Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родныя Сяргея Каваленкі: «Будзем абскарджаваць прысуд!»


Жонка Сяргея Каваленкі Алена і брат Сяргей
Жонка Сяргея Каваленкі Алена і брат Сяргей

24 лютага судзьдзя Першамайскага райсуду Алена Жук пакарала віцебскага сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку зьняволеньнем у калёніі агульнага рэжыму. Агульны тэрмін пакараньня — 2 гады 1 месяц.

З улікам часу, адбытага ў віцебскім СІЗА, пакуль вялося сьледзтва і рыхтаваўся судовы працэс, актывісту належыць адбыць у зьняволеньні 1 год і 11 месяцаў.

Алена Каваленка, жонка актывіста, кажа, што прысуд для яе быў шокам. Нягледзячы на тое, што працэс праводзіўся практычна ў закрытым рэжыме, што на яго не пусьцілі ні сваякоў, ні сяброў, ні журналістаў, родныя ўсё адно спадзяваліся на лепшае.

Адвакат лічыць, што ёсьць сэнс абскарджваць гэты прысуд, пра гэта ён адразу сказаў сваякам Сяргея Каваленкі:

«Напішам скаргу. Гэта не канчаткова. Ёсьць сур’ёзныя аргумэнты ў нас. Я баяўся, што суд увогуле дасьць тры гады — па „вышэйшай планцы“. У нас дастаткова трывалая пазыцыя».

Жонка асуджанага актывіста таксама лічыць неабходным абскарджваць прысуд. Аднак вялікую занепакоенасьць родных выклікае стан здароўя Сяргея. 19 сьнежня мінулага году ён абвясьціў галадоўку. І на судзе, які ішоў ў Першамайскім райсудзе з 21-га па 24-га лютага, казаў, што гатовы яе працягваць, хаця адчуваў сябе кепска, скардзіўся на галаўны боль, пагаршэньне слыху і зроку.

Галадоўку Сяргей Каваленка распачаў на знак пратэсту супраць крымінальнага перасьледу: супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспэкцыі ініцыявалі супраць яго справу за парушэньне рэжыму «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньне, прысуджанага ха бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны на гарадзкой навагодняй ёлцы ў 2010 годзе.

Паколькі родных не пусьцілі нават на абвяшчэньне прысуду, нічога не вядома і пра тое, ці будзе Сяргей Каваленка працягваць галадоўку. Да яго неаднаразова зьвярталіся з просьбамі спыніць галадаваньне, але яно было настолькі працяглае, што цяпер яму патрабуецца неадкладная мэдычная дапамога, каб бяз шкоды для здароўя выйсьці з гэтага стану — так мяркуюць і сваякі, і ўсе, каму ўдалося ўбачыць Сяргея гэтымі апошнімі днямі.

Супрацоўнікі міліцыі зрабілі ўсё, каб актывіст ня меў аніякіх кантактаў з тымі, хто прыйшоў яго падтрымаць. У калідоры, на адлегласьці 30-ці мэтраў ад судовай залі, стаяла міліцэйская заслона. Калі асуджанага выводзілі, яго захіналі сьпінамі з паўтара дзясятка асобаў у цывільным... Намесьнік начальніка аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Віцебскага аблвыканкаму Андрэй Іваноў заявіў, што праца суду праходзіла нармальна, бо была пад надзейнай аховай.

Яго цёзка па прозьвішчы, Пётар Іваноў, быў сярод тых, ад каго «ахоўвалі» суд над Сяргеем Каваленкам:

Баліць усё ўнутры! Засудзілі чалавека! ...

«Баліць усё ўнутры! Засудзілі чалавека! І няма прагалу, я ня бачу прагалу... Але гэта і маразм, маразм улады, нячэснай улады!»

Падзяляе гэтую думку і аднапартыец Сяргея Каваленкі, сябар КХП БНФ Ян Таўпыга, які прыехаў на суд зь Менску:

«Гэта падобна, што ў нас не 2012-ты, а 1937-мы год! Антыбеларускі рэжым вынішчае ўсё беларускае. Ідзе расправа з актывістамі, зь лідэрамі, а такім лідэрам у Віцебску, чалавекам, які ўзьняў тут бел-чырвона-белы сьцяг, зьяўляецца Сяргей Каваленка. Гэты суд яскрава ўсё паказаў — людзі стаялі ў калідоры, усіх выгналі, ні ў прыбіральню не прайсьці, нікуды... Гэта антызаконна, гэта бесчалавечны рэжым, ён паказаў свой сапраўдны твар і адносіны да беларусаў».

Пераконваць жыхароў Віцебску ў тым, што суд над Сяргеем Каваленкам праходзіў у межах закону, ужо пачала дзяржаўная газэта «Віцебскі рабочы». Карэспандэнта гэтага выданьня правялі ў судовую залю, адкуль ён вёў наўпроставы рэпартаж для сайту газэты, і нават дазволілі рабіць фотаздымкі. Дзяржвыданьне паведамляе, што сваякоў не пусьцілі на суд таму, што яны " наладзілі непарадкі, скандалілі, заміналі працэсу«.

Недзяржаўная газэта «Витебский курьер» прадставіла супрацьлеглы погляд — фотарэпартаж пра салідарнасьць жыхароў Віцебску з Сяргеем Каваленкам. На знак падтрымкі актывіста ў дні суду над горадам штодня луналі бел-чыровна-белыя сьцягі. Працэс над актывістам стаў топавай тэмай для абмеркаваньня і на незалежным сайце «Народныя навіны Віцебску».

У Першамайскім райсудзе таксама будзе доўга адгукацца рэха скандальнага працэсу. Сваякі Сяргея Каваленкі, яго аднадумцы, журналісты і праваабаронцы запоўнілі скаргамі ўсю кнігу «Скаргаў і прапановаў», так што там не засталося ніводнага чыстага аркуша. Скаргі былі напісаныя і ў абласной управе ўнутраных справаў. Адпаведным службам давядзецца даць больш як паўсотні пісьмовых адказаў, чаму супрацоўнікі міліцыі чынілі гвалт у будынку суду, парушаючы законныя правы беларускіх грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG