Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь гоняць крадзеныя машыны клясы «люкс»


Летась кантрабанда крадзеных аўтамабіляў ў Беларусь і памежныя зь ёй краіны на ўсходзе істотна павялічылася, піша нямецкае выданьне Mitteldeutsche Zeitung.

Трывогу б’юць польскія памежнікі. Так супрацоўнікі памежнай службы ў Падляшшы летась спынілі перавозку 144-х кантрабандных аўтамабіляў, што на траціну болей, чым у 2010 годзе. Асаблівасьць леташняга нелегальнага бізнэсу ў тым, што сярод кантрабанды было шмат аўта клясы «люкс», некаторыя партыі затрыманых машын каштавалі да трох мільёнаў эўра.

Як лічаць экспэрты, усё гэта статыстыка выбарковага кантролю на ўсходнепольскім памежжы. Што да надзейнага сыстэмнага міжнароднага дагляду, то яго ўвогуле няма, а таму сапраўдная лічба крадзеных машын істотна вышэйшая.

Згодна са зьвесткамі нямецкай крымінальнай паліцыі, леташняя колькасьць крадзеных аўтамабіляў у ФРГ была некалькі вышэйшай за пазалеташнюю. Пад канец першага дзесяцігодзьдзя 2000-х крадзёж аўтамабіляў у Нямеччыне ўвогуле зьнізіўся на 80% у параўнаньні з 1990-мі. Тым часам, большасьць зафіксаваных у Падляшшы кантрабандных аўтамабіляў вязуцца перагоншчыкамі з краінаў Заходняй Эўропы, галоўным чынам зь Нямеччыны.

Як мяркуе адзін з кіраўнікоў усходнепольскай памежнай службы Лешэк Чэх, «існуе шмат доказаў таго, што гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца». Ужо сёлета напачатку лютага на ПКП у Падляшшы быў арыштаваны Mercedes коштам у 80 тысяч эўра, які гналі з Італіі ў Беларусь.

Паводле памежнікаў, у большасьці выпадкаў размова ідзе пра так званы «заказны крадзёж». Галоўныя краіны-заказчыкі – Беларусь, Расея, Украіна ды Літва.

Што да Польшчы, то яна зьяўляецца транзытнай краінай гэтага крымінальнага бізнэсу. Паводле адказнага супрацоўніка службы польскай крымінальнай паліцыі ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю палкоўніка Марка Дыяша, сучасныя аўтамабільныя злодзеі тэхнічна вельмі добра аснашчаныя. З дапамогай спадарожнікавых тэхналёгіяў ім удаецца фіксаваць месцазнаходжаньне паліцэйскіх машынаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG