Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарвэгія зьвярнулася да Беларусі па дапамогу ў справе Брэйвіка


Андэрс Брэйвік у судзе

Андэрс Брэйвік у судзе

У Генэральную пракуратуру Беларусі паступіла просьба з Нарвэгіі аб аказаньні прававой дапамогі па крымінальнай справе ў дачыненьні да Андэрса Брэйвіка, асуджанага за масавае забойства.

Як паведамляе агенцтва БЕЛТА, акруговая пракуратура Осла цікавіцца абставінамі знаходжаньня Андэрса Брэйвіка ў Беларусі ў 2005 годзе, яго кантактах і месцах знаходжаньня. Генпракуратура Беларусі перанакіравала запыт нарвэскіх калегаў у Камітэт дзяржаўнай бясьпекі.

Раней сьледчыя нарвэскай пракуратуры паведамлялі, што Брэйвік пабываў у Беларусі ў сакавіку 2005-га - наведаць сяброўку, якую нарвэскія журналісты ў сваіх публікацыях называюць Наташай, а часам і Надзяй, аднак «гэта не сапраўднае імя». Гэтую на некалькі гадоў маладзейшую за яго жыхарку беларускай сталіцы Брэйвік знайшоў праз службу знаёмстваў у інтэрнэце. Цяпер яна жыве ў ЗША.

Раней сьледчы пракуратуры Паал-Фрэдрык Хьёрт Kрабы ў інтэрвію выданьню Dagbladet паведамляў, што ў размове са сьледчымі Брэйвік вельмі неахвотна распавядаў пра сваю кароткую сувязь зь беларускай, а куды больш націскаў на такія моманты як трэніроўкі і вывучэньне баявых прыёмаў у лягеры беларускіх правых экстрэмістаў.
XS
SM
MD
LG