Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан патрабуе ад Беларусі выдачы ўсіх Бакіевых


Курманбек Бакіеў

Курманбек Бакіеў

Прэзыдэнт Кіргізстану Алмазбек Атамбаеў чарговым разам пацьвердзіў афіцыйную пазыцыю Бішкека ў намеры патрабаваць ад Беларусі выдачы колішняга кіраўніка краіны Курманбека Бакіева.

Пра гэта ён заявіў у эфіры расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» 25 лютага.

Хутка ўжо два гады, як Бакіеў хаваецца ў Беларусі ад кіргізскага правасудзьдзя. Гэтаксама ўлады Кіргізстану патрабуюць выдачы брата зрынутага прэзыдэнта — Джаныбека Бакіева, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы. Ён, па зьвестках Алмазбека Атамбаева, асабіста кіраваў расстрэлам дэманстрантаў падчас крывавых падзеяў у красавіку 2010 года і таксама атрымаў прытулак у Беларусі.

У міжнародным вышуку знаходзіцца і сын Курманбека Бакіева Марат. Разам зь бацькам і дзядзькам ён абвінавачаны ў масавым забойстве, абцяжараным перавышэньнем службовых паўнамоцтваў. Марат Бакіеў, паводле зьвестак, хаваецца ў Вялікай Брытаніі.

У Беларусь сям’я Бакіевых прыбыла на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі неўзабаве пасьля дзяржаўнага перавароту і вяртацца на радзіму, мяркуючы па ўсім, не сьпяшаецца. Крыніцы сьцьвярджаюць, што яшчэ ў 2010 годзе чальцы сям’і Бакіева атрымалі беларускае грамадзянства, а сёлета апальны кіргізскі прэзыдэнт набыў дарагую нерухомасьць ў Раўбічах пад Менскам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG