Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Так сталася, што каля трох гадоў таму мы са смаргонскім праваабаронцам Алесем Дзергачовым былі першымі, хто знайшоў ды сфатаграфаваў для грамадзкасьці пляцоўку 5 на 5 км, што адвялі для будучай Астравецкай АЭС паміж вёскамі Газа ды Міхалішкі. Каб вывучыць настроі, разуменьне жыхарамі сытуацыі, аб’ехалі тады 5 паселішчаў. Ва ўмовах адсутнасьці інфармацыі адказы былі блытаныя альбо няпэўныя.

Карэспандэнт: «У вас каля 20 км пляцоўка будзе збудавана — чулі?»

Спадарства: «Не… Не, ня ведаю…»

60-гадовы фэрмэр Мікалай Лось да 92 году жыў нават у чарнобыльскай зоне:

«Я сам зь Лельчыцкага раёну. А радыяцыі ніколі не баяўся — можа, мы такая нацыя, што похер радыяцыя?! (Сьмех.) Мой сын у Астраўцы дзяржаўны чыноўнік. І ён вельмі зацікаўлены, што адкрыецца будоўля. Хацеў зьяжджаць у Менск. Яму сумна. А цяпер жыцьцё само памяняецца…»

А вось што адказвалі тады старшаклясьнікі з 11-годкі ў пасёлку Солы:

«Чулі, чулі! Радыяцыя — гэта дрэнна. Як што зробіцца, будзе забруджаная тэрыторыя, здароўе страчанае… А я думаю, ня надта дрэнна. Электраэнэргія будзе. Калі грыб падымецца, яго аднесьці можа ветрам… З Чарнобылю і патапілі гэты грыб у Беларусі — тры чвэрці на нас пайшло!»

Ад таго часу на пляцоўцы ідуць падрыхтоўчыя працы, ладзяць шашу ды чыгунку. Узьнікла дырэкцыя будаўніцтва атамнай станцыі. А пры канцы мінулага году адбылося першае траўматычнае здарэньне, калі жыхару Астраўца Алегу Січынскаму ў часе рамонту радыятара дызэльнай станцыі з-за парушэньня правілаў бясьпекі адрэзала тры пальцы. Затое ўзмацніў працу, асабліва сярод моладзі, афіцыйны інфармацыйны цэнтар. Пэўныя яе вынікі пачуў у часе размовы з 9-клясьніцамі Варнянскай сярэдняй школы, куды нядаўна прыяжджалі супрацоўнікі цэнтру.

Дзяўчаты: «Нармальна, бо зараз такі час, што мусяць надзейна зрабіць. На працу больш будуць прыяжджаць і будзе вёска разьвівацца… Будзе больш народу сяліцца ў Варнянах…»

Карэспандэнт: «А завуць як?»

Дзяўчына: «Дыяна, як прынцэса (сьмех) — Бумболь… Таня Калпак…»

Падышоў настаўнік геаграфіі, спадар Уладзімір Саленік. Я ў яго спытаў:

Карэспандэнт: «Ці мае школа дазымэтар?»

Саленік: «Мае — ДП-5А. Мой аднаклясьнік Валодзя Пановіч усё жыцьцё адрабіў на Ігналінскай атамнай. У яго двох цудоўных дзяцей. Сядзеў за пультам кіраваньня. У яго ўнукі — я зь ім размаўляў тыдзень таму…»

Карэспандэнт: «Карацей, вы „за“ будаўніцтва станцыі?»

Саленік: «За!»

У той жа час улады робяць усё, каб падтрымліваць вакуўм альтэрнатыўнай інфармацыі, з-за чаго ўзмацніліся рэпрэсіі супраць праціўнікаў АЭС. Мясцовая апазыцыя ды незалежныя эколягі ўтварылі грамадзянскую ініцыятыву «Астравецкая атамная — гэта злачынства!», якую ўзначальвае 60-гадовы сябар АГП, былы настаўнік геаграфіі Мікалай Уласевіч. Ён таксама жыве ў пасёлку Варняны, ад якога напрасткі 4 км да будучай станцыі. Актывістам антыядзернай кампаніі забараняюць пікетаваньне ды сустрэчы ў працоўных калектывах раёну. У самога спадара Мікалая ня раз чынілі ў кватэры ператрусы — шукалі ўлёткі.
Мікалай Уласевіч

Мікалай Уласевіч


Уласевіч: «Сёньня я хаджу як па мінным полі — кампанія супраціву вельмі не падабаецца ўладзе. Вядома, што ідэя будоўлі ў Астравецкім раёне належыць першай асобе ў дзяржаве — Лукашэнку. Гэта вельмі вялікая палітыка, таму моцным валам накочваюцца рэпрэсіі…»

Карэспандэнт: «Чаму вы супраць будаўніцтва выступаеце?»

Уласевіч: «Я лічу, што ніякага эканамічнага складніку для Беларусі ў гэтым праекце няма. Яна будуецца не для Беларусі, а каб экспартаваць гэтую энэргію. Эканамічна, каб будаваць станцыю, у Беларусі нічога няма. Мы будзем будаваць яе год 10–15, урану ў сьвеце год на 50 ёсьць, і мы ў гэтай чарзе будзем далёка ня першыя. Нават Расея сёньня шнырыць, каб мець для шматлікіх аб’ектаў запасы гэтага паліва. Мы прасілі ў Расеі газ-нафту, цяпер уран, і пад пагрозу ставім ня толькі эканамічную, але і палітычную самастойнасьць. Экалягічныя наступствы адназначныя — на дзясяткі км. АЭС разьмешчана паміж рэкамі Віліяй і Газянкай, прычым апошняя ня больш як за кілямэтар ад станцыі на ўзвышшы. І плоскасны змыў усё будзе несьці ў Вілію і далей у Балтыку. Гэта вельмі шкодна і небясьпечна…»

Па дарозе на АЭС разам са спадарамі Уласевічам ды яшчэ адным праваабаронцам Мікалаем Петрушэнкам заехалі ў вёску Газа — апошнюю перад пляцоўкай. Жыхарам там ужо паведамілі, што пры канцы будаўніцтва палова з сотні насельнікаў будзе адселена. Вось што сказалі нам спадарства Казакі — былая настаўніца Ніна Іванаўна ды экс-мэханізатар Ёсіф Андрэевіч.
Ёсьць, хто адзінокія, што кажуць — мы згодныя, каб толькі далі кватэры з выгодамі ў горадзе.

Ніна Іванаўна: «Будзе забруджаны запаведнік паблізу, а там Сьвірскія, Браслаўскія азёры. Месцы такія прыгожыя, тут і менчукі лецішчы пабудавалі — добра адпачываць каля Віліі. І лес, і ягады, грыбы — накрыецца ўсё! Ёсьць, хто адзінокія, што кажуць — мы згодныя, каб толькі далі кватэры з выгодамі ў горадзе. А што — нам цяжка дровы нарыхтоўваць. А так будзем сядзець, як паны — пэнсію атрымліваць…» (Сьмяецца.)

Ізноў гутарым са спадаром Уласевічам.

Карэспандэнт: «Мікалай, тады варнянцы станоўча ацэньвалі будоўлю АЭС, бо вэртыкальшчыкі казалі, што яны атрымаюць працу на будучай станцыі…»

Уласевіч: «Так, вабілі працай. Сёньня ж вядома, што ніхто яе не атрымае і з варнянцаў, і з астравецкіх. Ужо сёньня зь Менску, Гродна, Магілёва, іншых месцаў прыяжджаюць вахтавым мэтадам будаўнікі. Нікога зь мясцовых не бяруць — а хто ж будзе апрацоўваць зямлю за тры капейкі? Аголіцца раён і рухне яго і так слабая эканоміка…»

За кілямэтар ад пляцоўкі спыніў лесьнікоў — 24-гадовага Яраслава Навашынскага ды 50-гадовага Генадзя Паўкштэлу.

Спадарства: «Хочаш ня хочаш! Хто яго ведае, можа, рэч і неблагая? Ня мы рашаем…А па мне — пакуль адбудуецца, на той сьвет пайду…»

* * *

Дарога, што ўшчыльную падышла да будучай АЭС, паабапал была разьдзеленая бытоўкамі вахтавікоў ды ўласна пляцоўкай, дзе ўдалечыні стаялі тры краны ды дарожны грэйдэр — пры мінус 26 у той дзень яны не працавалі. Вырашаем ехаць у Астравец. Там месьціцца той самы афіцыйны інфармацыйны цэнтар, дзе, як напісана, «можна атрымаць кампэтэнтную інфармацыю пра атамнаю энэргетыку ды Астравецкую АЭС». У прасторнай, завешанай плякатамі залі быў толькі кіраўнік, былы журналіст, спадар Эдуард Сьвірыд. Мы аказаліся завочна знаёмыя па перадачах «Свабоды».

Эдуард: «Віталь, мы з вамі аднаго ўзросту і вывучалі эканамічную геаграфію СССР. У тых падручніках гаварылася, што самы чысты від энэргіі — атамная энэргетыка. Пасьля чарнобыльскай аварыі сытуацыя зьмянілася — магутная катастрофа паўплывала на разьвіцьцё Беларусі, грамадзтва…»

Карэспандэнт: «І на зьяўленьне псыхалягічнага сымптамакомплексу „я чарнобылец“…»

Эдуард: «Безумоўна! Адзін зь першых маіх матэрыялаў у газэце „Астравецкая праўда“ называўся „Фобія АЭС ці фобія хлусьні?“ Нашы людзі баяцца ня столькі атамнай станцыі, колькі быць падманутымі — я бачу па вачах. І пераходзім да экалёгіі і — што найбольш цікавіць — што такое адпрацаванае ядзернае паліва і радыеактыўныя адкіды. Колькі існуе зямля, столькі існуе радыеактыўны фон. І нават калі спраўдзіцца прагноз індзейцаў майя пра канец сьвету, то радыяцыя тут застанецца. (Сьмяецца.) На нас узьдзейнічае і флюараграфія, здымкі зубоў, ног, ядзерныя выпрабаваньні калісьці праводзіліся, у тым ліку і атамная энэргетыка. Калі скласьці, мы атрымаем 2,4 мілізывэрта ў год. Атамная энэргетыка ў гэтым пераліку — 0,001 мілізывэрта. Справа ў тым, Віталь, што вось муляж уранавай атамнай таблеткі, і ўся радыяцыя, якой мы баімся, знаходзіцца ўнутры яе — гэта ядзернае паліва. Калі адбываецца дзяленьне ядзер урану, утвараюцца радыеактыўныя газы, як радон, ксэнон, крыптон. Яны могуць пранікнуць у любую трэшчынку, улічваючы, што награваецца там да 1400–1500 градусаў. Тады яна застаецца ў абалонцы паліўнага элемэнта, у які зьмяшчаюцца таблеткі…»

Карэспандэнт: «У чым гарантыя непаўтарэньня Чарнобылю на будучай Астравецкай АЭС?»
Наш рэактар ВВР-1200 — для гаспадынь прыводжу асацыяцыю — падобны да скараваркі, дзе ўсё закручана, закрыта, ён гермэтычны.

Эдуард: «Калі радыяцыя пакіне абалонку — гэта адрозьненьне ад Чарнобылю — яна застанецца ў корпусе рэактара. Наш рэактар ВВР-1200 — для гаспадынь прыводжу асацыяцыю — падобны да скараваркі, дзе ўсё закручана, закрыта, ён гермэтычны. Чарнобыльскі рэактар быў кіпячы, наш — пад ціскам. Таўшчыня ўнутранай абалонкі — 1 мэтар 80 сантымэтраў, разьлічана на падзеньне самалёта. Напрыклад, амэрыканцы пусьцілі на яго сьпісаны — абалонка засталася цэлая. Вытрымае ўраганы, сьмерчы, сьнегавую нагрузку…»

Карэспандэнт: «Некалькі пытаньняў-бліц. Некаторыя з эколягаў кажуць, што Астравецкая АЭС будуецца ў сэйсманебясьпечнай зоне…»

Уласевіч: «Землятрус быў 28 сьнежня 1908 году 6 балаў…»

Эдуард: «Адам Мальдзіс знайшоў у віленскім архіве газэту „Наша Ніва“. Ад гэтага пайшоў гэты землятрус у нашы падручнікі…»

Уласевіч: «Трэба зьвярнуцца на катэдру геалёгіі ў БДУ. Гэта вядома з падручніка прафэсара Жучкевіча, географа!»

Эдуард: «Максымальна магчымая велічыня землятрусу ў Беларусі складае 7 балаў. Мы закладаем яшчэ 1 бал звыш, для таго каб гарантаваць на 100%…»

Карэспандэнт: «Што з захаваньнем адкідаў, з „магільнікамі“?»

Эдуард: «Увогуле, пакуль пракамэнтаваць табе нічога не магу…»

Карэспандэнт: «Калі ўсё-ткі павінна запушчаная быць АЭС?»

Эдуард: «Першы энэргаблёк — у 2017 годзе, другі —у 2018-м…»

Карэспандэнт: «Рэальна гэта можа быць прафінансавана?»

Эдуард: «Гэта зноў-ткі пытаньне не да мяне…»

Карэспандэнт: «Калі тры гады таму мы былі, вялікія спадзевы мясцовыя ўскладалі на тое, што АЭС дасьць працу…»

Эдуард: «Дасьць — ну я ж працую! (Сьмяецца.) Працуе кіроўцаў астравецкіх на будоўлі чалавек 10, але там усіх пакуль чалавек 20–30. У будучыні на АЭС будзе працаваць каля 2400. Там будуць задзейнічаны юрысты, бухгальтары, эканамісты, ахова. Што сьвеціць астраўчанам? У гэтым годзе мой сын скончыў сярэднюю школу і паступіў на атамную спэцыяльнасьць у БДУ. Мы ў сьнежні зьбіралі выпускнікоў і заахвочвалі людзей…»

Карэспандэнт: «А заробкі будуць нармальныя?»

Эдуард: «Я думаю — калі энэргетыкі скардзіліся на заробкі?»
Да 22 год дажыць і ня мець ані правоў, ані якога-небудзь дыплёма — дзе ж ты будзеш працаваць на атамнай станцыі?!

Петрушэнка: «Нашы высотнікі атрымлівалі тут 2,8 млн, пераехалі ў Расею — 25!»

Эдуард: «Іншая справа, да нас зьвяртаюцца людзі ўладкавацца — ніводнай спэцыяльнасьці няма! Да 22 год дажыць і ня мець ані правоў, ані якога-небудзь дыплёма — дзе ж ты будзеш працаваць на атамнай станцыі?! Зваршчыкі будуць запатрабаваныя ня менш за 6 разрад…»

Інфармацыя да ведама. Вырашальныя перамовы пра фінансаваньне 90% выдаткаў на будоўлю АЭС з Расеяй павінны адбыцца ў ліпені. А да гэтага часу Саўмін адмяніў пакуль архітэктурныя праекты 2 мікрараёнаў для будаўнікоў у Астраўцы, што стаялі ў плянах.

Нашу размову перапыніў 24-гадовы радыёінжынэр, выпускнік Менскага ўнівэрсытэту інфарматыкі ды радыёэлектронікі, каржакаваты Сяргей Чэпукойц. Адначасова пытаемся:

Карэспандэнт: «Хочаш менавіта на АЭС уладкавацца?»

Сяргей: «Хачу спытаць, што з заробкам і працай — жыву ў Варнянах, побач…»

Эдуард: «Я вам дам запоўніць рэзюмэ…»

Карэспандэнт: «Эдуард, Сяргею рэальна ўладкавацца з такой прафэсіяй?»

Эдуард: «Так, рэальна, бо падрыхтоўкай спэцыялістаў для нас займаюцца БДУ, унівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, унівэрсытэт Сахарава і БНТУ. Тое, што спэцыялісты будуць запатрабаваныя — адназначна. Вы будзеце ў нашай базе дадзеных…»

Карэспандэнт: «Сяргей, каб не АЭС, дзе-небудзь уладкавацца нерэальна?»

Сяргей: «Болей, нібы, не — толькі з арміі прыйшоў…»

І, бадай, апошняя сустрэча, не запісаная, бо адбылася ў нас са спадаром Петрушэнкам за некалькі хвілін да адыходу цягніка на Менск — з шасьцю вахтавікамі з Гомелю, якія паведамілі, што за месяц атрымліваюць «аж паўтара мільёна ды 45 тысяч сутачных, якіх не хапае і на прыстойны абед».

Ужо ў цягніку камэнтуем зь Мікалаем Сямёнавічам вынікі вандроўкі.

Мікалай Петрушэнка

Мікалай Петрушэнка

Петрушэнка: «Мне застаецца толькі ўздыхнуць. Гадоў пяць таму я ўдзельнічаў у Менску ў энэргетычным форуме і задаў пытаньне прадстаўніку расейскай кампаніі „Лукойл“ пра патэнцыйныя інвэстыцыі ў АЭС. Мне адказалі, што трэба паглядзець, ці выгадна гэта „Газпрому“. Сёньня ў нас 95% электраэнэргіі вырабляецца з газу і Расея трымае нас на газавай іголцы. „Газпрому“ будаўніцтва АЭС нявыгадна, значыць, нявыгадна і Расеі. Я вельмі сумняваюся, што Расея выдасьць крэдыт…»

Узгадваю, як суразмоўца, які часьцяком бывае на Астравеччыне, задаў Эдуарду Сьвірыду пытаньне пра пляны, якія нібыта існуюць, — збудаваць непадалёк ад АЭС лягер-ЛТП на 3 тысячы зьняволеных. Супрацоўнікі станцыі пры дапамозе грамадзянскай кампаніі «Наш дом» публічна зьвярнуліся ў пракуратуру краіны, каб там пацьвердзілі альбо абверглі чуткі. У Астравец на сустрэчу з калектывам прыяжджаў генпракурор Канюк. Публічна рэагаваў яго гарадзенскі намесьнік.

Эдуард: «Людзі, вядома, непакоіліся — мала таго, што такая будоўля, дык нам яшчэ „хімікаў“ навязуць! Нашы госьці сказалі, што гэта ня той аб’ект, дзе можна прымяняць некваліфікаваную працу ТАКІХ людзей…»

Тры гады таму пасьля вандроўкі на Астравеччыну я сустрэўся са сваім даўнім знаёмым, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай АН, акадэмікам Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналёгій спадаром Нікітчанкам. Цяпер Івана Мікалаевіча няма сярод жывых, але ягоныя тагачасныя словы гучаць і цяпер актуальна:

«АЭС наагул не патрэбная Беларусі. Яна будзе каштаваць шмат грошай. Добры гаспадар уклаў бы іх у мадэрнізацыю тэхналёгій. Мы яшчэ ў 91-м прапанавалі тэхналёгіі пасьлячарнобыльскага вырошчваньня ўсіх сельскагаспадарчых прадуктаў. Можна было б эканоміць энэргіі да 30%. Радыяцыя ў любой колькасьці і дозе небясьпечная для арганізму. Ізатопы радыеактыўныя маюць розную колькасьць энэргіі, і лішняя выкідаецца ў навакольнае асяродзьдзе. Спачатку элемэнты трапляюць у клетку, аслабляюць органы. Падвышаецца ўспрымальнасьць да хваробаў. Таму і нараджальнасьць падае, сьмяротнасьць маладзее — большая ў 2 разы. Тое і для сельскагаспадарчых расьлін. Я выходжу з прапановай — канчайце ўсе праграмы!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG