Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Яўгену Васьковічу, асуджанаму на 7 гадоў за спробу падпалу Бабруйскага КДБ, спаўняецца 21 год. Дзень народзінаў ён адзначае ў Магілёўскай турме № 4, так званай «крытцы», у якую летась яго за непадпарадкаваньне перавялі з Магілёўскай калёніі № 15.

З нагоды дня народзінаў зьняволенага нам піша Анатоль Санаценка, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Бабруйскі кур’ер», у якім працаваў Яўген Васьковіч да таго, як улады закрылі папяровае выданьне газэты:

«Тры гады таму я ўзяў яго на працу ў «Бабруйскі кур’ер» як таленавітага маладога чалавека, які піша і гаворыць выключна па-беларуску, што зьяўляецца рэдкасьцю для Ўсходняй Беларусі. І два гады мы зь ім працавалі разам, пакуль улады, пад кіраўніцтвам «беларускага гестапа», не задушылі газэту.

16 кастрычніка 2010 году Яўген Васьковіч з двума сябрамі зьдзейсніў сымбалічны акт нападу на бабруйскі аддзел КДБ.

У бок фасада паляцелі дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю, чорнай сажай пакрылася частка сьцяны ля ўваходу. Шкода (пабел сцяны) склала 253 тысячы рублёў, а тэрмін «бабруйскім анархістам» — быў прызначаны ў 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Гэты прысуд шакаваў многіх.

Я ж, рускамоўны літаратар, пад уплывам гэтых падзей (у тым ліку) стаў пісаць вершы па-беларуску.

І адзін зь іх прысвяціў Яўгену Васьковічу. Я ведаю, ён будзе яму блізкім — і па мове, і па тэме, і па духу...

Анатоль Санаценка,
галоўны рэдактар "Бобруйского курьера",
літаратар».


***

Прысьвячаецца Яўгену Васьковічу

Жыве Беларусь — гэта кліч нашых продкаў.
Жыве Беларусь — вякоў нашых стогн.
Жыве Беларусь — гэта мовіць салодка.
Жыве Беларусь — тырану праклён...

Крывёю сваёй — да кроплі апошняй, —
Каб сэрцу Айчыны білося вальней, —
О, Бог, усемагутны, о, божа, о, божа, —
Крывёю сваёй — што сталі мацней —

Гатовы аддана заўжды разьлічыцца,
Як той, хто пазнаў любоў на зямлі:
Бяз сэрца Радзімы маему ня біцца,
Бяз роднай старонкі — жыцьцё ў імгле...

Газдава, Касьцеша і герб наш Пагоня,
Зьбірайцесь ўсе разам пад сьцягам адным!
Глядзіце і слухайце: зямля наша стогне,
У горы жыве, пад князем чужым.

Касьцюшка, Кастусь, пад вашы харугвы
Я стану, як той старадаўні жаўнер.
Меч праўды — у рукі, меч волі — у рукі!
Што будзе, то будзе: тут і цяпер!

Глядзі сваім вокам: ад мора да мора,
Ідуць, быццам хвалі, нашы палкі —
Праз ўсё, што было, праз пакуты і гора —
За Воляй, за Праўдай! Праз годы-вякі!

У мысьлях малюся, крыж накладаю
На душу Радзімы, на душу сваю:
Каб гора ня ведаць міламу краю,
Каб міма бяду пранесла бы ўсю.

Каб каты, тыраны ніколі, ніколі
Ня здолелі трапіць на землі твае...
Пад зоркаю праўды, пад зоркаю волі,
Жыве Беларусь! Назаўсёды — жыве!

25 лютага 2012 г.

Анатоль Санаценка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG