Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахоўнікі «Валадаркі» адмовіліся прымаць перадачу для Бяляцкага


Ад Алеся Бяляцкага прыйшла паштоўка з просьбай перадаць яму ежу, але на «Валадарцы» адмовіліся прымаць перадачу. Зьміцер Бандарэнка скардзіцца на пагаршэньне здароўя. Жонка Мікалая Статкевіча прыняла за яго прэмію імя Юрыя Захаранкі «З узьнятым забралам». Маладафронтаўцы перадалі Паўлу Севярынцу прадукты для вялікага паста. Мікалай Аўтуховіч пазваніў маці.

25 лютага жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук спрабавала перадаць мужу ў ізалятар на вуліцы Валадарскага харчы, якія ён папрасіў у апошнім лісьце. З гэтага, аднак, нічога не атрымалася. Натальля Пінчук распавяла «Свабодзе» пра падзеі сёньняшняга дня.

Натальля Пінчук

Натальля Пінчук

«Хадзіла сёньня ў „Валадарку“. Па-першае, мне сказалі, што Алесь яшчэ там. Што да ягонага далейшага лёсу, то вызначыцца цяжка. У апошнім ягоным лісьце, які ён накіраваў 23 лютага, ён так і піша, што „няпэўнасьць заўсёдная рыса майго сёньняшняга існаваньня“. Такім чынам, калі яго далей будуць этапаваць, сказаць цяжка. Зараз ён знаходзіцца, ўмоўна кажучы, на новым старым месцы, але перадачы яму прыносіць нельга. Я спрабавала гэта высьветліць і мне сказалі, што перадачы яму забароненыя. Ён прасіў перадаць ежы, але не дазволілі. Дзіўна, бо ў Жодзіна перад этапам мы адвезьлі яму перадачу, каб была магчымасьць нешта з сабой узяць у дарогу, а зараз, баюся, ўсе гэтыя прыпасы скончыліся».

Лідэр праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі чакае на «Валадарцы» этапу ў Бабруйскую калёнію, дзе мусіць адбываць свой тэрмін — 4,5 гады зьняволеньня, зь якіх праваабаронца адбыў за кратамі болей за паўгода.

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка з Магілёўскай калёніі даслаў ліст бацьку Яўгену Іванавічу Бандарэнку.

«Напісаў, што камісія ў калёніі адмовіла яму ў праве на датэрміновае вызваленьне, а больш навінаў няма. Пра здароўе піша, што пагаршаецца, але ён асабліва на гэтую тэму ня любіць распавядаць».

Зьмітру Бандарэнку за час зьняволеньня зрабілі апэрацыю на хрыбетніку, але большасьць праблем са здароўем у яго засталася. За кратамі Бандарэнка будзе знаходзіцца яшчэ амаль 10 месяцаў, калі раней не задаволяць ягонае прашэньне аб памілаваньні.

25 лютага палітвязьня Паўла Севярынца на «хіміі» наведалі сябры з «Маладога фронту» Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Раман Васільеў ды іншыя.

Наста Палажанка

Наста Палажанка

«Вязем яму пачастункі. Заканчваецца сырны тыдзень, дык на гэтыя два дні вязем яму малочныя харчы, а потым у яго пачынаецца вялікі пост. Яшчэ вязем падарунка, у тым ліку новае выданьне Бібліі па-беларуску, якое ня так даўно выйшла. Відаць, ён яшчэ не мае такога. І паразмаўляем, бо даўно не бачыліся», — казала Наста Палажанка напярэдадні сустрэчы з Паўлам Севярынцам.

Павал Севярынец паведаміў «Свабодзе» свае меркаваньне адносна рэагаваньня Эўразьвязу на жорсткі прысуд сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку, якога напярэдадні асудзілі на 2 гады і 1 месяц калёніі.

Павал Севярынец

Павал Севярынец

«Мяркую, што быў распрацаваны пакет прапановаў Эўразьвязу, у якім справа Каваленкі была лякмусавай паперкай. Альбо не пашыраць санкцый, калі ёсьць нейкія пазытыўныя рухі, альбо пашыраць, калі такіх рухаў няма, а ёсьць негатыўныя рухі. Пакуль мы бачым негатыўныя рухі: пагаршэньне становішча некаторых палітвязьняў і прысуд Каваленку. Таму лягічна будзе, калі эўрапейцы ўсё ж павялічаць санкцыі».

Новых зьвестак пра Зьмітра Дашкевіча, якога трымаюць у Глыбоцкай калёніі ў карцэры, нявеста Дашкевіча Наста Палажанка і ягоныя сябры ня маюць. 20-ы дзень пакараньня карцэрам для Дашкевіча прыпадае на 28 лютага.

Паводле Ірына Халіп, зьвестак ад яе мужа, экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава няма ўжо болей за тыдзень. Пра Мікалая Аўтуховіча вядома, што яму дазволілі з Гарадзенскай турмы пазваніць маці. Марына Адамовіч, жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча, прыняла для яго прэмію імя Юрыя Захаранкі «З ўзьнятым забралам», якой былога кандыдата на прэзыдэнта ўзнагародзілі за мужнасьць, якую ён выявіў у падзеях 2011 году.
XS
SM
MD
LG