Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: «чарнілы» забараняць ня будуць


Рыгор Грык
Рыгор Грык

Намесьнік старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Ігар Стасевіч адказаў на калектыўную просьбу жыхароў гораду пра забарону таннага віна.

У адказе на імя жыхара Баранавічаў Рыгора Грыка чыноўнік паведаміў, што мясцовыя ўлады ня маюць паўнамоцтваў на абмежаваньне продажу алькагольных напояў, бо гэта рэглямэнтуецца заканадаўчымі актамі або пастановамі ўраду.

Акрамя таго, чыноўнік паведамляе, што «ў горадзе вытворчасьць пладова-ягаднага віна ажыцьцяўляе ААТ „Баранавіцкі камбінат харчовых прадуктаў“ у адпаведнасьці зь дзейным дзяржаўным стандартам». Намесьнік старшыні гарвыканкаму апавёў, што «ў цяперашні час на камбінаце вырабляецца толькі віно палепшанай якасьці па адмысловай тэхналёгіі».

Рыгор Грык сабраў больш за 100 подпісаў жыхароў Баранавічаў пад зваротам да ўладаў пра абмежаваньне й паступовае вывядзеньне з продажу таннага віна. Актывіст перакананы, што ўжываньне напою, які ў народзе называюць «чарніламі», вельмі дрэнна адбіваецца на здароўі яго аматараў.
XS
SM
MD
LG