Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славенія бароніць алігарха зь Беларусі ад «чорнага сьпісу» Эўразьвязу


Юры Чыж

Юры Чыж

Сайт EUobserver --> http://euobserver.com/24/115361 аналізуе падзеі вакол дэбатаў над папаўненьнем "чорнага сьпісу" ЭЗ і спрабуе выявіць, чаму галоўным "тормазам" падаўжэньня сьпісу стала Славенія.

Юры Чыж, буйны спонсар беларускага лідэра Аляксандра Лукашэнкі, можа пазьбегнуць праблемаў пасьля таго, як Славенія заблякавала новы раўнд перамоваў аб эўрапейскіх санкцыях, выклікаўшы неспакой, што яна ставіць свае дробныя камэрцыйныя інтарэсы вышэй за дабрабыт палітычных зьняволеных, піша EUobserver.

Любляна ўзьняла чырвоны сьцяжок на адзінаццатай гадзіне перамоваў у Брусэлі на гэтым тыдні напярэдадні сустрэчы міністраў замежных справаў ЭЗ 27 лютага, на якой рашэньне аб санкцыях мае быць канчаткова зацьверджанае.

Прэсавы сакратар славенскага прадстаўніцтва ў Брусэлі ў пятніцу 24 лютага абверг інфармацыю, што Славенія наклала вэта на рашэньне аб санкцыях, зазначыўшы, што іншыя краіны таксама выказалі свае сумневы датычна санкцыяў.

«Ніякага вэта няма, перамовы працягваюцца. Мы ня можам нічога камэнтаваць на гэтай стадыі перамоваў, рашэньне будзе прынятае ў панядзелак падчас сустрэчы міністраў замежных справаў, — сказаў Ураш Махкавэц сайту EUobserver.

Неназваны дыплямат з краіны-прыхільніцы санкцыяў сказаў, што афіцыйная лінія Славеніі палягае ў тым, што калі Чыж трапіць у «чорны сьпіс», на поле публічных тэндэраў у Беларусі ўварвецца Расея, што нанясе шкоду рынкавай канкурэнцыі.

Аднак той самы дыплямат дадаў, што сапраўдная прычына хутчэй хаваецца ў тым, што славенская будаўнічая фірма Riko Group нядаўна выйграла конкурс на будаўніцтва нерухомасьці разам з канглямэратам «Трайпл», які належыць Чыжу.

Спачатку Славенія выступала за тое, каб прыбраць прозьвішча Чыжа з новага дадатку да «чорнага сьпісу» ЭЗ. Але калі гэта не ўдалося, яна заблякавала ўвесь новы сьпіс, у якім каля 30 прозьвішчаў — бальшыню зь якіх складаюць службовыя асобы, датычныя да арыштаў і дрэннага абыходжаньня з актывістамі апазыцыі.

«Сама ідэя, што ў Беларусі ёсьць нейкі свабодны рынак — гэта проста жарт. Усе ведаюць, што рэжым кантралюе ўсю камэрцыйную дзейнасьць у краіне. Гэта пагражае падарваць аўтарытэт ЭЗ якраз у той час, калі Лукашэнка спакойна насьміхаецца з усіх нашых спробаў рабіць на яго ціск», — сказаў згаданы дыплямат.

EUobserver паведамляе, што Чыж, 48-гадовы бізнэсовец зь вёскі Сабалі Берасьцейскай вобласьці — блізкі кампаньён і рэгулярны хакейны партнэр Лукашэнкі, якога функцыянэры ЭЗ лічаць адным зь яго фінансавых пасярэднікаў.

Ягоная група кампаніяў «Трайпл» займаецца будаўніцтвам, забаўляльнай індыстрыяй, рэстаранамі, супэрмаркетамі, турызмам, лягістыкай і апэрацыямі з нафтапрадуктамі. Яна валодае таксама дылерскай фірмай Audi. Яна мае шырокія дзелавыя сувязі з Латвіяй, Літвой, Нямеччынай, Нідэрляндамі і Польшчай, таму можа істотна пацярпець ад эўрапейскіх санкцыяў.

Паводле беларускіх апазыцыйных крыніцаў, Riko Group зьбіраецца дапамагаць «Трайплу» ў праекце пабудовы гатэлю Кэмпінскі на 57 мільёнаў эўра. Riko мае таксама два асобныя кантракты на 54 мільёны эўра зь дзяржаўнай фірмай Мінскэнэрга ў справе пабудовы элэктрападстанцыяў. Фірма Riko працуе ў Беларусі ад 2000 году і ў 2004-м нават запрасіла самога Лукашэнку правесьці пару дзён на славенскім лыжным курорце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG