каваленку дазволілі спатканьне з жонкай


Алена Каваленка

Алена Каваленка

Суд Першамайскага раёну Віцебску даў асуджанаму на 2 гады і 1 месяц калёніі актывісту КХП-БНФ Сяргею Каваленку дазвол на спатканьне з жонкай.

Як паведаміла «Свабодзе» Алена Каваленка, спатканьне са зьняволеным мужам прызначанае на бліжэйшы аўторак.

Алена Каваленка наведала сёньня сьледчы ізалятар Віцебску, дзе мела гутарку з кіраўніком мэдычнай часткі. Той паведаміў, што Сяргей працягвае галадоўку, але п’е ваду.

«Стан здароўя ў яго здавальняючы, у тэрміновай шпіталізацыі ня мае патрэбы, ад мэдыцынскай дапамогі адмаўляецца»,— паведаміў Алене турэмны лекар Шчарбакоў.

Сяргей Каваленка галадае на знак пратэсту супраць незаконнага арышту і патрабуе, каб мэдычную дапамогу яму аказвалі не ў турэмным, а ў цывільным шпіталі. Турэмным лекарам ён не давярае. Раней Алена праз СІЗА перадавала Сяргею вітаміны, але іх вярнулі, сказалі, што муж ня ўзяў.

«Сёньня адвакаты Каваленкі атрымаюць на рукі вырак судзьдзі Алены Жук і заўтра разам зь Сяргеем пачнуць пісаць скаргу на яго ў суд вышэйшай інстанцыі», — паведаміла «Свабодзе» Алена Каваленка.

Сяргея Каваленку пакаралі 2 гадамі 1 месяцам калёніі агульнага рэжыму нібыта за парушэньні рэжыму так званай «хатняй хіміі» — абмежаваньня волі, якое яму прысудзілі за сьцяг, вывешаны на галоўнай ёлцы Віцебску 7 студзеня 2010 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG