Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў заступілася за рабочых «Граніту»


Генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў Шаран Бэраў зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем спыніць дыскрымінацыю незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах.

Канфэдэрацыя патрабуе спыніць уціск сябраў незалежнага прафсаюзу на «Граніце», аднавіць на працы Алега Стахаевіча і Людмілу Ліцьвінку, прызнаць незалежны прафсаюз і ня ўмешвацца ў яго справы.

Акрамя таго, Шаран Бэраў прапануе беларускім уладам зьмяніць фармулёўкі ў законах, якія не адпавядаюць міжнародным працоўным нормам. Генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі працы паведамляе, што будзе і надалей сачыць за сытуацыяй на «Граніце» і разгледзіць магчымасьць інфармаваць пра яе Міжнародную арганізацыю працы і Эўразьвяз.

Кіраўнік суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч кажа, што вельмі ўдзячны міжнароднай супольнасьці за падтрымку:

«Вялікі дзякуй, што менавіта ў той момант, калі нам патрэбная падтрымка, на нас не забываюцца. Тым болей, пра нашыя праблемы ведаюць такія аўтарытэтныя структуры, як Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў. Гэта вялікі крок нам насустрач, і ад нас ім вялікая ўдзячнасьць», — кажа Алег Стахаевіч.

Спадар Стахаевіч спадзяецца, што адміністрацыя РУВП «Граніт» прыслухаецца да думкі Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў.

Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў — гэта 175 мільёнаў працоўных, аб’яднаных у 305 нацыянальных прафсаюзных цэнтраў, якія дзейнічаюць у 151 краіне сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG