Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мядзьведзеў падтрымаў Лукашэнку ў барацьбе супраць эканамічных санкцый


Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка на курорце ў Краснай Паляне 24 студзеня.

Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка на курорце ў Краснай Паляне 24 студзеня.

Прэзыдэнты Беларусі і Расеі зрабілі афіцыйную заяву.

«…з улікам неаднаразовых заяваў ЗША і Эўрапейскага зьвязу пра магчымасьць прымяненьня эканамічных абмежаваньняў у дачыненьні да Рэспублікі Беларусь, прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі пацьвярджаюць недапушчальнасьць выкарыстаньня мераў эканамічнага ціску альбо прымусу ў міждзяржаўных стасунках.

Такія меры ствараюць штучныя бар’еры ў гандлі, неабгрунтаваныя перашкоды эканамічнаму ўзаемадзеяньню суб’ектаў гаспадараньня, уціскаюць законныя інтарэсы эканамічнай бясьпекі дзяржаў, што пагражае нанясеньнем шкоды прадуктыўнаму ўзаемавыгаднаму супрацоўніцтву, шкодзяць разьвіцьцю інтэграцыйных працэсаў на Эўразійскім кантынэнце. Гэта прывядзе да нэгатыўных наступстваў найперш для простых грамадзянаў».

Прэзыдэнты перакананыя, што «толькі раўнапраўны і паважны дыялёг будзе спрыяць урэгуляваньню міжнародных рознагалосьсяў» і выступаюць за адмову ад любых дзеяньняў, якія перашкаджаюць гэтаму дыялёгу, паведамляе БЕЛТА.

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Палітоляг Юры Чавусаў: «Безумоўна, зьяўленьне такой заявы менавіта цяпер выклікана тым, што Рада Эўразьвязу будзе ў хуткім часе разглядаць пытаньне пра магчымае пашырэньне абмежавальных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. І ёсьць вельмі вялікая верагоднасьць, што цяпер справа не абмяжуецца стандартным ужо пашырэньнем сьпісу неўзязных чыноўнікаў. Ёсьць верагоднасьць, што справа дойдзе да сапраўдных эканамічных санкцыяў. Няхай сабе кропкавых — супраць канкрэтных прадпрыемстваў. Але гэта можа стаць небясьпечным прэцэдэнтам — тое, што Эўразьвяз гатовы пайсьці па шляху санкцыяў, якім крочаць ЗША.

Нягледзячы на тое, што ў самой заяве само слова „санкцыі“ не ўжываецца, а прэзыдэнты кажуць пра недапушчальнасьць мераў эканамічнага ціску, відавочна, што заява выклікана надзвычайнай небясьпекай сапраўдных эканамічных санкцый. Беларускі рэжым хоча паўплываць на Эўразьвяз такім вось шантажом — маўляў, санкцыі супраць нас будуць успрынятыя як непрыязны крок супраць Расеі. Гэта можа паўплываць на разгляд пытаньня санкцый».

РС: «Наколькі структуру ЭўраАзЭС хвалюе пытаньне санкцый у дачыненьні да Беларусі? Ці цікавая гэтая тэма Казахстану?»
У строгім разуменьні падобныя абмежавальныя меры санкцыямі не зьяўляюцца.

Чавусаў: «Справа ў тым, што калі мы кажам пра эканамічныя санкцыі, то маем на ўвазе кропкавыя санкцыі. Па ўзоры таго, як зрабілі ЗША ў 2006 годзе, калі былі названыя канкрэтныя прадпрыемствы, гандаль зь якімі зьяўляецца непажаданым для рэзыдэнтаў ЗША. У строгім разуменьні падобныя абмежавальныя меры санкцыямі не зьяўляюцца. Вялікага значэньня для эканамічнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстана гэтыя санцыі мець ня будць. А з другога боку, тыя прадпрыемствы, якія могуць трапіць у абмежавальныя сьпісы, будуць мець магчымасьць дзейнічаць праз адкрыцьцё сваіх прадстаўніцтваў, праз Расею, праз Казахстан. Ня думаю, што гэтыя эканамічныя абмежаваньні нейкім чынам паўплываюць на інтэграцыйныя працэсы на гэтай прасторы.

РС: «Ці можа гэтая заява быць выкарыстаная як складнік палітычнага піяру Ўладзімера Пуціна падчас прэзыдэнцкай перадвыбарчай кампаніі?»

Чавусаў: «Мы ўжо бачылі, што ініцыятыва прэм’ер-міністра Пуціна па стварэньні новых інтэграцыйных структураў на постсавецкай прасторы была выкарыстаная і выкарыстоўваецца як частка перадвыбарчай кампаніі прэм’ер-міністра на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Таму ня выключана, што гэта частка піяру. Зь іншага боку, гэтую заяву робіць „кульгавая качка“ — спадар Мядзьведзеў, які рыхтуецца пакінуць свой офіс. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі гэтыя пагрозы фармальна страцяць сэнс, бо будзе новы прэзыдэнт. Ён можа пачаць з новай сілай аказваць ціск на Лукашэнку, прычым, што ня выключана, ціск, узгоднены з Эўразьвязам».

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч: «Як мы памятаем, спадар Румас (намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі — РС) зьвярнуўся да кіраўніцтва Эўразійскага саюзу з прапановай выказацца супраць ціску на Беларусь з боку Эўразьвязу і ЗША. Зразумела, што кіраўніцтва гэтага саюзу вымушана таксама лічыцца і з пазыцыяй Казахстана, якога гэтыя неіснуючыя насамрэч санкцыі супраць Беларусі ніяк не цікавяць. І таму Казахстану, думаю, цалкам не зразумела, ад чаго трэба было б абараняць Беларусь, ад якіх санцый. А вось што тычыцца падтрымкі расійскім прэзыдэнтам, то гэта цалкам укладаецца ў перадвыбарчую прэзыдэнцкую кампанію. Зараз для пуцінскай кампаніі, для яго перамогі патрэбныя нават долі адсоткаў галасоў. У яго вельмі складаная сытуацыя. Паколькі сымпатыі расіянаў да Беларусі вялікія, а наадварот, антыпатыі да Амэрыкі таксама вялікія, то думаю, што гэта цалкам перадвыбарчы ход — падтрымаць гэты зварот. І трэба сказаць, што беларуская дыпляматыя рэжыму на расейскім кірунку дасягнула сваёй мэты, скарыстаўшыся расейскай палітычнай каньюнктурай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG