Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Васьковіч сваё 22-годзе сустрэне ў крытай турме


Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч

26 лютага Яўгену Васьковічу спаўняецца 22 гады. Да Ігара Аліневіча, асуджанага на самы вялікі тэрмін — 8 гадоў, не даходзяць лісты, яму не дазваляюць тэлефанаваць. Мікалай Дзядок, які днямі адбудзе траціну тэрміну, з-за спагнаньняў не спадзяецца на замену зьняволеньня лягчэйшым пакараньнем.

Сваё 22-годзьдзе Яўген Васьковіч, асуджаны на 7 гадоў за спробу падпалу Бабруйскага КДБ, адзначыць у Магілёўскай турме № 4, так званай «крытцы», у якую летась яго за непадпарадкаваньне перавялі з Магілёўскай калёніі № 15.

Напярэдадні дня народзінаў унука ягоная бабуля Тамара Ўладзімераўна атрымала ліст:

«Ведаю, што ладзіце сьвяткаваньне майго дня народзінаў. Мне вельмі прыемна. Я ганаруся, што ў мяне такая файная бабуля. Але, напэўна, клапоцячыся пра мяне, ты, бабуля, зусім забылася пра сябе. Атрымліваю так шмат лістоў, што не знаходжу часу на кожнае даць грунтоўны адказ. А вось яшчэ ляжаць лісты з ЗША і Швайцарыі. Адказы на іх напісаў, але няма марак (я яму ў канвэрце пашлю). Зараз чытаю раман Генрыка Сянкевіча „Камо грядеши?“ Я ўжо прачытаў ягоныя „Агнём і мячом“ і „Крыжакоў“. Вельмі ўражаны».


Валянціна Аліневіч задаецца пытаньнем — чаму яе сыну не дазваляюць тэлефанаваць родным? Калі Ігар піша заявы, каб дазволілі патэлефанаваць, яны чамусьці губляюцца. Аліневіч атрымаў самы вялікі тэрмін з усіх палітвязьняў — 8 гадоў пазбаўленьня волі, адбывае тэрмін у Наваполацкай калёніі:
Адзін раз патэлефанаваў, і ўсё. У лютым прыйшоў толькі адзін ліст.

«Адзін раз патэлефанаваў, і ўсё. У лютым прыйшоў толькі адзін ліст. Толькі што я сустракалася зь ягоным школьным сябрам. Ігар яму даслаў паштоўку — віншаваньне з днём народзінаў, і нават гэтая паштоўка прыйшла назад. Тут лёгіка адсутнічае цалкам. Да прыкладу, адзін ліст Аляксандра Фядуты дайшоў, другі не дайшоў. Аднак ад Някляева прыйшоў зборнік турэмных вершаў «Лісты да Волі».


Валерыя Хоціна, жонка Мікалая Дзядка, які атрымаў 4,5 года за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці каля Генштабу, вярнулася з доўгатэрміновага спатканьня з Магілёўскай калёніі № 15. Валерыя кажа, што трымаецца Мікола годна:

«У яго пачаліся праблемы з зубамі, вымушаны быў вырваць адзін зуб. Перайшоў на іншую працу. Зараз працуе проста падсобным, а раней працаваў на мэталаапрацоўцы, дзе ў яго былі канфлікты з брыгадзірам. За ўвесь тэрмін зьняволеньня ў яго 5 парушэньняў, кожнае дзейнічае паўгода. Апошняе было ў сярэдзіне сьнежня. І калі ён не атрымае яшчэ спагнаньня, то ў сярэдзіне траўня апошняе будзе зьнята. З-за спагнаньняў у яго дагэтуль абмежаваная сума, якую ён можа траціць у месяц. Я думала, што гэтая сума датычыць толькі прадуктаў, але Мікола сказаў, што гэта на ўсё».

Такім чынам, у месяц на так званую «атаварку» — харчаваньне, прадметы гігіены — Мікалай Дзядок можа патраціць адну базавую велічыню, то бок 35 тысяч. Да таго ж яму забаронена наведваць культурніцкія мерапрыемствы, канцэрты. Але што самае істотнае — калі ёсьць спагнаньні, асуджаны ня можа спадзявацца, што пакараньне яму заменяць на лягчэйшае. Да прыкладу, 3 сакавіка — паўтара года, як Дзядок знаходзіцца за кратамі, ён адбудзе траціну тэрміну і паводле закону мае права на замену пакараньня (напрыклад, перавод на «хімію»). Але ягоную кандыдатуру нават не выносяць на разгляд камісіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG