Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: «Хто найперш варты званьня рыцара — гэта Мікалай Статкевіч»


Уладзімер Някляеў, Алег Воўчак уручаюць прэмію дл я Міколы Статкевіча ягонай жонцы Марыне Адамовіч.
Уладзімер Някляеў, Алег Воўчак уручаюць прэмію дл я Міколы Статкевіча ягонай жонцы Марыне Адамовіч.

Міколу Статкевіча ўзнагародзілі прэміяй імя Юрыя Захаранкі «З узьнятым забралам» за мужнасьць у абароне Радзімы, якую традыцыйна ўручаюць да 23 лютага праваабаронцы Цэнтру прававой дапамогі насельніцтву і Цэнтру правоў чалавека.

Ляўрэатам прэміі імя Юрыя Захаранкі «З узьнятым забралам» за 2011 год стаў былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч. Абвяшчаючы гэтае рашэньне, кіраўніца Цэнтру правоў чалавека Раіса Міхайлоўская адзначыла мужнасьць палітыка, які не скарыўся падчас сьледзтва і ў беларускіх турмах, куды яго кінулі за палітычную барацьбу. Паводле Раісы Міхайлоўскай, камісія, якая вырашала лёс прэміі «З узьнятым забралам» за 2011 год, выбрала Міколу Статкевіча аднагалосна.

Праваабаронца Алег Воўчак адзначыў нязломнасьць і мужнасьць Статкевіча як чалавека і палітыка:

«Я ўжо 14 гадоў займаюся праваабарончай дзейнасьцю і бачу, як некаторыя палітыкі губляюцца, сыходзяць, а вось Мікалай — не, Мікалай ідзе да апошняга. Ён сапраўды ахвяруе сабой для Радзімы».

За 2010 год прэміяй «З узьнятым забралам» быў ушанаваны былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў. Ён тады сядзеў у «амэрыканцы», і дыплём за яго прымала жонка Вольга. «Сёньня я на волі і перакананы, што наступную прэмію ўручыць будучаму ляўрэату сам Мікалай Статкевіч», — сказаў Уладзімер Някляеў падчас уручэньня ганаровага дыплёма жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч:

«Калі б зараз былі рыцарскія часы і мы б насілі шчыты і мячы, то з поўным правам на шчыце Міколы Статкевіча было б напісана „Рыцар бяз страху і папроку“. Па сёньняшнім часе ён, можа, адзіны, хто мае поўнае права мець на сваім шчыце гэты надпіс».
Уладзімер Някляеў уручыў прэмію для Міколы Статкевіча
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:27 0:00
Наўпроставы лінк

Таксама Ўладзімер Някляеў зачытаў верш, які напісаў для Міколы Статкевіча Рыгор Барадулін. Уладзімер Някляеў сустракаўся з народным паэтам і прынёс на ўручэньне прэміі аркуш з радкамі Барадуліна:

«Міколу Статкевічу

Мужнасьць гартавалася заўсёды
Ў небадарным полымі сьвятла.
Не здаюцца рыцары свабоды,
Каб нязломнай Беларусь была.


24.02.2012, Рыгор Барадулін»

Атрымліваючы ганаровы дыплём, жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч сказала, што абавязкова перадасьць яму ў Магілёўскую турму навіну пра ўшанаваньне яго ганаровай прэміяй.

«А што да добрых словаў пра майго мужа, то лепш за адміністрацыю калёніі ня скажаш, калі яны напісалі, што на шлях выпраўленьня ён ня стаў. Калі ў нашай краіне змагацца за сваю Радзіму — гэта злачынства, то хай ён будзе самым злосным злачынцам», — пажартавала жонка палітвязьня.

Прэмія імя Юрыя Захаранкі «З узьнятым забралам» уручаецца з 2004 году. Раней яе атрымлівалі генэрал Валер Фралоў, праваабаронца Гары Паганяйла, журналіст Аляксандар Тамковіч, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, вайсковец Аляксандар Камароўскі, палітык Уладзімер Някляеў.

На цырымоніі ўручэньня прэміі прэзэнтавалі таксама новую сымболіку грамадзкага аб’яднаньня імя Юрыя Захаранкі, якую зрабіў вядомы мастак Алесь Пушкін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG