Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі МЗС 27 краінаў Эўразьвязу на пасяджэньні 27 лютага ў Брусэлі, як чакаецца, ўхваляць пашырэньне «чорнага сьпісу» чыноўнікаў і кампаній Беларусі, у дачыненьні да якіх дзейнічаюць санкцыі ЭЗ.

Пра гэта агенцтву РИА Новости паведаміла дыпляматычная крыніца ў ЭЗ.

«Чакаецца, што абмежавальныя меры закрануць новых чыноўнікаў і кампаніі», — сказаў суразмоўца агенцтва.

Раней была распаўсюджаная інфармацыя, што беларускае пытаньне ў парадак дня 27 лютага ня трапіла.

Рада Эўразьвязу ў лютым прыняла пастанову, якая адкрывае шлях для прымяненьня дадатковых санкцый у дачыненьні да фізычных і юрыдычных асобаў у Беларусі, якія, на думку ЭЗ, датычныя да парушэньняў асноўных правоў чалавека ў Беларусі.

«Прынятымі папраўкамі пашыраюцца крытэры прымяненьня абмежавальных мер і замарожваньня актываў. Адпаведна, такія санкцыі могуць прымяняцца да асобаў, адказных за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека або падаўленьне грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, а таксама асобаў і арганізацый, якія атрымліваюць прыбытак ад або якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, — гаварылася ў пастанове Рады ЭЗ.

Паводле інфармацыі, атрыманай РИА Новости з дыпламатычнай крыніцы, ЭЗ мае намер уключыць у сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ і чые актывы павінны быць замарожаныя, яшчэ 135 службовых асобаў.

Што тычыцца таго, колькі беларускіх кампаній будуць унесеныя ў «чорны сьпіс», то, па словах, суразмоўцы агенцтва ў Радзе ЭЗ, «іх будзе некалькі».

Рада Эўразьвязу па замежных справах у сьнежні 2011 году ўхваліў пашырэньне санкцый супраць Беларусі. Ўезд у ЭЗ, такім чынам, быў забаронены больш чым 200 беларускім чыноўнікам. Акрамя таго, у ЭЗ замарожаныя актывы шэрагу беларускіх кампаній.

Беларускія ўлады аспрэчваюць усе прэтэнзіі Эўразьвязу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG