Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі даслаў ліст з ізалятара на Валадарскага. Зьміцер Дашкевіч патрабуе прынесьці яму ў карцэр Біблію. Павал Севярынец сустрэўся ў спэцкамэндатуры з амэрыканскім дыпляматам Крыстафэрам Панікай. Мікалай Статкевіч абураецца заклікамі апазыцыянэраў з-за мяжы падаваць прашэньні аб памілаваньні. Адсутнасьць зьвестак ад Эдуарда Лобава ставіць пад пытаньне ягонае доўгатэрміновае спатканьне з маці.

Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук атрымала ад яго некалькі лістоў: два з Жодзінскага ізалятара, ды яшчэ адзін з паштоўкай — зь менскага ізалятара на вуліцы Валадарскага. Натальля Пінчук зрабіла выснову, што апошнімі днямі яе мужа трымаюць на «Валадарцы» перад адпраўкай у Бабруйскую калёнію:

«Ён цікава так піша, што прывезьлі яго на «Валадарку», і ў яго адчуваньне дому павялічылася. Такое ў яго ўражаньне. А пра тое, калі яго павязуць далей, нічога, на жаль, ня піша. Вось таму я ўзяла і сёньня напісала ліст яму на «Валадарку».


Вязьня Глыбоцкай калёніі Зьмітра Дашкевіча другі раз пакаралі карцэрам. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла нявеста палітвязьня Наста Палажанка. Паводле яе, пра гэта Дашкевіч паведаміў адвакату падчас сустрэчы, якая адбылася 21 лютага. Сустрэча праходзіла ў памяшканьні для сустрэчаў, дзе няма слухавак, а людзі крычаць адзін другому праз шкло. У выніку Дашкевіч нават ня змог патлумачыць, за што яго зноў зьмясьцілі ў ізалятар. Паведаміў толькі, што яму па-ранейшаму не выдаюць для чытаньня Біблію:
Ён пісаў заяву, каб далі чытаць Біблію, яе не дазволілі.

«Вядома дакладна толькі тое, што зараз у яго зноў тэрмін 10 сутак карцэру, ён пісаў заяву, каб далі чытаць Біблію, яе не дазволілі».

Чарговыя 10 сутак карцэру для Дашкевіча заканчваюцца 28 лютага. Ці будзе гэты другі па ліку тэрмін апошнім, невядома.


Разам са Зьмітром Дашкевічам быў асуджаны за хуліганства за дзень да выбараў актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў, якога трымаюць у Івацэвіцкай калёніі. Больш як два тыдні ад Эдуарда няма званкоў. Маці палітвязьня кажа, што пад пытаньнем іх доўгатэрміновае спатканьне:

«На 2 сакавіка ён напісаў заяву на спатканьне, але ня ведаю, ці падпісалі, бо ад яго нічога няма. І я не магу дазваніцца. Буду спрабаваць зноў сёньня».


23 лютага жонкі Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі паведамілі, што сёньня ад мужоў зноў не было ні лістоў, ні званкоў.


Мікалай Статкевіч, паводле ягонай жонкі, даслаў ліст, у якім выказвае нязгоду з думкай некаторых беларускіх эмігрантаў, якія заклікалі палітвязьняў напісаць прашэньні аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Сам Статкевіч падпісваць прашэньне не зьбіраецца. Што піша пра сябе?

«Чытае, займаецца, скарыстоўвае свае прагулкі. Зараз нарэшце пачалі прыходзіць нармальна лісты, яму шмат пішуць. Ён выпісаў шмат газэт, у тым ліку недзяржаўных. Усё, што не ішло да яго ў Шклоў, туды нібыта ідзе», — кажа Марына Адамовіч пра магілёўскую турму.


«Хімік» Павал Севярынец на пачатку тыдня быў прыхварэў, нават прапусьціў два дні працы, а цяпер адчувае сябе добра і ўжо другі дзень як зноў працуе. Два дні таму Паўла ў спэцкамэндатуры наведаў амэрыканскі дыплямат Крыстафэр Паніка. Ягоны візыт «хімікі» згадваюць і сёньня:

«Для мяне было дзіўна, бо я думаў, што пасьля масіўнай апрацоўкі антыамэрыканізмам будуць нейкія крытычныя водгукі. Маўляў, гэтыя амэрыканцы прыехалі…Ніводнага. Ані сярод міліцыянтаў, ані сярод асуджаных антыамэрыканізму няма».


У менскім ізалятары на Акрэсьціна адміністрацыйныя арышты адбываюць ужо тры актывісты. Гэта Іван Шыла, Павал Вінаградаў і Аляксандар Арцыбашаў. Паводле праваабаронцаў «Вясны», ім перадалі ваду, лекі і прадметы гігіены.
XS
SM
MD
LG