Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вучы дзяцей танчыць, а рабіць іх гора навуча


Андрэй, Мсьціслаў і Анэля Церашковы

Андрэй, Мсьціслаў і Анэля Церашковы

Мы шмат думаем, якой будзе Беларусь у будучым. Мы шмат гаворым, як было б добра, калі б усё памянялася. Але большасьць з нас дбае толькі пра тое, як перажыць сёньняшні дзень. А будучыня ёсьць цяпер. Яна будзе дакладна такой, якой будуць вашы дзеці. Вашы дзеці — адмысловая праграма штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Эпіграфам да гэтай перадачы я абрала дыялёг зь яе галоўным героем — васьмігадовым хлопчыкам. За тыя пару гадзінаў, што я была ў гасьцях, ён паказаў усё, з чаго складаецца ягонае жыцьцё і чаму здолеў навучыцца. Я бачыла ягоныя школьныя падручнікі, сшытак для тэарэтычных заняткаў у яхтклюбе; ён граў «Оду да радасьці» Бэтховэна на блёк-флейце, проста флейце, а пасьля яшчэ нейкую п’есу на фартэпіяна. Яшчэ яму вельмі хацелася сьпяваць. І ўрэшце ён засьпяваў песьню, жанр якой я б таксама вызначыла як «ода», а ў прыпеве якой паўтараліся словы: «Сьпяваем разам нашу песьню пра сьветлы беларускі дом». Пасьля ўрачыстага выкананьня «оды» паміж намі адбыўся такі дыялёг:

— Я хачу быць дарослым, а не гульнявым дзіцём!

— А хіба гуляцца кепска? Хіба ты на сцэне не гуляесься?

— Не гуляюся! Што гэта гульня? «Што было і марамі і снамі...» (Сьпявае.) Гэта гульня?!

— Не, гэта не гульня...

— У тым і справа.

Гэты сур’ёзны малады чалавек — Мсьціслаў Церашкоў. Ён жыве ў Менску. Сям’я Церашковых — тата Андрэй, мама Алена і дзеці Мсьціслаў, Анэля і Кандрат — нашыя сёньняшнія героі. А тэма перадачы — вольны час у дзяцей і бацькоў.

Алена Церашкова разам з сынам Кандратам

Алена Церашкова разам з сынам Кандратам



Алена Церашкова: «Наша пазыцыя такая, што калі ў дзіцяці вольны час, то ён звычайна праходзіць упустую. Добра, калі дзіця адно і тата ці мама могуць увесь ягоны вольны час заняць чымсьці канструктыўным. Але ў нашых умовах, калі прэтэндэнтаў на наш кароткі вольны час шмат, мы такім чынам выціскаем максымум.

Я ў свой час наведвала безьліч гурткоў, і тата наш займаўся не ў адным гуртку».

Прашу бацькоў распавесьці больш падрабязна пра тое, чым, апроч школы і садочку, займаюцца іхнія дзеці.

Андрэй Церашкоў:

— Старэйшы ў нас больш нагружаны. Але гэта і зразумела — усё ж восем гадоў. Апроч, натуральна, школы, гэта музычная школа — флейта і фартэпіяна. Гэта таксама тэатральна-вакальная студыя і яхтклюб.

— Колькі гадзін у дзень ён заняты?

— Мы так падгадваем, каб у дзень быў адзін нейкі занятак, апроч музычнай школы. Бо з музычнай школай сапраўды бываюць накладкі. Усё роўна неяк разводзімся.

— Дзьве-тры гадзіны на ўрокі застаецца ў нас, — дадае Алена.

— А Анэля як займаецца? — Анэльцы пяць гадоў, і яна яшчэ ходзіць у садок. На пытаньне яна вырашыла адказаць сама.

Мсьціслаў і Анэля Церашковы

Мсьціслаў і Анэля Церашковы



Анэля Церашкова:

— Я добра. Мсьціслаўка яшчэ займаўся баявым спортам. Толькі ён на яго цяпер ня ходзіць. Тата, як ён называецца?

— Спрабавалі мы хадзіць на айкідо, але па часе ўжо ніяк не атрымлівалася. Таму часова перапынілі, — папраўляе мама Алена.

— Але гэта было ўжо сапраўды напружана і для яго, і для нас, — кажа тата Андрэй.

Мсьціслаў цяпер вучыцца ў трэцяй клясе. Пайшоў адразу ў другую, бо пакуль мама сядзела дома з малодшымі, засвоілі праграму першай клясы. Яшчэ ён займаецца яхтынгам, хоць бяруць у яхтклюб дзяцей з 10 гадоў. Андрэй кажа, што даўно меў гэты яхтклюб на прыкмеце, бо калісьці сам у яго хадзіў. Пытаюся ў Мсьціслава, як ён захапіўся гэтым спортам?

— Я зараз ужо і ня памятаю.

— Але падабаецца табе?

— Так! Толькі трэнэр, бывае, падгоніць на катэры, паглядзіць, дзе там і што там, і ізноў гоніць.

— А дзе ты ходзіш на яхце?

— Тата, як гэта называецца?

— У яхтклюбе на Менскім моры, — дапамагае тата Андрэй.

— Так, у яхтклюбе на Менскім моры хаджу на яхце пад назвай «Аптыміст». Гэта кляс яхт. «Аптыміст» — раз, «Лазэр» — два, «Фін», якога ўжо даўно сьпісалі, — тры.

— А ты калі вырасьцеш, у цябе будзе свая яхта?

— Мы з татам марым. Нават ужо чарцёж зрабілі. Але ўзімку ня надта зробіш што-небудзь.

— Вы хочаце самі пабудаваць?

— Так, толькі матэрыял трэба.

— Але ж гэта дорага, напэўна?

— Матэрыял можна ўзяць і дошкі. Драўляная яхта добра ідзе.

— Колькі трэба грошай, каб яхту купіць?

— Калі сэнсарны тэлефон каштуе мільён, значыць, яхта будзе каштаваць максымум 5 мільёнаў.

— Беларускіх рублёў?

— Так.

Такі адказ выклікаў сьмех у бацькоў. Алена:

— Тата, ты пацьвярджаеш?

— Ну, калі «Аптыміст», то можа і так, — кажа Андрэй.

— А ў цябе ёсьць сэнсарны тэлефон? — пытаюся ў Мсьціслава, бо па сваіх дзецях ведаю, што сэнсарны тэлефон — мара амаль кожнага школьніка.

— Не, а мне і ня трэба. Мне трэба такі тэлефон, як у таты, «Нокія». Зараз я вам пакажу мой друзлы тэлеф — і Мсьціслаў пабег у іншы пакой па свой тэлефон.

За гэты час я пасьпела зьвярнуцца да Анэлі. Выглядае, што яна найлепш знаходзіць супольную мову з самым малодшым братам — трохгадовым Кандратам. Кандрат пакуль ходзіць толькі ў садок, а ў размове нашай ня ўдзельнічаў, упарта займаючыся сваімі справамі. Яны з Анэляй у адным садочку, але яна яшчэ ходзіць на заняткі баявой гімнастыкай ушу.

— А для чаго табе ушу?

— Мы там біцьве вучымся. Каб хтосьці калі захоча забіць, то даць яму, і ўсё — і ён адлезе.

— А табе ўжо даводзілася камусьці даваць рэшты?

— Так, мне давялося аднаму чалавеку — сябру Кандрата, ён у Кандратавай групе ў садочку. Ён адзін раз цягаў Кандруську па брудным сьнезе за шыварат, і я заступілася за Кандруську. Я яму трэснула трохі па вуху, і ён перастаў.

У маёй групе ўсе хлопцы б’юцца. Толькі да мяне яны ня лезуць, бо я ім як трэсну па вуху, дык яны лепей да мяне б ня лезьлі. Гэта таму, што я баявая.

Кандрат Церашкоў

Кандрат Церашкоў



І Анэля, і Мсціслаў яшчэ ходзяць у тэатральна-вакальную студыю. У гэтым годзе яны ўдзельнічалі ў двух навагодніх спэктаклях, за што атрымалі сапраўдныя дыплёмы. Гэтыя прадстаўленьні яны ўвесь час глядзяць цяпер праз кампутар і вельмі прасілі паглядзець і мяне. Я перапісала абодва спэктаклі на флэшку, абяцаючы паглядзець дома разам са сваімі дзецьмі.

Алена:

— Як расказвае мая маці, то яе бацька казаў: «Вучы дзяцей танчыць, а рабіць іх гора навучыць». Таму мы стараемся навучыць таму, што ў жыцьці яны потым не пасьпеюць узяць.

Мсьціслаў кажа, што яшчэ хацеў бы хадзіць у басэйн. Але бацькі сказалі, што басэйн будзе толькі пры ўмове добрага навучаньня ў школе. Алена ж лічыць, што да лета ім будзе патрэбная яшчэ адна спартовая сэкцыя, бо Мсьціславу, на яе думку, гэтага яўна не хапае.

Алена:

— У нашыя часы гэта ўсё было яшчэ і бясплатна. Але тут ужо мы зь дзяржавы выціскаем усё, што можам. Кажам, што ў нас шмат дзяцей. І нам ідуць насустрач, нават недзяржаўныя ўстановы робяць цяпер зьніжкі для шматдзетных. Гэта нам вельмі спрыяе.

— Колькі гэта каштуе?

Андрэй:

— Вакальная студыя каштуе дорага. Нам зьніжку даюць, бо мы шматдзетная сям’я і дваіх водзім. У цэлым за дваіх мы плацім пад 400 тысяч у месяц. Канечне, калі б не дапамога сваякоў, мы б не пацягнулі. Хаця, можа, калі ня будзе гэтай дапамогі, будзем старацца, бо гэта іх сапраўды моцна разьвівае".

— А якасьць школьнага навучаньня вас задавальняе? — пытаюся, бо звычайна асноўную нагрузку на дзяцей дае школа і хатняе заданьне. Апроч гэтага, большасьць бацькоў лічыць, што дзецям трэба дадаткова займацца такімі грунтоўнымі прадметамі, як замежная мова, дадатковая матэматыка — тым, што далей дакладна спатрэбіцца ў жыцьці. У Церашковых свой погляд на школьнае навучаньне:

Алена: «Мы прыйшлі да высновы, што хатняе навучаньне само па сабе настолькі больш эфэктыўнае, што са школьным яно параўнацца ня можа. Але існуе неабходны ўзровень сацыялізацыі. Невядома, ці будзе ў нас час займацца хатнім навучаньнем. Таму мы хочам зачапіцца за гімназію, якая для нас найбольш зручная геаграфічна. Для гэтага нам у бліжэйшыя два гады дакладна трэба вучыцца ў школе, паступаць. Калі ў нас не атрымаецца паступіць у гэтую гімназію, то мы ўсур’ёз разглядаем пераход на хатняе навучаньне, каб не губляць час ня толькі на ўрокі, але і на дарогу да школы.

— А якіх вынікаў вы чакаеце ад дзяцей?

— Усебаковага разьвіцьця, — кажа Андрэй. Але ў Алены ёсьць падрабязны адказ:

«На дадзены момант мы атрымалі ўсе вынікі, якіх хацелі, ад Мсьціслава. Ён можа, пачуўшы верш у школе, выйсьці да дошкі і сказаць „А я гэта прасьпяваю!“ І прасьпявае. Гэта найлепшы вынік ад гэтых заняткаў. Тое, што ён адчуў кайф ад таго, што ён кантактуе зь людзьмі, гэта вялікая заслуга ягоных заняткаў. Да таго ж мы вельмі зважаем на тое, хто яго вучыць. Ён прайшоў і праходзіць праз такіх настаўнікаў, зь якімі мне асабіста хацелася б сябраваць як зь людзьмі, якія вельмі любяць дзяцей, захопленыя сваёй справай. Я думаю, што гэта лепшы прыклад. Бо бацькі заклапочаныя побытавымі справамі. Рэдка можна пабачыць бацькоў, якія прысьвячаюць сябе хобі. Тое самае — бабуля ў нас лічыць, што на першым месцы гаспадарка, а ўсё астатняе ўжо пасьля. А тут яны сустракаюцца зь людзьмі, для якіх прафэсія — гэта нешта вышэйшае».

Андрэй Церашкоў разам з сынам Мсьціславам

Андрэй Церашкоў разам з сынам Мсьціславам



На пытаньне, дзе вы працуеце і што для вас прафэсія, за бацькоў вызваўся адказаць Мсьціслаў:

"Мама — сківічна-тваравы хірург. Тата — інжынэр па... гэтых... сыстэмах бясьпекі. Тата быў лейтэнантам ці кім...

— Старшым лейтэнантам, — папраўляе Андрэй, — але гэта было так даўно, што ўжо можна пра гэта забыцца.

Алена ўдакладняе:

— Ён быў у пажарна-тэхнічным цэнтры і рамантаваў пажарную тэхніку. Так што мы не чужыя пажарнай службе. (Сьмяецца.)

Мсьціслаў:

— А дзед мой — проста-такі легенда. Ён быў галоўным пажарным гораду Менску. Мама, можна я прасьпяваю?

Вось тут прагучала ода і адбыўся дыялёг, які я вынесла ў пачатак нашай перадачы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG