Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы галадоўнік Банцар: «Каваленка мае рацыю»


Пра адметнасьці і наступствы сухой галадоўкі «Свабодзе» расказвае Ігар Банцар, журналіст, актывіст Саюзу палякаў, не прызнаванага ўладамі. У чэрвені 2011 пяць дзён за кратамі ён трымаў сухую галадоўку супраць незаконнага арышту. Ігар Банцар страціў за гэты час восем кіляграмаў вагі.

Ганна Соўсь: Раскажыце пра абставіны сваёй галадоўкі. Як вы сябе адчувалі? У які момант вы прынялі рашэньне спыніць галадоўку?

Ігар Банцар: У сытуацыі, калі ўлады не пакідаюць магчымасьці нейкім іншым шляхам адстойваць свае правы, то адзіны негвалтоўны спосаб паказаць сваю нязгоду, выказаць сваю пазыцыю — гэта галадоўка. Мяне арыштавалі беспадстаўна на падставе абсурдных абвінавачваньняў пасадзілі на суткі, і гэтае рашэньне было натуральным. Што тычыцца выхаду з галадоўкі, то як мяне вызвалі з-за кратаў, то і тады і галадоўка скончылася. Я прыхільнік цьвёрдай пазыцыі, што калі сказаў, то трэба рабіць. Хаця безумоўна, сухая галадоўка — гэта досыць жорсткі крок для арганізму. І я ня раіў бы нікому галадаць, тым больш галадаць без прыняцьця нейкіх вадкасьцяў.

Але калі сытуацыя крытычная, калі сытуацыя вельмі жорсткая, і ўлады вядуць сябе брутальна і без усялякіх тармазоў, як у сытуацыі з Каваленкам, то, безумоўна, я яго разумею. Гэта адзіны шанец для яго дастукацца, прыцягнуць увагу людзей ва ўладзе, якія цьвяроза мысьляць. Я маю на ўвазе пракурораў, судзьдзю, міліцыянтаў, таму што тое, што зь ім робіцца, безумоўна, нейкі гвалт над асобай. Калі няма іншых сродкаў, то што рабіць. Калі я галадаў па-сухому, то згадваў прыклад тэрарыстаў ІРА, славутыя гісторыі, калі людзі галадалі за свае перакананьні і папросту паміралі ў турме. За свае перакананьні трэба стаяць да канца. І калі Каваленка лічыць, што ён мае рацыю (і я лічу, што ён мае рацыю), то даводзіцца да такіх сродках зьвяртацца.
Я ня раіў бы нікому галадаць, тым больш галадаць без прыняцьця нейкіх вадкасьцяў.

Соўсь: Ці можаце вы згадаць свае фізычныя адчуваньні падчас галадоўкі?

Банцар: Гэтыя працэсы для кожнага арганізму індывідуальныя. У маёй сытуацыі, калі я камфортна некалькі дзён ляжаў на лежаку, мяне ніхто не турбаваў, я мог пачытаць кнігу, падумаць, пераасэнсаваць нешта, свае думкі ўпарадкаваць. З раніцы абход, увечары абход. Тым больш калі чалавек спортам займаецца, яму гэта прасьцей. Але ж у Каваленкі сытуацыя абсалютна іншая, калі яго цягаюць з
арышту на суд, гэта зусім іншае. Мне было вядома, што арышт скончыцца, і я выйду на свабоду. А Каваленку пагражае вялікі тэрмін. Ягоная сытуацыя непараўнальная з маёй. У любым выпадку сухая галадоўка — гэта нічога добрага для арганізму.

Соўсь: Якія наступствы вы адчувалі пасьля выхаду з галадоўкі?

Банцар: Было вельмі цяжка вярнуцца ў нармальны рытм, заняло некалькі тыдняў. Я дагэтуль адчуваю наступствы. Маю праблемы з падстраўнікавай залозай. Калі нейкія нагрузкі, недахоп вадкасьці, то адразу пачынаюцца праблемы з падстраўнікавай залозай. Раней нічога такога не было. Лекары гавораць, што пасьля пэўнага тэрміну пачынаюцца незваротныя працэсы ў арганізьме. Сухая галадоўка — вельмі жорсткае выпрабаваньне для арганізму і апошні сродак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG