Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі не ідуць насустрач абаронцам Парку 40-годзьдзя Кастрычніка


Высечаныя дрэвы ў парку, дзе зьбіраюцца будаваць гатэль «Пэкін»

Высечаныя дрэвы ў парку, дзе зьбіраюцца будаваць гатэль «Пэкін»

У Менску прайшла сустрэча прадстаўнікоў Камітэту архітэктуры Менгарвыканкаму, адміністрацыі Ленінскага раёну і дэпутатаў райсавету з мясцовымі жыхарамі і грамадзкасьцю, якія выступаюць супраць зьнішчэньня зялёных насаджэньняў у Парку 40-годзьдзя Кастрычніка і будаўніцтва на вызваленай тэрыторыі гатэлю «Пэкін».

Паводле непасрэдных удзельнікаў, сустрэча не насіла характару абмеркаваньня і чыноўнікі альбо апраўдваліся, альбо намагаліся пераканаць сваіх апанэнтаў у неабходнасьці будаўніцтва «стратэгічнага аб’екту», які не нясе для экалёгіі горада і яго жыхароў ніякай шкоды.

Сябра аб’яднаньня «Зялёная сетка» Яраслаў Бекіш лічыць, што дзяржаўныя службоўцы найперш спрабавалі загладзіць «ляпы», дапушчаныя падчас высечкі парку пад будучае будаўніцтва. Між тым, на яго думку, разумна было б наладзіць падобнае абмеркаваньне з зацікаўленымі бакамі яшчэ да таго, як прыступіць да фактычнага руйнаваньня паркавай зоны.

Прадстаўнікі грамадзкасьці, не пачуўшы рацыянальных прапановаў на вырашэньне канфліктнай сытуацыі, пацьвердзілі, што вымушаныя дзейнічаць у адпаведнасьці з выпрацаваным плянам:

  • падрыхтоўка пазову супраць гарадзкіх уладаў, якія сваімі захадамі аказваюць нэгатыўны ўплыў на навакольнае асяродзьдзе;
  • пашырэньне міжнароднага рэзанансу дзеля стварэньня прэцэдэнту ў адстойваньні права на экалягічную бясьпеку;
  • «атака» на дзяржаўныя ўстановы з патрабаваньнем замарожваньня працаў і пачатку паўнавартаснага дыялёгу з мясцовымі жыхарамі і абаронцамі Парку 40-годзьдзя Кастрычніка.

Нягледзячы на тое, што паразуменьня з прадстаўнікамі ўлады падчас сёньняшняй сустрэчы знойдзена не было, чыноўнікам перададзеныя пісьмовыя прапановы ў справе магчымых шляхоў вырашэньня сытуацыі, якую яшчэ ёсьць магчымасьць не даводзіць да тупіковай.
XS
SM
MD
LG