Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы канал расейскага тэлебачаньня сёньня паведаміў, што спэцслужбы Ўкраіны і Расеі сарвалі пляны тэрарыстаў, якія рыхтавалі замах на прэм’ер-міністра РФ Уладзімера Пуціна.

У Адэсе былі схопленыя бандыты, якія знаходзіліся ў міжнародным вышуку. Зь іх паказаньняў стала вядома, што забіць Пуціна яны зьбіраліся ў Маскве адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 4 сакавіка, паведаміў тэлеканал. Пуцін балятуецца ў прэзыдэнты ад кіруючай партыі «Единая Россия».

У цэнтры грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі агенцтву РИА-Новости сказалі, што не абвяргаюць інфармацыю тэлеканалу, але раскрываць якія-небудзь падрабязнасьці ня будуць.

У сваю чаргу прадстаўнік адной з расейскіх спэцслужбаў патлумачыў РИА-Новости, што заўсёды правяраюцца любыя сыгналы аб пагрозах на адрас кіраўнікоў краіны. «Уся такая інфармацыя робіцца прадметам сур’ёзнай праверкі, нават калі яна зыходзіць ад ўскосных крыніц. У дадзеным выпадку фігуруюць канкрэтныя асобы, якія падазраюцца ў тэрарыстычнай дзейнасьці», — сказаў суразмоўца агенцтва.

У пачатку лютага ўкраінскія СМІ паведамілі пра спэцапэрацыю ў Адэсе, падчас якой байцы спэцпадразьдзяленьня СБУ «Альфа» затрымалі двух баевікоў, якія падазраюцца ў арганізацыі тэракту.

На пачатку студзеня Галоўнае ўпраўленьне МУС Украіны ў Адэскай вобласьці распачала крымінальную справу па факце выбуху і пажару ў доме па вуліцы Ціраспальская, 24 у Адэсе, падчас якога загінуў 26-гадовы грамадзянін РФ і сур’ёзна пацярпеў 28-гадовы грамадзянін Казахстану. Трэці жыхар кватэры схаваўся. Па дадзеных СМІ, гэта быў Адам Асмаеў. Выбух адбыўся падчас вырабу выбуховай прылады.

«Ужо 6 студзеня СБУ Ўкраіны накіравала тэрміновую тэлеграму сваім калегам з ФСБ Расеі: адзін з тых, хто здымаў кватэру, пры выбуху загінуў, яшчэ аднаго, абгарэлага, удалося выратаваць. Яго адразу ж дапыталі, паколькі сярод рэчаў знайшлі часткі выбуховых прыстасаваньняў. Мяркуючы па паказаньнях Ільлі П’янзіна, які застаўся жывы, яны разам з загіблым Русланам Мадаевым прыляцелі з Арабскіх Эміратаў праз Турцыю з дакладнымі інструкцыямі ад прадстаўнікоў Доку Умарава», — паведаміў карэспандэнт каналу.

Першы канал прадэманстраваў кадры допыту П’янзіна.

«Яны сказалі, што для пачатку паедзеце ў Адэсу. Навучыцеся там вырабляць бомбы. А потым ужо далей, у Маскве, будзеце рабіць дывэрсіі на эканамічных аб’ектах. У далейшым — замах на Пуціна. Потым мы прыляцелі ў Адэсу. Руслану далі нумар чалавека, які меўся сустрэць нас тут», — распавёў затрыманы.

Як гаворыцца ў рэпартажы, спэцслужбы Ўкраіны і Расеі працавалі сумесна і вельмі эфэктыўна. «Трэці ўдзельнік банды быў затрыманы ўкраінскім спэцназам. Адам Асмаеў тры гады знаходзіўся ў міжнародным вышуку, ён ахвотна супрацоўнічае са сьледзтвам, спадзеючыся, што гэта дапаможа пазьбегнуць экстрадыцыі ў Расею», — паведамляе расейскі Першы канал.

Цяпер Асмаеў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Службы бясьпекі Ўкраіны ў Адэсе.

«Канчатковая мэта была паехаць у Маскву і паспрабаваць зрабіць замах на прэм’ера Пуціна. Ёсьць такія міны ваеннага ўзору, якія называюцца супрацьбортныя міны. Так што не абавязкова нават, каб быў сьмяротнік», — распавёў Асмаеў на допыце, запіс якога прадэманстравала тэлебачаньне.

«Загіблы, напрыклад, быў гатовы пайсьці сьмяротнікам», — сказаў Адам Асмаеў, удакладніўшы, што сам ён не пайшоў бы.

Менавіта Асмаеў, які да гэтага доўгі час жыў за мяжой у Лёндане, быў сувязьніком тэрарыстаў у Адэсе і інструктарам. Ён павінен быў навучыць іх і пераправіць у Маскву. Увесь плян падрыхтоўкі апэратыўнікі знайшлі ў яго ноўтбуку

«Сярод файлаў знойдзена відэа з праездам картэжаў, у прыватнасьці, картэжу Пуціна. Каб мелася ўяўленьне, дзе сядзіць асоба, якая ахоўваецца, колькі машын суправаджае, з розных ракурсаў, з розных вуліц. Гэта значыць, людзі навучаліся не на адным прыкладзе, а на некалькіх», — паведаміў апэратыўны супрацоўнік ФСБ.

Частка дэтанатараў і плястыту была завезеная ў Маскву загадзя. Разам з той выбухоўкай, якой была начыненая машына, якую супрацоўнікі ФСБ разьмінавалі на Прафсаюзнай вуліцы ў Маскве яшчэ ў траўні 2007 году.

Разьлічваючы на ласку, месца захаваньня выбуховых прыстасаваньня і рэчываў паблізу Кутузаўскага праспэкту ў Маскве паказаў сам Асмаеў.

«Быў бы прыстойны выбух. Дастатковы, каб зьнішчыць грузавую машыну», — паведаміў апэратыўны супрацоўнік ФСБ.

Асмаеў не адмаўляе, што дасканала вывучаў шляхі перамяшчэньня ўрадавых картэжаў па Маскве, і прызнаўся, што падрыхтоўка да тэракту ўжо завяршалася: «Дэдлайн быў пасьля выбараў прэзыдэнта Расеі».

Украінскія СМІ паведамлялі, што разам з выхадцам з Паўночнага Каўказу Адамам Асмаевым быў затрыманы і яго бацька Асланбек Асмаеў. Адама і Асламбека Асмаевых шукала ФСБ па падазрэньні ў дачыненьні да арганізацыі тэракту, які быў прадухілены 9 траўня 2007 году. Па некаторых зьвестках, яны ўваходзілі ў дывэрсійную групу, падкантрольную тэрарысту Доку Умараву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG