Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне пра чэмпіянат па хакеі-2014 абмяркуюць на Кангрэсе IIHF


Пра гэта паведаміў швэдзкаму выданьню Svenska Dagbladet мэнэджэр Міжнароднай фэдэрацыі хакея з шайбай Шымон Шэмбэрг.

Паводле ягоных словаў, абмеркаваць гэтае пытаньне на вышэйшым органе IIHF — кангрэсе, які зьбярэцца сёлета ў траўні ў Хэльсынкі, пастанавіла днямі на сваім паседжаньні Рада фэдэрацыі. Прычынай сталі няспынныя патрабаваньні праваабаронцаў і ўсясьветнай грамадзкасьці зьмяніць месца правядзеньня першынства. Пратэсты доўжацца ад 2009 году, калі Кангрэс IIHF назваў сталіцай чэмпіянату-2014 Менск.

Як заявіла ў інтэрвію журналістам кіраўніца швэдзкай сэкцыі Amnesty International Лізэ Бэрг, сьвята ня можа ладзіцца там, дзе масава парушаюцца правы чалавека. Паводле прадстаўнікоў Amnesty International, апошнім часам сытуацыя з дэмакратычнымі правамі і свабодамі ў Беларусі яшчэ больш пагоршылася. Тым ня менш хакейнае кіраўніцтва стаіць на сваім і настойвае, што ў палітычных пытаньнях, гэтаксама як у рэлігійных ды расавых, фэдэрацыя захоўвае нэўтралітэт.

«Але спорт і палітыка зьвязаныя між сабою ў тым сэнсе, што спартыўная падзея дапамагае рэжыму рабіць яго палітыку, — адзначае Лізэ Бэрг. — Самае прыкрае, што такога кшталту падзеі спрыяюць у далейшым яшчэ больш жорсткім рэпрэсіям у дачыненьні да крытыкаў рэжыму. Узгадайма прыклад Пэкінскай алімпіяды».

Што да IIHF, дык тут пытаньне менскага першынства абмяркоўваецца пакуль выключна ў кантэксьце яго арганізацыі. Як піша Svenska Dagbladet, апошняе абмеркаваньне адбылося ў мінулы аўторак у Цюрыху. Прэзыдэнт фэдэрацыі Рэнэ Фазэль заявіў, што падрыхтоўка ідзе добра і аніводная дзяржава-сябар фэдэрацыі ня выказала прэтэнзіяў. Аднак з прычыны «пікантнасьці» беларускай тэмы ўжо назаўтра было пастаноўлена зноў разгледзець пытаньне пра месца першынства на травеньскім Кангрэсе, піша Svenska Dagbladet са спасылкай на словы мэнэджэра Шэмбэрга.

Газэта адзначае, што прымаць рашэньне будуць тыя ж асобы, якія прагаласавалі за Менск у 2009 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG