Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі актывіст з Гомеля Кастусь Жукоўскі накіраваў электронны ліст кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, у якім распавёў гісторыю свайго затрыманьня 23 лютага спэцназам за распаўсюд антыалькагольных улётак.

«Наўрад ці кіраўнік дзяржавы будзе чытаць ліст. Але тыя, каму належыць, прачытаюць. Наша мэта — зьвярнуць увагу на беспадстаўныя затрыманьні грамадзянаў», — кажа спадар Жукоўскі.

Кастусь апавёў у лісьце, што людзі ў камуфляжнай форме прыйшлі да ўнівэрмагу і, не называючы сябе, запатрабавалі ісьці зь імі — усім траім, хто раздаваў улёткі «Хопіць піць — час cям’ю карміць і краіну бараніць». Куды, навошта, на якой падставе — не патлумачылі. Урэшце адвезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. Адпусьцілі пасьля таго, як нехта патэлефанаваў міліцыянтам і загадаў адпусьціць.
Актывіст нагадвае, што Беларусь удзельнічае ў праграме ААН барацьбы й прафіляктыкі ВІЧ/СНІД. Паводле Жукоўскага, усе затрыманыя таксама ўскосна змагаліся супраць СНІДу — ладзілі антыалькагольную кампанію на валанцёрскіх пачатках. ААН, піша актывіст, выдаткоўвае Беларусі вялікія сродкі дзеля прафіляктыкі й барацьбы з ВІЧ/СНІД, а міліцыя ў той жа час змагаецца з тымі грамадзянамі, якія за свае сродкі, у свой вольны час прапагандуюць здаровы лад жыцьця.

Спадар Жукоўскі заклікае кіраўніка дзяржавы спыніць перасьлед такіх людзей, пакараць вінаватых, кампэнсаваць кошт 470 канфіскаваных улётак «Хопіць піць — час cям’ю карміць і краіну бараніць» і абавязаць міліцыю прынесьці затрыманым афіцыйныя прабачэньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG