Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка. Апошняе слова ў судзе


Поўны тэкст прамовы ў судзе віцебскага актывіста Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Трэба сказаць, што гэты суд зьяўляецца працягам таго суду, які быў паўтара году таму за тое, што я зьдзейсьніў палітычную акцыю. У часе сьвята Нараджэньня Хрыстовага я ўзьняў сьцяг на ёлцы і гэтым павіншаваў жыхароў Віцебску са сьвятам.

Усім гэта вельмі спадабалася. Я лічу, што не абразіў грамадзтва, пагатоў я сказаў, што гэта ў гонар Ісуса Хрыста ўзьняты сьцяг. Ёлкі я не ламаў, гірлянды былі разьбітыя, па словах міліцыянтаў, зусім зь іншага боку, а не з таго, дзе я залазіў. Адзін з работнікаў МНС сказаў таксама, што ёлка таксама не была паламаная.

Сам я спакойна зьлез зь ялінкі. Ніводнай галінкі я не паламаў. Шмат людзей за гэтым назіралі, было сьвята, людзі ўсьміхаліся. Мне казалі, што я сьвята зрабіў, тэлефанавалі мне. На сайтах усіх паказалі. Нідзе ў сьвеце такога не было, каб сьцяг на ёлцы. Гэта творчы акт такі быў.

Але мяне ўнізе сустрэлі амонаўцы, якія хаваліся пад ёлкай і напалі на мяне ззаду, надзелі на мяне кайданкі. Далей пераскочыў праз плот Іваноў і стаў крычаць на мяне, абражаць... Я яму адказаў, што ён за гэта будзе адказваць. Тады амонаўцы сказалі, што будуць мяне несьці. Я быў у кайданках, адной нагой сам пералез праз плот. У гэты час крыкнуў: «Жыве Беларусь!». Мне сталі закрываць рот, ламаць рукі і пацягнулі ў машыну. Я потым даведаўся, што я «паламаў ёлку і пабіў амонаўцаў».

Калі судзьдзя пыталася ў Іванова, як наносіліся ўдары, ён сказаў, што адначасова... Судзьдзя не зьвяртала ўвагі на мае паказаньні. Там было 5 сьведкаў, якія пацьвярджалі, што нецэнзурныя словы казалі амонаўцы, іншыя бачылі, як я ўпаў. Паказаньняў маіх сьведкаў суд не прыняў, казалі, што гэта суб'ектыўныя паказаньні.

Што гірлянда пабітая, экспэртыза не паказала. Рэч у тым, што ў паказаньнях было сказана, што яны папярэдне не ўключалі ёлкі, перад тым як зьняць гірлянду.

У першых паказаньнях амонаўцаў не было сказана, што я чыніў супраціў. А ў наступных паказаньнях былі іншыя сьведчаньні, прычым аднаго і таго ж чалавека.

Сьледчая брала паказаньні ў аднаго і таго ж чалавека з 11 гадзіны вечара да 1 ночы, а другое паказаньне з 12 гадзіны вечара і да 2 гадзін ночы. Сьледзтва было праведзена з парушэньнем. Я пісаў хадайніцтва на 13 лістах, ніхто не зрэагаваў.

Міліцыянты апытвалі людзей, і многія людзі казалі, што ня лічаць гэта хуліганствам. Я прайшоў да дому насупраць, размаўляў з бабуляй, якая бачыла, як мяне зьбівалі. На судзе быў прадстаўлены відэазапіс, але там не было відаць, як мяне затрымлівалі. Выразалі гэтую частку толькі таму, што гэта міліцыянты мяне зьбівалі, а ня я іх.

Калі я быў на версе ёлкі, я бачыў, што яе акружылі ў тры шэрагі. Ці лягічна было чыніць супраціў? Я проста рабіў палітычную акцыю, паколькі зьяўляюся сябрам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Беларускага народнага фронту.

Чалавек, які зьяўляецца сябрам партыі, павінен займацца палітычнай дзейнасьцю, таму што палітычныя ідэі стаяць вышэй за эканамічныя. Так будзе і жыць народ. Калі я сябра партыі, то адпавядаю справам нашай партыі. Адзначаю сьвяты, вывешваю для народу нацыянальны сьцяг, бел-чырвона-белы. У нас вялікая гісторыя, Вітаўт, Альгерд, нашы князі. Імёны Андрэй, Сяргей, Вася, Пеця, Маша – габрэйскія, грэцкія, рымскія імёны. А старабеларускія – гэта і будуць Сьвідрыгайла, Ягайла. І генэтычны аналіз паказвае, што беларусы наагул на 80 працэнтаў балты.

У Альгерда і Вітаўта на дзідах былі бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Гэтыя колеры аб'ядноўвалі нашу шляхту і народ. У кожным беларусу таксама цячэ кроў шляхціца, бо іх у нас было 10 працэнтаў. У Расеі шляхты не было, усе былі халопамі, у адрозьненьне ад Беларусі. Таму мы павінны шанаваць нашу гістарычную сымболіку. А гэты сьцяг БССР, які Лукашэнка зрабіў, гэта ня наш сьцяг. Арнамэнт на сьцягу сымбалізуе сьмерць.

(Судзьдзя спыняе прамову. Каваленка спрабуе працягваць, але судзьдзя перапыняе яго, патрабуючы казаць «па прадмеце судовага разбору».)

Што было далей. Далей мяне паставілі на ўлік. Але яшчэ ня ўсё было. Калі я ішоў па горадзе, за мной такі пачаўся перасьлед.

(Судзьдзя зноў перабівае.)

Мяне паставілі на ўлік. Прычым калі я яшчэ ляжаў у шпіталі, у мяне балела галава, яны прыйшлі, я падпісаў. Яны казалі, што хочуць са мной па-добраму, што яны ўсе такія добрыя: ты да нас зьвяртайся, мы табе, Сярожа, дапамагаць будзем, калі што. Я нават іх паперы не чытаў. Яны казалі – нам загады аддае Цярэшчанка, мы самі не хацелі, нічога немагчыма зрабіць.

Але як я трапіў у ізалятар часовага ўтрыманьня з крымінальнікамі, даведаўся, што ў іх лічыцца злосным парушэньнем, калі яны хаваліся больш за 10 сутак. Уцякаюць з хіміі на 10 сутак – вось гэта злоснае, а калі 9 не прыйшлі на сваю хімію, то гэта ня злоснае. І яны сказалі, што можна пісаць, каб здымалі гэтыя парушэньні.

Я прыходжу, пытаюся, ці можна мне напісаць, каб зьнялі парушэньне. Яны кажуць, што нельга, гэта толькі тым можна.

Я ўжо пра гэта забыў, а працаваць жа трэба. І тут я забыўся прыйсьці ў інспэкцыю. Я на дзень забыў. А я за клопатам, за ўсім гэтым перасьледам да вечара забыўся. І чаму мне не прыйсьці ў інспэкцыю, яна два мэтры ад мяне знаходзіцца. І калі яны прыйшлі, я прабачэньня прасіў: прабачце, я запамятаваў. Які мне сэнс быў падпісваць тыя паперы, калі я не зьбіраўся да іх хадзіць? Вось калі б я не падпісаў... А тут я проста запамятаваў два прыпынкі прайсьці. Ніякага намеру тут не было. Гэта проста глупства, я проста мог забыць.

Любы чалавек забывае. І прабачэньня я прасіў. Я проста інспэктарам давяраў і ня ставіў іх словы пад сумнеў.

Што да 24 сакавіка 2011 году, Дня Волі, дык я ўжо казаў, што гэты наш сьцяг быў дзяржаўны, БНР. Я ішоў зь ім, віншаваў беларускі народ. Калі міліцыянты пад'ехалі і сталі забіраць сьцягі, я сказаў: "Давайце спытаем у народу, падыміце рукі, хто за бел-чырвона-белы сьцяг". Людзі сталі падымаць рукі, а адзін чалавек падбег і стаў спрачацца зь міліцыянтамі, каб яны мяне адпусьцілі. А міліцыянты забралі сьцягі, пасадзілі мяне ў машыну і зьвезьлі. А потым сказалі, як заўсёды, што я мацюкаюся. Гэта паўсюль так. Але я як сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі абавязаны быў пранесьці сьцяг.

(Судзьдзя перапыняе.)

На трэніроўку вадзіў сына... Я ім сказаў, што гэтая пастанова, што яны вынесьлі, папярэджаньне... Не было там ніякай пастановы. Шырына ўвогуле не было на працы, у яго выходны дзень быў. У гэты дзень быў Народны сход, на які я не пайшоў. Мне трэба было сына адвесьці ў лядовы палац.

Я фактычна працую па выходных, у мяне дзьве кватэры – заказчыка і яшчэ я маці раблю рамонт. Тое, што інспэктар ня ўбачыў у мяне ў кватэры рамонту, дык нават у інтэрнэце відаць, што там робіцца рамонт. Пафарбаваная столь, пераробленая электрыка. Гэта ў кватэры ў маці. А ён ня ўбачыў. Вочы расплюшчыць трэба. Інструмэнты я складваю ў скрыні пад тэлевізарам. У другой кватэры зроблена тынкоўка, сьцяжкі, электрыка.

Я адтуль бегма бег, абы пасьпець да праверкі. Яны ўсё разумелі. Я ім не хаміў, у кватэру пускаў, расьпісваўся. Усё было нармальна. І я іх разумеў – што ў людзей работа...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG