Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У калёніі ціск на Аляксандра Францкевіча спыніўся


Супрацоўнікі міліцыі наведалі ў калёніі «Воўчыя норы» палітвязьня Аляксандра Францкевіча з мэтай даведацца, ці аказвае адміністрацыя папраўчай установы на яго ціск.

Пра гэта паведаміла маці зьняволенага анархіста Тацяна Францкевіч, якой на днях патэлефанаваў сын.

«Паведаміў, што асаблівага ціску няма, апроч таго, што яго пазбавілі спатканьня з-за парушэньня. Кажа, нават прыяжджаў хтосьці з апэратыўных супрацоўнікаў міліцыі і пытаўся, ці аказваецца на яго ціск. Паведаміў таксама, што прашэньня ад іх не патрабуюць, бо, відаць, гэта зараз ня ў плянах».

27 траўня летась Аляксандар Францкевіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Францкевіча і ягоных паплечнікаў Мікалая Дзядка і Ігара Аліневіча палітычнымі вязьнямі і патрабуюць іх неадкладнага вызваленьня.

Аб гэтым са спасылкай на Радыё Рацыя паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».
XS
SM
MD
LG