Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд найбольш вядомых галадовак у Індыі, Ірляндыі, Расеі, на Кубе.

Галадоўка як негвалтоўны супраціў Гандзі

Вядомыя галадоўкі Магандаса Карамчанда, славутага Магатмы Гандзі. Гэты чалавек здолеў так зьяднаць нацыю галадоўкай, што разам зь ім у 1932 годзе галадала некалькі мільёнаў індыйцаў. Індыйцы дамагаліся пашырэньня выбарчых правоў, а не кілбасы, хаця перад тым 19 мільёнаў чалавек у Індыі памерлі з голадуі.

Махатма Гандзі

Махатма Гандзі

У 1948 годзе Гандзі яшчэ раз пачаў галадоўку, каб спыніць міжнацыянальныя канфлікты. «Сьмерць стане для мяне цудоўным пазбаўленьнем. Лепш памерці, чым быць бездапаможным сьведкам самазьнішчэньня Індыі», — казаў ён. Гэтая ахвярная акцыя дала вынік. Празь некалькі дзён пасьля таго, як Гандзі пачаў галадоўку, лідэры рэлігійных групаў пагадзіліся пайсьці на кампраміс.

Ірляндзкая трагедыя

Ірляндзкая галадоўка 1981 стала кульмінацыяй пяцігадовага пратэсту ў рамках канфлікту ў Паўночнай Ірляндыі, распачатага ў 1976 годзе. 1 сакавіка 1981 году галадоўку ў турме Мэйз пачаў Бобі Сэндс (Bobby Sands), сябра Ірляндзкай рэспубліканскай арміі. 15 сакавіка да галадоўкі далучыўся іншы ўдзельнік, 22 сакавіка — яшчэ двое. Галадоўнікі вылучалі патрабаваньні: права не насіць турэмную ўніформу; права не рабіць турэмную працу; права на свабоду сувязі зь іншымі зьняволенымі, а таксама на арганізацыю адукацыйных і забаўляльных мерапрыемстваў; права на адзін візыт, адзін ліст і адну пасылку кожны тыдзень; поўнае права на памілаваньне.

Магіла Бобі Сэндса

Магіла Бобі Сэндса

У сакавіку 1981 Бобі Сэндс быў вылучаны кандыдатам на мясцовых выбарах і 9 красавіка быў абраны ў парлямэнт, атрымаўшы 30 492 галасы. Пасьля гэтага ўрад Вялікабрытаніі забараніў балятавацца людзям, якiя адбываюць тэрмін зьняволеньня большы за год.

Маргарэт Тэтчэр, прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі, не пайшла на саступкі, і галадоўка скончылася сьмерцю дзесяці галадоўнікаў. Сэндс памёр 5 траўня, праз 66 дзён пасьля пачатку галадоўкі, у шпіталі турмы, ад зьнясіленьня. Вестка аб яго сьмерці выклікала хваляваньні. У пахаваньні Сэндса 7 траўня ўзялі ўдзел 100 000 чалавек.

Галадоўкі Андрэя Сахарава

У студзені 1980 году пасьля адкрытага выступу савецкага дысыдэнта Андрэя Сахарава супраць увядзеньня савецкіх войскаў у Аўганістан, былі прынятыя указы аб пазбаўленьні Сахарава дзяржаўных узнагародаў СССР і аб высяленьні ў адміністрацыйным парадку з Масквы. У Горкім яго пасялілі на кватэры, абсталяванай усім неабходным для сачэньня за ім. На заявы з патрабаваньнем даць яму магчымасьць абараняцца ў судзе Сахараў не атрымліваў адказу. У Савецкім Саюзе пісалі аб дэградацыі Сахарава як вучонага, прэзыдэнт Акадэміі навук Аляксандраў у гутарцы з амэрыканскім калегам называў Андрэя Дзьмітрыевіча псыхічна хворым.

Андрэй Сахараў

Андрэй Сахараў

У Горкім Сахараў правёў некалькі галадовак. Самым вострым для Сахарава пытаньнем у першыя гады ссылкі была справа яго нявесткі Лізы Аляксеевай, якой улады адмаўлялі ў праве зьехаць да мужа за мяжу. Не дамогшыся афіцыйнымі сродкамі дазволу на выезд, 22 лістапада 1981 году Андрэй Сахараў і Алена Бонэр абвясьцілі галадоўку. Ліза Аляксеева атрымала дазвол пакінуць СССР.

178 дзён зь невялікімі перапынкамі галадаў Сахараў ў 1985 годзе, дамагаючыся дазволу для жонкі выехаць за мяжу для апэрацыі на сэрцы і сустрэчы з роднымі. Яго гвалтоўна зьмяшчалі ў бальніцу, штучна кармілі праз зонд, «лячылі» невядомымі прэпаратамі. За мяжой у гэты час распаўсюджваліся дакумэнтальныя фільмы, зьнятыя ў Горкім у розны час супрацоўнікамі КДБ схаванай камэрай. Зь іх вынікала, што Сахараў адчувае сябе выдатна, і яго жыцьцю нішто не пагражае.

На Кубе два апазыцыянэра памерлі ад галадоўкі

На Кубе галадоўкі — адзін з асноўных відаў пратэсту. 23 лютага 2010 г. кубінскі дысыдэнт Арляндо Сапата Тамая памёр пасьля 80 дзён галадоўкі. У яго гонар пачаў галадоўку Гілерма Фарыньяс. Ён знаходзіўся ў перадсьмяротным стане, калі ўлады пайшлі на саступкі і пачалі выпускаць палітвязьняў. Сёньня Фарыньяс — адзін зь лідэраў кубінскай апазыцыі.

Гілерма Фарыньяс

Гілерма Фарыньяс

Найбольш гучны выпадак — у студзені 2012 году. Кубінскі апазыцыянэр Вілмар Вільяр памёр у лякарні ва ўзросьце 31 году. Ён вырашыў адмовіцца ад ежы на знак пратэсту супраць чатырохгадовага турэмнага тэрміну, да якога быў прысуджаны за ўдзел у дэманстрацыі ў родным горадзе Контрамаэстрэ ў лістападзе мінулага году за «абразу, супраціў і атакі на ўладу». Вільмар Вільяр быў актывістам апазыцыйнай арганізацыі Патрыятычны зьвяз Кубы, які дзейнічае на ўсходзе выспы. Яго паплечнік Элізарда Санчэз заявіў, што цягам апошніх дзён Вільяр быў у крытычным стане, а кубінскі ўрад нясе поўную маральную, юрыдычную й палітычную адказнасьць за сьмерць апазыцыянэра. Улады ў Гаване не камэнтуюць здарэньня, аднак адзін з прадстаўнікоў кубінскага рэжыму напісаў на блёгу, што Вільяр памёр «ад недастатковасьці шматлікіх органаў, выкліканай заражэньнем крыві».
XS
SM
MD
LG