Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паспрыяць вызваленьню беларускіх палітвязьняў? Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне заклікае разгарнуць сусьветную акцыю, у выніку якой Аляксандар Лукашэнка, баючыся, што Беларусь страціць права на правядзеньне хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году, змушаны быў бы вызваліць сваіх апанэнтаў.

Госьць Свабоды — арганізацыйны дырэктар Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня Вячка Станкевіч. Паводле яго словаў, задзіночаньне ня ставіць за мэту дамагчыся, каб Беларусь страціла права на правядзеньне чэмпіянату сьвету па хакеі, але хоча скарыстаць факт чэмпіянату, каб у Беларусі не было палітвязьняў і краіна стала больш свабоднай і дэмакратычнай.

Як, паводле вашага разуменьня, мае разьвівацца гэтая акцыя?

Гэтая акцыя пачалася з адчуваньня патрэбы вызваленьня палітычных вязьняў. Штуршком паслужыла адозва, якая гучэла ў «Акце аб дэмакратыі ў Беларусі» — амэрыканскі Кангрэс якраз уключыў у тэкст заклік, каб хакейны чэмпіянат у Беларусі не адбыўся, пакуль там ёсьць палітвязьні. У інтэрнэце і прэсе (газэта «Беларус» таксама мела артыкул на гэтую тэму) былі згадкі пра патрэбу такіх дзеяньняў. Дык галоўная ўправа на сваім пасяджэньні пастанавіла, што варта спрабаваць зьвязаць усе гэтыя спробы ў працяглую і лёгка каардынаваную акцыю.

Фактычна Галоўная ўправа Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня бярэ на сябе функцыі каардынатара гэтай акцыі?

Хутчэй «падштурхоўніка». Мы будзем перасылаць усю актуальную інфармацыю ўсім зацікаўленым, яны ў сваю чаргу будуць перасылаць нешта нам, і такім чынам акцыя разгорнецца, хоць яна ня мае нейкай структуры. Але ёсьць надзея, што калі акцыя разгорнецца, яна можа мець патрэбны ўплыў.

Пэрспэктывы вашай акцыі ўскладняе, несумненна, тое, зь якой адназначнасьцю, прынамсі як на сёньняшні дзень, Міжнародная фэдэрацыя хакею ў асобе свайго прэзыдэнта Рэнэ Фазэля паўтарае, што пытаньне аб месцы правядзеньня чэмпіянату вырашанае. «Мы ўбаку ад палітычных дыскусіяў», — заявіў Фазэль журналістам на пачатку гэтага году. Ці можна шантажаваць Лукашэнку адбіраньнем чэмпіянату сьвету, калі гэты чэмпіянат нібыта й не зьбіраюцца адбіраць?

Мы ведаем, што Беларусь была пераважным пераможцам у атрыманьні права на правядзеньне чэмпіянату. Таму зразумела, чаму Фэдэрацыя не жадае нават думаць пра нейкія зьмены. Але калі да Фэдэрацыі зьвяртаюцца 1-2 асобы ці арганізацыі, тады рэакцыя адпаведная. Калі ж да яе будуць зьвяртацца дзясяткі, сотні і тысячы людзей, адказ можа быць зусім іншым. Фэдэрацыя можа пачаць закулісна ўплываць на тых асобаў, якія маюць непасрэднае дачыненьне да вызваленьня палітычных вязьняў. Бо арганізатарам ня хочацца мець скандалу, і калі ёсьць пагрозы, што будзе скандал, людзі пачнуць рэагаваць іначай.

Куды мае зьвяртацца той, хто адгукнецца на ваш заклік?

Калі атрымалі інфармацыю ад нас — то могуць да нас, а мы знойдзем спосаб сувязі паміж намі ўсімі, каб акцыя працягвалася. Няма такога цэнтральнага пункту, да якога трэба будзе зьвяртацца. Проста наробіцца гэтулькі шуму, што інфармацыя стане шырока вядомай. І тут могуць дапамагчы і сацыяльныя сеткі, бо яны працуюць падобным спосабам — ня маючы ніякага цэнтральнага каардынатара, робяць вялікі ўплыў.



* * *
Рашэньне правесьці чэмпіянат сьвету 2014 году ў Менску прыняў кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакею 8 траўня 2009 году ў Бэрне. Апрача Беларусі, на правядзеньне чэмпіянату прэтэндавалі Вугоршчына, Латвія і Ўкраіна. За Беларусь аддалі свае галасы 75 удзельнікаў кангрэсу, 24 удзельнікі прагаласавалі за Вугоршчыну, Латвія атрымала 3 галасы, Украіна — 2.

У студзені 2011 году, пасьля жорсткага здушэньня менскай акцыі пратэсту супраць узурпацыі Аляксандрам Лукашэнкам улады, Эўрапейскі парлямэнт рэкамэндаваў Міжнароднай фэдэрацыі хакею замарозіць правядзеньне ў Беларусі чэмпіянату сьвету. Ухваленая дэпутатамі рэзалюцыя адзначала, што спартовыя мерапрыемствы такога маштабу ня могуць праводзіцца ў краіне, дзе ёсьць палітычныя вязьні. На працягу мінулага году з аналягічнымі заявамі выступалі паасобныя палітыкі, дзеячы культуры і мастацтва. Заклік да Міжнароднай фэдэрацыі хакею адмяніць рашэньне аб правядзеньні ў Беларусі чэмпіянату сьвету зьмяшчаецца і ў падпісаным прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам Акце аб дэмакратыі і правох чалавека 2011 году ў дачыненьні да Беларусі (Belarus Democracy and Human Rights Act of 2011).

На пачатку студзеня прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) Рэнэ Фазэль пацьвердзіў прынятае раней рашэньне праводзіць чэмпіянат сьвету ў 2014 годзе ў Беларусі. «Мы абмяркоўвалі гэтае пытаньне на паседжаньні Рады і на Кангрэсе. Кангрэс пастанавіў праводзіць турнір у Беларусі і ў 2014 годзе. Мы ўбаку ад палітычных дыскусіяў», — заявіў Фазэль журналістам у канадзкім Калгары.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG